Сьв. памяціАлег ШНЭК
(07.02.1930 - 16.08.2005)
У горадзе Мэльбурне ў Аўстраліі раптоўна памёр на сэрца грамадзкі дзеяч Алег Шнэк, Старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі.
Нарадзіўся Алег у Расеі ў сям’і афіцэра Чырвонай арміі, якога пасылалі служыць у розныя куткі СССР. У сям’і было трое дзяцей, старэйшы брат Уладзімер і малодшая сястра Ліна. У 1939 годзе сям’я Шнэкаў вярнулася ў родны горад Слуцк, дзе і застала іх 2-я Сусьветная вайна.
Пасьля вайны сям’я Шнэкаў апынулася ў беларускія лягеры ДП Ватэнштат у ангельскай зоне Нямеччыны. У лягеры Алег вучыўся ў Беларускай гімназіі й належаў да беларускіх скаўтаў, вельмі любіў спорт і браў актыўны ўдзел ў Беларускім Спартовым Аб’еднаньні.
У траўні 1950 году Алег разам зь сям’ёю прыбыў у Аўстралію. У 1951 годзе далучыўся да беларускіх скаўтаў, зьвяз Усяслаў Чарадзей. Скаўцкія зборкі адбываліся ў доме Шнэкаў на “Муні Пондс”. Ён быў адным з заснавальнікаў Беларускага футбольнага клюбу, аддзелу моладзі БВФ. Чатыры гады Алег гуляў у беларускай футбольнай дружыне “Зубр”, а пасьля футболу гуляў у валейбольнай дружыне “Глэнрой”.
Першыя шэсьць гадоў ён працаваў на чыгунцы, а пасьля пайшоў працаваць на абутковую фабрыку, бо хацеў вучыцца тэхнічнаму чарчэньню на вячэрнім аддзяленьні Мэльбурнскага тэхнічнага інстытуту. Пасьля чатырох гадоў вучэньня атрымаў працу на тэлефонным прадпрыемстве “Эрыксон”. Скончыў сваю працу ён галоўным чарцёжнікам.
Пасьля выхаду на пэнсію стаў вельмі актыўным у беларускім грамадзкім жыцьці. Належаў да ўсіх беларускіх арганізацыяў у Мэльбурне. З студзеня 1992 году прызначаны Кіраўніком Краёвага штабу БВФ на Аўстралію. Алег Шнэк быў дэлегатам ад Фэдэральнае Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі на І-м Зьезьдзе ЗБС “Бацькаўшчыны” ў Менску 8-10 ліпеня 1993 году.
Алег Шнэк пакінуў у смутку жонку Ніну і двух сыноў ( ад першага шлюбу) Жоржа і Петрыка.
Пахавальны абрад выканаў 22 жніўня 2005 году а. Аляксандар Кулакоўскі у саслужэньні а. Юрыя. Мясцовая царква (БАПЦ) не магла зьмясьціць усіх людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Алега Шнэка. Ён быў вельмі папулярнаю асобаю ня толькі сярод беларусаў, але і сярод людзей іншых нацыянальнасьцяў, а іх прыехалў цэлы аўтобус на беларускія могілкі на “Фоўкнэр”, каб аддаць яму апошняе разьвітаньне. Труна нябожчыка была пакрытая бел-чырвона-белым сьцягам. Над магілаю прамову сказаў Аўген Груша, быў адсьпяваны жалобны марш “Сьпі пад курганам герояў”.
Беларуская грамада Мэльбурну страціла шчырага і адданага беларуса, які доўгія гады працаваў і змагаўся за лепшую долю сваёй Бацькаўшчыны.
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ.
Аўген ГРУША, Старшыня Фэдэральнай Рады БАА
Арсень МОНІД
( 15.08.1925 - 28.07.2005)
Арсень Монід нарадзіўся 15 жнівеня 1925 году ў вёсцы Хатуцічы на Віленшчыне.
Асьвету здабываў у Маладэчна.
Эміграваў у Парыж, у Францыі, дзе браў удзел у жыцьці Згуртаваньня Беларусаў. Адтуль выехаў у Канаду. Працаваў у вялікай кампаніі Масэй Фэргюсон у Брантфардзе ля Таронта.
Памёр пасьля доўгай і цяжкай хваробы 28 ліпеня сёлета. На яго жаданьне цела спалілі ў крэматорыі.
Арсень Монід належаў да тых рэдкіх ахвярных беларускіх патрыётаў, якія кіравалі нашым нацыянальным, грамадзкім і рэлігійным жыцьцём у Канадзе.
Шчырыя спачуваньні радні Арсеня Моніда.
ВЕЧНАЯ ЯМУ ПАМЯЦЬ!
К. АКУЛА
Валянтын МІЦКЕВІЧ
( 03.09.1918 - 19.08.2005)
У Нью Ёрку, далёка ад Бацькаўшчыны на 87 годзе жыцьця скончыў свой цярністы шлях Валянтын Міцкевіч, сын Міхаліны, сястры Якуба Коласа.
Ад нараджэньня Валянтын жыў у Мікалаеўшчыне разам з бацькамі да часу, калі выбухнула 2-я Сусьветная вайна. Служыў у Польскім войску, удзельнчаў у абароне Варшавы, калі немцы напалі на Польшчу, але нямецкага палону яму ўдалося пазьбегчы.
Пасьля вайны ў тадышнім ліхалецьці Валянтын Міцкевіч апынуўся ў Францыі. Вучыўся ў Парыжы, быў актыўным у беларускіх арганізацыях, належаў да выдавецкай суполкі часапісу “Моладзь”.
У 1961 годзе іміграваў у ЗША (Нью Ёрк), дзе ўжо раней пасяліўся ягоны брат Алесь і дзядзька Міхась Міцкевіч. Валянтын належаў да парафіі царквы Сьв. Кірылы Тураўскага на Рычмонд Гіл, быў сябрам управы аддзелу БАЗА, а жыў на Фляшынгу.
Пахаваны на беларускіх могілках у Іст Брансўіку, Нью Джэрзі.
Пакінуў у вялікім смутку жонку Таісу, брата Алеся і ягону жонку Тэрэсу, і іх дачок Марыю і Ялянту ды ўнука Юзіка.
Няхай памяць па ім трывае вечна.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.