| | | | РэцэнзіяПанявераныя беларускія жаўнерыМіхась ШВЭДЗЮК, АнгліяБеларусы ў бітве за Монтэ-Касіна. Артыкулы. Дакумэнты. Бібліятэка Бацькаўшчыны. Мінск 2004 г. Бачын 121, фотаў 24, дакумэнтаў 2.
Можа, сэрцу мне даць адпачынак На аблоні суцішных вятроў? Макі, макі на Монтэ-Касіна Беларуская жывіць кроў. Міхась КАВЫЛЬ
У 2004 годзе выйшла другая кніга маладога беларускага гісторыка Юрыя Грыбоўскага аб беларусах, якія ваявалі ў Італіі ў складзе Польскага ІІ-га корпуса, які быў пад брытанскім камандаваньнем. Гэтая кніга ёсьць прысьвечаная толькі бітве за Монтэ-Касіна ў 1944-м годзе.
Напачатку ў змаганьні за Монтэ-Касіна бралі ўдзел розныя вайсковыя часткі зь вялікімі стратамі, але без посьпехаў. Потым было даручана Польскаму ІІ корпусу пад камандаваньнем генэрала Ўладыслава Андэрса (колішняга царскага афіцэра) штурмаваць і заняць кляштар на Монтэ-Касіна і гэтым адкрыць дарогу на Рым. Разьмяшчэньне кляштара на гары было вельмі добрым для абароны, якую там трымалі нямецкія парашутысты. Яны бараніліся з тэўтонскай зацятасьцю, не здаваліся.
Пасьля цяжкіх кравапралітных баёў, зь вялікімі стратамі ў жаўнерах, Польскі корпус здабыў Монтэ-Касіна 18.05.1944 г. і вывесіў там свой нацыянальны сьцяг. Дзеля таго, што ў Польскім корпусе было шмат беларусаў, Юры Грыбоўскі зацікавіўся гэтым, вынікам чаго і стала вышэйназванае выданьне.
Кніга складаецца з пятнаццаці частак. У ёй ёсьць артыкулы розных аўтараў, фатаграфіі, дакуманты й перадрук успамінаў Пятра Сыча пад назовам “Сьмерць і салаў’і”. Такі падбор матар’ялаў дае кнізе ня толькі больш цікавасьці, але і робіць яе вартасьць большаю.
Эпіграфам да кнігі выбраны сумны верш Міхася Кавыля пад назваю “Макі”. Потым ідзе прадмова Хведара Кажаневіча, удзельніка бітвы за Монтэ-Касіна, тады 19-гадовага жаўнера. Х. Кажаневіч ёсьць родам зь вёскі Любельполь каля Пінску. 10.02.1940 г. яго разам з усёю сям’ёю Саветы брутальна вывезьлі на катаргу ў Архангельскую вобласьць. Каб уратаваць сваё жыцьцё і сваіх родных ў 1942-м годзе ён без усялякага польскага патрыятызму уступае ў польскае войска, якое тады фармавалася ў Узьбэкістане. Ягоная прадмова будзе добрым гістарычным тлумачэньнем удзелу беларусаў ў бітве за Монтэ-Касіна.
Укладальнік кнгігі Ю. Грыбоўскі апісвае гісторыю ўтварэньня польскага войска ў СССР у 1941-42-м гадох: як і чаму польскія грамадзяне апынуліся ў СССР, у якіх абставінах і дзе пачалі арганізоўваць войска; якая была ягоная мэта; як ставіліся Саветы й польскі ўрад у Лёндане да гэтай справы; нацыянальны і рэлігійны склад войска; цяжкасьці, зь якімі сутыкнуліся беларусы, былыя грамадзяне Польшчы, якія хацелі ўступіць да гэтага войска (вымаганьні Саветаў і палякаў); выезд у Іран у 1942-43 гадох і г. д. Усё гэта апісана бяз патасу, навукова, дэтальна і аб’ектыўна.
У кнізе ёсьць перадрук успамінаў Пятра Сыча, афіцэра-беларуса, удзельніка бітвы за Монтэ –Касіна. Гэтыя ўспаміны друкаваліся першы раз у беларускай эміграцыйнай газэце “Бацькаўшчына” ў 1963-64 гадох. Успаміны не былі закончаныя, бо аўтар заўчасна памёр. У Беларусі яны друкаваліся ў часапісе “Полымя”.. Няма сумневу, што сьв. памяці Пётра Сыч меў вялікія мастацкія здольнасьці да пісаньня. Ягоныя апісаньні людзей, падзеяў, духоўных і фізычных перажываньняў жаўнераў перад і падчас бітвы належаць да найлепшых у беларускай эміграцыйнай літаратуры. Шкада, што заўчасная сьмерць не дазволіла яму скончыць распачатую працу.
У кнізе ёсьць сумны для чытаньня “Сьпіс беларусаў і нараджэнцаў Беларусі, палегшых падчас бітвы за Монтэ-Касіна й пахаваных на тамтэйшых могілках”. У гэтым сьпісе ёсьць 180 прозьвішчаў. Сярод іх аж 47 асобаў былі праваслаўнай веры й адзін грэка-каталік, г. зн. 26,67% альбо трохі больш за чвэрць ад агульнай колькасьці. Мы ведаем аднак, што праваслаўных беларусаў загінула нашмат больш, бо многія зь іх, каб уступіць у польскае войска ў СССР мусілі падавацца за палякаў і рыма-каталікоў.
У сваёй прадмове Хведар Кажаневіч наракае, як прыкра і сорамна бачыць, што ўнёсак беларусаў у здабыцьцё Монтэ-Касіна дасюль ніколі й нідзе не ўзгадваецца. Беларусы ваявалі, пралівалі кроў і аддавалі свае жыцьці ў чужых краёх, у чужых мундзірах, пад чужымі сьцягамі, за чужыя справы, часам нават сярод варожа да іх настроенага асяродзьдзя. І цяпер, пасьля 60-ці гадоў, мала хто аб іх ведае і ўспамінае на Бацькаўшчыне.
Дазволю сабе зрабіць адную заўвагу. Тут, у Англіі, палякі часамі наракаюць, што ангельцы не заўсёды ўспамінаюць пра ўдзел палякаў на заходніх франтах. Дзіўна такое чуць, бо самыя палякі ніколі не прыгадваюць пра ўдзел беларусаў у іхнім войску.
Кніга Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна” ўжо ад даўжэйшага часу была патрэбная. Яна выносіць на выяў забытых, панявераных і закляймаваных Саветамі “андэрсаўцаў”-беларусаў, якія ваявалі з агульным ворагам – фашызмам. Яны ўступалі ў польскае войска ў СССР не з вялікай ахвоты, але з-за тых абставінаў, у якіх апынуліся па віне Саветаў. Беларусы апынуліся ў СССР таму, што ў 1939 годзе трапілі ў савецкі палон і былі вывезеныя на ўсход, ці брутальна вывезеныя цэлымі сем’ямі на катаргу. Дык ці можна дзівіцца, што гэтыя людзі хацелі ўступіць у польскае войска у СССР, каб толькі выехаць з “савецкага раю”, які стаў для іх сапраўдным пеклам?
Успамінаю “панявераных беларусаў” былых жаўнераў польскага войска, бо трэба памятаць, што па вайне многія зь іх вярнуліся да сваіх родных у Беларусь. А там яны зараз-жа аказаліся пад надзорам. Якуб Конан, які вярнуўся на Бацькаўшчыну ў 1948-м годзе ўспамінае, што “...мясцовыя ўлады мелі загад сачыць за намі...” І сачылі! Але гэтага было замала, бо ў праклятую ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951-га году ўсіх іх разам зь сем’ямі Саветы арыштавалі й вывезьлі на катаргу ў Іркуцкую вобласьць.
Дзякуючы кнігам, артыкулам і руплівасьці сп. Грыбоўскага памяць аб беларусах-“андэрсаўцах” вяртаецца на Бацькаўшчыну, як птушка з выраю. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |