Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Нашая фанатэка
Голас рок-пакаленьня

Вітаўт МАРТЫНЕНКА

“Сьвятлічка”, Моладзевае літаратурнае аб’яднаньне, Баранавічы, 2005, “Беларуская пэрспэктыва”.

Бадай, не ўпершыню ў межах рубрыкі “Нашая фанатэка” мы ўзьнімаем пытаньні дзіцячай творчасьці ў нашым усё яшчэ забраным чужынцамі краі. Літаральна ў № 498 за ліпень 2004 году рэцэнзаваўся музычны дыск “Я люблю ліцэй: веру ў цябе”, створаны навучэнцамі забароненай цяперашнімі ўладамі апошняй беларускамоўнай адукацыйнай установы ў Беларусі – славутага коласаўскага ліцэю. А вось цяпер новы выдавецкі праект, створаны – гэтак мовячы – на пэрыфэрыі, які паказвае, што беларускі дух не ўмірае нават пад прэсынгам ґвалтоўнай расейскай адукацыі. Як у папулярнай падчас нядаўняй памаранчавай рэвалюцыі ўкраінскай песьні: “Дух не вмирає, дух не згаса”.

Зрэшты, перш чым гаварыць пра новае выданьне, варта згадаць тых, дзякуючы каму яно сталася магчымым (бо не лукашэнкаўскае-ж міністэрства культуры будзе ўкладваць грошы ў культуру менавіта БЕЛАРУСКУЮ; гэтага ўжо й не чакае ніхто, ім бы славянафільскія базары каўбасіць, дзе багацьця славянскага шматгалосься чуваць усё менш). Беларуская культура падтрымліваецца сьвядомымі беларусамі сьвету.

Мы ня раз згадвалі ў нашым цыкле публікацыяў вядомы дабрачынны фонд “Orsa-Romano”. Аказваецца, ён падтрымлівае ня толькі сур’ёзныя прамысловыя культурніцкія ініцыятывы (выданьне альбомаў славутых беларускіх гуртоў “Стары Ольса”, “Guda”), але й сьціплыя прыватныя праекты.

Сьціплыя? Так, баранавіцкі энтузіяст краязнаўчай справы Алесь Бакач ня здолеў пакуль выйсьці на глябальныя прад’юсарскія цэнтры, авалодаць вялікімі прамысловымі тыражамі, дык падрыхтаваны ім прадукт зусім ня йдзе ў канве жорсткіх законаў шоў-бізнэсу, але калі-небудзь мы ўсё-ж станем цывілізаваным народам, які жыве не пражоўваньнем насыпанай кімсьці жвачкі, а асэнсаваньнем досьведу свайго пройдзенага шляху. Вось падыйдзем тады ў CD-краме да паліцы “Літаратурныя запісы. Гісторыя” і што там знойдзем? Ну аповесьць Караткевіча “Ладзьдзя роспачы” ў вэрсыі “Старога Ольсы”, ну яшчэ Багдановічаўскі “Вянок” пры Саветах нехта паспрабаваў асэнсаваць... І ўсё?

Вось тады пільныя й прыгадаюць гэты баранавіцкі літаратурны праект Алеся Бакача з утульнай і цёплай назвай “Сьвятлічка”, які распачаў сваю дзейнасьць у 2004 годзе, а ўжо к лету 2005 падрыхтаваў гэтае выданьне (і хай наклад вельмі сьціплы, усяго некалькі дзесяткаў асобнікаў, але сур’ёзна й прафэсыйна зроблены). І калі вы чулі што-небудзь пра даволі вядомую ў гэтым горадзе літаратурную суполку “Сьвятліца”, дык зможаце здагадацца, што тут ад яе адгалінаваўся й дзіцячы парастак. Ну як-жа ня думаць пра будучыню?

“Куды падзецца сёньня юным беларусам, якія маюць розум і мужнасьць размаўляць на роднай мове ды яшчэ й пішуць на ёй свае творы? – піша ў уступным слове кіраўнік суполкі Алесь Бакач. І адразу-ж пераконвае: – У Баранавічах “Сьвятлічка” для беларусаў ёсьць! Гэта беларускае літаратурнае аб’яднаньне старшаклясьнікаў, створанае ў верасьні 2004 году пры грамадзкай арганізацыі “Творчае згуртаваньне “Сьвятліца”.

Гартаючы мультымэдыйныя файлы гэтага выданьня (вершы юных паэтаў, артыкулы з баранавіцкай прэсы пра жыцьцё суполкі, уласны фотаархіў, дзе ня толькі моманты сяброўскіх узаемаабмеркаваньняў, але й падарожжы па знакавых мясьцінах роднай зямлі, сустрэчы зь вядомымі людзьмі, сапраўды культавымі асобамі – бардамі Алесем Камоцкім і Эдуардам Акуліным, пісьменьнікамі Барысам Пятровічам і Зьміцерам Вішневым, паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Сержам Мінскевічам), я міжволі прыгадаў сваё літаратурнае юнацтва ў падобнай літаратурнай суполцы “Тутэйшыя”. Менавіта-ж адтуль выйшлі знакамітыя цяпер Анатоль Сыс, Міхась Скобла, Адам Глёбус, Андрэй Федарэнка... Дык вось і цікава ўглядацца ў гэтыя дапытлівыя абліччы юных творцаў: каму зь іх наканавана будзе стаць сымболем заўтрашняй Беларусі? Мо гэта здолее адзінаццаціклясьнік Іван Сякерын, які віртуозна інтэрпрэтуе ў сваіх вострасучасных вершах вобразы беларускай клясыкі, услухоўваючыся ў коласаўскія радкі:

Вось два чалавекі ў палескай глушы –
Андрэй Лабановіч зь Ядзьвісяй,
на ростані іх, на шляховым крыжы
сышліся дый зноў разышліся.

А мо лёс будзе больш зычлівы да ягонай равесьніцы Ірыны Крыкалы, якая ў сваім юначым узросьце здольная ўжо фармуляваць глыбокія філязофскія асэнсаваньні важнасьці мовы, слова ў чалавечым жыцьці. Вось што яна піша ў сваім вершы “Сьвятая Мова”:

Калісьці, акрываўленая, ты
прайшла кругі ня Дантавага пекла:
з табой гарэлі вёскі, гарады...
А ты, аднак, Сьвятая, уваскрэсла.

Баючыся няўдзячнай ролі прарока (пакуль аднаму напрарочыш, другому насурочыш і... напорасься на крыўды), сьпяшаюся ў гэтай рэцэнзіі адно зафіксаваць сваю радасьць адкрыцьцяў. Гэта радасьць наўзор пачуцьця грыбніка: ён менш радуецца, купляючы на базары цэлы кошык адборных грыбоў, затое невымоўныя пачуцьці абуджае адзін прыгожы абабак ці нават масьляк, асабіста сустрэты ў лесе пад елкай. Вось і я, слухаючы й праглядаючы гэты дыск, быў гэткім грыбніком, які адкрывае тое, што яшчэ ніхто не кранаў.

Слухаючы? Так! Асноўная частка дыска – гукавая. На фоне гукаў клясычнай музыкі дзеткі самі чытаюць свае вершы й кароткія апавяданьні. І гэта яшчэ больш правакуе на глыбейшае асэнсаваньне, а потым усё-ж і на прароцтвы, бо рэальныя таленты, яшчэ нікому ня ведамыя, разгортваюцца перад табой: Алена Кандратчык, Аксана Купчынская, Дар’я Логінава, Алена Муха, Насьця Курач, Алена Квашына, Яўгенія Макарава, Надзея Хвалько, Ірына Мартынава, Алена Дзянішчык... Але ад прароцтваў я ўсё-ж устрымаюся.

Лепш асобна сказаць пра мастацкую аздобу выданьня, бо ўжо ў ёй праглядае сьпеласьць творчых памкненьняў: на тле даматканага ручніка, узятага з Баранавіцкага краязнаўчага музэю сфатаграфаваная творчая інсталяцыя “Рух” баранавіцкага мастака Алеся Фалея. Пры чым у натуральным выглядзе гэтыя элемэнты аздобы можна паглядзець асобна на мультымэдыйных файлах дыска.

Глядзіш гэтак на агульнае каляровае фота сяброў суполкі “Сьвятлічка” пад трэем дыска (прыгожыя дзяўчынкі й хлопчыкі, беларускія плякаты, рок-н-рольныя зоркі, музычны цэнтар “Panasonic”) і думаеш: ну вось яны, джынсавікі, рок-н-рольнае пакаленьне, якім нас палохалі тутэйшыя ўладатрымальнікі розных часоў, а ў душах у іх больш жывога й чалавечага, чым у іхніх самазваных кантралёраў. Дык таму й жыве Беларусь!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы