Віталі ЦЯРПІЦКІ, “астроўшчык”Запісаў Аляксандр АДЗІНЕЦВіталі Цярпіцкі пераехаў у ЗША 55 гадоў таму. Ён асеў у Саўт-Рывэры — адной з найбуйнейшых беларускіх калёніяў у ЗША. Гэты горад у штаце Нью-Джэрзі, нібы магніт, прыцягваў да сябе прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады. Сёньня яны ўжо не вядуць публічнай палітычнай працы. Віталі Цярпіцкі — адзін з апошніх, хто застаўся ў жывых сапраўды дзейных прыхільнікаў Радаслава Астроўскага. Але сп. Цярпіцкаму ёсьць аб чым успомніць і акрамя палітыкі, якая пасварыла лепшыя беларускія розумы за мяжою.
Папоўскі сын — савецкі чэмпіён
Нарадзіўся я 3 лютага 1923 году ў мястэчку Івянец, што ў Валожынскім павеце. Краявіды Івянца амаль сьцерліся ў памяці, куды лепей памятаецца вёска Войцінава, дзе разьмяшчаліся царква й вялікі сьвятарскі дом, дзе мы жылі. У мяне былі два браты й сястра — Ігар, Лёва і Тася. Бацька Антон быў у Івянцы сьвятаром. Тату за царом выслалі ў Сібір, там ён працаваў лекарам. Мама Зінаіда, з роду Трацьцякоў, казала, што ейная сям’я мела далёкія сваяцкія сувязі зь сямействам Трацьцяковых, заснавальнікамі славутай галярэі ў Маскве.

2-гі Польскі корпус, Італія: Міхась Наумовіч, Язэп Арцюх, Віталь Цярпіцкі.

Нясьвіжская настаўніцкая сэмінарыя, 1943 год, Віталь Цярпіцкі справа ў белай кашулі.
У 1928-м годзе бацьку перавялі ў парафію Доры. Сьвятарская сядзіба была ля самай царквы на ўзгорку, унізе — багатая на рыбу і на ракаў рэчка. Па другі бок ракі — фальварак Кушалеў. У частцы хаты малодшага сына Вінцэнта Кушаля — Казімера, які, узяўшы шлюб, аддзяліўся ад бацькоў, месьцілася 3-х клясная школа. Неяк улетку ў Доры прыехаў другі сын Кушаля Франц з жонкаю і шмат гасьцей. Сяляне казалі, што сын — кадравы афіцэр у польскім войску. Памятаю, як апранутыя ў прыгожыя сукенкі сялянкі забаўляліся, разьбіваючы пракосы сена. Ніхто ў вёсцы ня ведаў, што жонка афіцэра – беларуская паэтка, Натальля Арсеньнева.
Ва ўзросьце адзінаццаці гадоў, па заканчэньні чацьвертай клясы, бацькі адправілі мяне ў Вільню, дзе ў духоўнай сэмінарыі вучыўся старэйшы брат Лёва. У Вільні з мамаю мы абышлі ўсе школы, аднак мяне нідзе не ўзялі, бо я быў сынам праваслаўнага сьвятара. Па пратэкцыі знаёмага місіянэра, айца Рагальскага, мяне прынялі ў расейскую школу. У першы год я — вясковы хлапчук, — ня ведаючы расейскай мовы, шмат нацярпеўся, хуліганы ня раз падбівалі вока, бо ня ўмеў біцца. Улетку я шмат працаваў на гаспадарцы, навучыўся касіць, карчаваць пні, добра вырабіў мускулы, і з пачаткам новага навучальнага году адпомсьціў “героям”.
У 1936-м бацьку перавялі ў парафію Далматаўшчына за шаснаццаць кілямэтраў ад Міру. Рэчы перавозілі цераз Налібоцкую пушчу вазамі. Калёсы былі драўляныя і, каб лепей круціліся, змазвалі масьлякамі, на якія была багатая пушча.
Па сканчэньні шасьці клясаў, паспрабаваў паступіць у Наваградзкую польскую гімназію імя Міцкевіча, але праз абмежаванасьць месцаў быў адкінуты. Пайшоў у Віленскую гімназію імя Пушкіна, да якой далучылі жаночую гімназію. Калі Вільня адышла да летувісаў, паехаў у Наваградак, дзе ўсё-ж паступіў у гімназію. За Саветамі ў гімназіі пачалося выкладаньне расейскай мовы, і я быў адным зь нямногіх, хто яе ведаў. Часта прамаўляў на палітычных зьездах, быў чэмпіёнам па лыжных гонках на 20-30 кілямэтраў і перамагаў моцных савецкіх “байцоў”. Удзельнічаў нават у спаборніцтвах у Жданавічах.
“Сьведамы беларус”
Аднойчы выглядваю ў вакно: савецкіх танкаў — не пералічыць! Жыхары вёскі Доры, што рабілі цудоўныя сыры, кінуліся да жаўнераў: частуйцеся! Тыя толькі адмахваліся, думалі, што нейкую бомбу суюць — аніводнага разу ў жыцьці сыру ня бачылі.
Карціна адступленьня савецкіх войскаў на ўсход была жудаснай: хто на чым, хто як мог уцякаў, без аглядку пакідалі заходнія межы СССР. Кідалі па дарозе машыны, зброю, а пад Бугам-жа стаяла трохмільённае войска!
Немцы з пашанаю ставіліся да людзей, пакуль не пачаўся партызанскі гвалт — найгоршая зьява падчас вайны. Некаторыя савецкія байцы заставаліся ў мясцовых жыхароў і, чакаючы заканчэньня вайны, пачуваліся шчасьлівымі людзьмі. Іншыя на прапановы застацца адказвалі: “Мы идем освобождать матушку-Россию от жидов и коммунистов”... Калі пачалася партызанка, таго, хто застаўся, пазганялі ў лясы — і пачалася бяда. Памылка немцаў заключалася ў тым, што яны пайшлі па сьлядох “чырвоных”, зьдзекуючыся зь беларусаў, якія пры іншай палітыцы маглі знайсьці ў немцах саюзьнікаў.
Я спачатку працаваў настаўнікам першай-трэцяй клясы пачатковай школы, а ў 1942-м паступіў на трэці курс настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы. Там у маім жыцьці і наступіў нацыянальны пералом: упершыню адчуў сябе сьведамым беларусам. Усе акружэньне, якое выхоўвала маладое пакаленьне ў нацыянальным духу, было беларускім. Сялянская моладзь хлынула ў Нясьвіж (дарэчы, там разам з Якубам Коласам вучыўся і мой бацька), каб здабыць магчымую на той час сярэднюю адукацыю. Калёны сяброў Саюзу Беларускай Моладзі, бадзёра маршыруючы па цэнтры гораду, магутнай песьняй ажыўлялі яго.
У пачатку чэрвеня 1944 году скончыў сэмінарыю і задумаўся: што рабіць далей? У Менску якраз адкрылася афіцэрская школа, у якую масава запісаліся сэмінарысты. У тым ліку і я. 12 чэрвеня перад Нясьвіжскай ратушай, дзе і месьцілася сэмінарыя, пад гукі аркестру, які выконваў нацыянальны гімн “Мы выдзем шчыльнымі радамі”, адбылося разьвітаньне зь сябрамі. На грузавіках даехалі да Гарадзеі, адтуль — да Менску цягнікамі. Але сталіца зрабіла непрыемнае ўражаньне: вакол Афіцэрскае школы было шмат зруйнаваных будынкаў. Нашыя курсанты ў часе правядзеньня Другога Ўсебеларускага Кангрэсу ахоўвалі будынак гарадзкога тэатру.
Яшчэ да ад’езду ў Менск прыехаў да бацькоў, каб, магчыма, у апошні раз іх убачыць. Мама, толькі мяне прымеціла, падбегла і кажа: “Сынок, хавайся хучэй! Прыходзіў па цябе Цыбульскі...” Гэта быў мой стары сябра зь Вільні, я вучыў яго знаёміцца зь дзяўчатамі. Цыбульскі шанаваў мяне і прайшоў з партызанскім атрадам 35 кілямэтраў, каб і мяне далучыць да партызанаў. Раз прыйшоў — мяне няма, другі — зноў няма. Сказаў, калі ня будзе ў трэці, бацькі будуць зьбітыя.
Франтавыя лініі лесу
Раніцою 28 чэрвеня 1944-га прыйшоў загад пакінуць Менск. Напрамак — Вільня. Дабіраліся, хто як мог. Праз тры дні сустрэліся на адной з ускраінаў роднага для мяне, яшчэ не кранутага вайною гораду. Зьведаў знаёмыя месцы, у раёне Новы Сьвет спаткаў сяброўку з расейскай гімназіі. Мяне вельмі зьдзівіла, што Мілачка добра гутарыла... па-беларуску! Праз некалькі дзён курсантаў пагрузілі ў таварныя вагоны. Ня ведаю чаму, але нас перавозілі з адной станцыі на другую. Раптоўна горад быў асьвечаны лямпамі, бомбы засыпалі ўсю чыгунку, паўсюды — крыкі й стогны параненых сяброў... Я кінуўся на ўцекі і дабег ажно да Парубанка — лётнішча за пяць кілямэтраў ад гораду. Уся Вільня была ў вагні. Назад вярнуўся пад вечар: забітых і раненых ужо прыбралі.
Выехалі на Коўна, пхалі вагоны пад горку. Ад’ехаўшы колькі кілямэтраў ад Вільні, назіралі другі налёт на горад. Урэшце, высадзіліся непадалёк Варшавы. Спаткалі варшаўскіх паўстанцаў, якіх вывозілі ў Нямеччыну. У пачатку жніўня ўсе беларускія вайсковыя адзінкі затрымаліся ў Прусіі ля Кёнігсбэргу. Прайшла чутка, што школу перакінуць на Балканы. Нам гэта спрыяла, бо думалі, што адтуль будзе лягчэй уцячы – тады ўсе разумелі, што Нямеччына вайну прайграе. Аднак загад быў зьменены: на Паўдзённую Францыю! Праз зруйнаваную вайною, патанулую ў попеле Нямеччыну даехалі да Бэзансону. Два дні ішлі пехатою каля швэйцарскай мяжы. І тут новы загад: назад... у Нямеччыну.
Тут і пачалося масавае будаўніцтва плянаў, дзе і калі перайсьці да францускіх партызанаў. Гэтыя падзеі шырока апісаў сябра афіцэрскай школы Кастусь Акула у сваіх “Змагарных дарогах”. На трэці дзень апоўначы адважныя сябры пайшлі ў “наступ” супраць францускіх партызанаў. Трусьлівыя засталіся. Жахлівы гэта быў учынак з нашага боку. Спачатку ня мелі аніякага кантакту з французамі, але трэба было ратаваць жыцьцё. Хаваліся па лясох, вёсках. Голад, вошы. Урэшце ў вёску, у якой мы сядзелі ў вадзе пад трасьніком, хаваючыся ад немцаў, прыйшлі амэрыканцы. Зь якой радасьцю мы сустрэлі жаўнераў ЗША! Нас накармілі, галава абалдзела ад францускай сьлівавіцы. Але радасьць была кароткай: французы “прадалі” нас як палонных. У адной зь вёсак здабылі мы новую прафэсію: капальшчыкі магіл. Прызвычаіліся, галоўнае, што засталіся жывымі. Праз тры месяцы, на новым месцы, нас далучылі да арміі Ўласава. Мы ведалі, што пасьля вайны будзем рэпатрыяваныя на “радзіму”, таму як былыя грамадзяне Польшчы запісаліся ў Польскі корпус генэрала Андэрса.
Чатыры дні мерзьлі на амэрыканскім параплаве, які з Марсэлю вёз нас у Італію. Падчас рэгістрацыі настаяў, каб мяне запісалі беларусам. Калі называў прозьвішча, падыходзіць фэльчар: “Як тваё прозьвішча? Цярпіцкі?.. Сын сьвятара? Ты мяне не пазнаеш?” Аказалася, што гэты чалавек шчапіў мне ў дзяцінстве воспу ... Спаткаў я на вайне і іншых старых знаёмых. Быў у нашай весцы прафэсыйны злодзей, які краў сыры. Ад палякаў ён адкупаўся грашыма, а Саветы хутка “пасадзілі” яго на цягнік у Сібір. Ехаў я аднойчы па вайсковых справах. На кожным прыпынку пытаюцца: адкуль пан прыехаў? Калі ў чарговы раз адказаў, мне і расказваюць: “Ведаем твайго земляка, багаты чалавек!” Зарганізавалі сустрэчу — во, гэта-ж наш злодзей! Расказаў, што праз гандлёвыя махлярствы, прадаючы ці соль, ці віно, зарабіў столькі грошай, колькі іншым і ня сьнілася. Я расказаў, што жывая ягоная жонка. З дапамогай Чырвонага крыжу ён даслаў ліст. Тое-ж зрабіў і я: бацькі даведаліся, які лёс напаткаў сына. Дарэчы, яшчэ пры Саветах мама і Тася наведалі мяне ў Амэрыцы. Маме тады было ўжо 80 гадоў...
Нанова народжаны
Пасьля рэгістрацыі я быў прыпісаны да школы падхарунжых. Прайшоў допыт “двойкі”, вельмі добра выказаўся аб паляках, бо насамрэч быў ім удзячны за тое, што выратавалі жыцьцё мне і сябрам. Праз два тыдні вучобы ў школе падхаронжых мяне звольнілі, матывуючы гэта тым, што быццам бракавала польскай адукацыі – гады навучаньня не пры польскім рэжыме не залічваліся. Абражаны й раззлаваны, мусіў вяртацца на фронт. Але-ж разьнюхаў навіну, што на поўдні Італіі хутка будзе адчынены матуральны курс. Падгаварыў сяброў ад’ехаць як мага далей ад фронту. Пакуль вучыліся — вайна і скончылася. Вучыўся з намі і айцец Надсон.
Потым уладкаваўся загадчыкам палявой праваслаўнай капліцы 7-й дывізіі, маючы асобнае памешканьне. У чэрвені 1946-га году наш корпус перавялі ў Англію. Пазнаеміўся там з багатай бязьдзетнай сям’ёю Джо Проктара. Яны прынялі нас зь сябрам у сваім доме, дапамаглі знайсьці працу. Так сталі мы хіба што першымі жаўнерамі, якія пачалі працаваць.
Пачаўся новы этап жыцьця: зарабляючы собскія грошы, пачуваўся чалавекам, жыў у шыкоўных умовах. Пасьля пераехаў у Брадфард, каб заступіць на працу ў буйную тэкстыльную фабрыку. Там пазнаёміўся зь беларускімі патрыётамі, разам зь якімі падтрымліваў беларускасьць у Ангельшчыне. У эмігранцкай праваслаўнай царкве сустрэўся з прыгожай дзяўчынай Жэняй Ермалінскай, зь якой 14 кастрычніка 1950 году ўзяў шлюб. Пераехаў жыць да Жэніных бацькоў, якія набылі добры дом у блёку. Грошы быццам зь неба сыпаліся, аднак у Англіі мы былі пазбаўленыя ўсялякіх пэрспэктываў.
Наш добры знаемы, айцец Мікалай Краўчанка, выслаў запрашэньне ў ЗША, і ўжо 21 лістапада 1950 году на параплаве мы прыбылі ў Нью-Йорк. Адразу паехалі ў Саўт-Рывэр, дзе існавала беларуская калёнія. Уключыліся ў беларускае жыцьцё, ад якога я не адышоў і па сёньня.
Набыў, урэшце, цікавую, нестандартную дасьледчую работу у хімічным аддзеле буйной кампаніі. Адпрацаваў там ажно 25 гадоў! У 1954-м нарадзілася дачка Леаніла, а 1956-м купілі хату, шмат падарожнічалі па сьвеце — вельмі добра жылі. Аднак Жэня цяжка захварэла і 11 лютага 1991 году памерла. Яшчэ пры яе жыцьці мы дамовіліся, што ў выпадку сьмерці аднаго з нас пазасталая асоба будзе шукаць новага партнёра для нармальнага жыцьця. Аднаму пасьля столькіх гадоў сямейнага жыцьця быць дрэнна, пачуваешся воўкам у лесе. Завітаў неяк у Пітсбург, дзе жыла аўдавелая дачка Мікалая Краўчанкі Іра Аўдзей. Зь ёй і ейным будучым мужам Аляксандрам Аўдзеем я спаткаўся ў 1945-м у Італіі. Вянчаў нас мой пляменьнік, япіскап Леў 5 верасьня 1992-га году ў Вялікім Ноўгарадзе.
“Сорам здраднікам!”
Як кажуць — “астроўшчык”! Так, я стаў сьведамым беларусам падчас 2-й сусьветнай, а гэта эпоха цалкам зьвязаная зь імем прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага. І сорам тым, хто здрадзіў нашаму адраджэнцкаму руху! Бог ім судзьдзя.
Я ўжо стары чалавек, але куды ад гэтай палітыкі схаваешся? Адыходзяць лепшыя людзі, якіх мы хаваем на адзіных у сьвеце беларускіх могілках у Саўт-Рывэры. Але трэба цягнуць гэты воз далей. Прозьвішча абавязвае... Але пасьля пабудовы царквы Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, Беларускага грамадзкага цэнтру можна паміраць спакойна. Афіцыйна ніякіх становішчаў у БЦР я не займаў. Адразу сказаў, што не зьбіраюся гуляць у салдацікі, як БНРаўцы. З адыходам Астроўскага эпоха БЦР скончылася. Я і Міхасю Зую (трэці прэзыдэнт БЦР, які жыў у Аўстраліі — А.А.) радзіў паставіць кропку.
Што-б не здаралася, здавацца не зьбіраюся — як і дзесяцігодзьдзі таму, беларускай справе адданы цалкам. Дзякуючы нашым намаганьням, беларускай школцы пры царкве выгадавалася першае пакаленьне маладых беларусаў, якія гавораць і пішуць па-беларуску. Некаторыя пагразьлі, як я кажу, у гэтым палескім балоце, якое аддзяляе нас, на вялікі жаль, ад украінцаў.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.