Беларусь за месяцУласны карэспандэнтПаўторны зьезд палякаў
Пры канцы жніўня ў Ваўкавыску прайшоў паўторны VI Зьезд Саюзу палякаў у Беларусі. Вынікі сакавіцкага зьезду, дзе быў зьняты з пасады старшыні Тадэвуш Кручкоўскі ды абраная Анжаліка Борыс, Міністэрства юстыцыі прызнала нелегітымным, угледзеўшы парушэньні ў правядзеньні форуму. Таму было “рэкамэндавана” пераправесьці зьезд.
Прыхільнікі А. Борыс не пагадзіліся, і пачалося процістаяньне з дзяржавай, якое пры канцы ліпеня скончылася штурмам сядзібы Саюзу палякаў АМАПаўцамі й адміністрацыйнымі пакараньнямі прыхільнікаў незалежніцкай плыні.
Паплечнікі Т. Кручкоўскага пастанавілі пераправесьці зьезд у Ваўкавыску, які і прайшоў 27 жніўня. У ім узялі ўдзел 174 дэлегаты. Як зазначаюць польскія СМІ, дэлегатаў на гэты зьезд прывезьлі на сход чатырма аўтобусамі пад аховай міліцыі, забаранілі кантактаваць з журналістамі. Многія “абраньнікі” размаўлялі між сабой па-расейску, а падчас урачыстай імшы ў ваўкавыскім касьцёле адбівалі праваслаўныя паклоны.
Кіраўніком Саюзу палякаў быў абраны 68-гадовы Юзаф Лучнік, былы дырэктар школы ў Гарадзенскім раёне. За яго прагаласавала 149 дэлегатаў, супраць — 3. Юзаф Лучнік быў піянэрам польскага адраджэньня краіны ў канцы 1980-х, ён стварыў адзін зь першых аддзелаў Саюзу палякаў, а потым заснаваў яшчэ некалькі суполак.
Пасьля галасаваньня новае кіраўніцтва СПБ заявіла пра прынцыпы кіраваньня арганізацыяй: не палітыка, а культурна-асьветніцкая дзейнасьць. Новае кіраўніцтва юрыдычна незалежнага СПБ спадзяецца на дзяржаўныя датацыі, а не на падтрымку варшаўскіх фондаў.
Тым часам польскія ўлады заявілі, што не прызнаюць абранага ў Ваўкавыску кіраўніцтва СПБ. Так, намесьнік міністра замежных спраў краін Ян Трушчынскі зазначыў, што выбары прайшлі з парушэньнем правіл дэмакратыі і моцным умяшальніцтвам уладаў. “Мяркуем, гэты зьезд быў абсалютова недэмакратычным, а абранае ў такі спосаб кіраўніцтва разглядаем як людзей, што не рэпрэзэнтуюць палякаў у Беларусі”, — заявіў сп. Трушчынскі. Польшча будзе дапамагаць прыхільнікам Анжалікі Борыс.
Саюз палякаў Беларусі — трэцяя па колькасьці грамадзкая арганізацыя ў Беларусі, пасьля пралукашэнкаўскіх Фэдэрацыі прафсаюзаў і рэспубліканскага саюзу моладзі. СПБ аб’ядноўвае каля 30 тыс. чалавек, і дзяржаве важны кантроль над ім перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
Перасьлед прыхільнікаў Борыс
Паплечнікі Анжалікі Борыс журналісты Анджэй Пісальнік, Андрэй Пачобут, а таксама ейныя намесьнікі Юзаф Пажэцкі і Веслаў Кеўляк названыя падазраванымі па крымінальнай справе, распачатай Шчучынскай раённай пракуратурай. Заяву падаў дырэктар Дому польскага ў Шчучыне Віктар Богдан. Спадар Богдан сьцьвярджае, што вышэйпералічаныя людзі пагражалі яму расправай, калі ён не аддасьць ім ключы ад Дому польскага. Турэмныя тэрміны за такое “хуліганства” — некалькі года пазбаўленьня альбо абмежаваньня волі.
Таксама заведзеная крымінальная справа па факце падпалу ў ноч з 6 на 7 студзеня машыны Тадэвуша Кручкоўскага, у чым могуць падазраваць ягоных апанэнтаў, прыхільнікаў Анжаліку Борыс. Спн. Борыс з гэтай прычыны некалькі разоў дапытвалі ў міліцыі.
Націск на газэты
Менгарвыканкам ліквідаваў таварыства “Деньпресс”, што зьяўлялася выдаўцом недзяржаўнай газэты “День”. Прычына — неажыцьцяўленьне ТАА прадпрымальніцкай дзейнасьці цягам шасьці месяцаў запар. Праўда, дэмакратычная грамадзкасьць ня надта адчула закрыцьцё газэты, якая прадавалася прыватнымі распаўсюднікамі й мела мізэрны ўплыў.
Куды больш адчувальным для грамадзкасьці магло стаць закрыцьцё “Белорусской деловой газеты” — аднаго зь лідэраў незалежнай прэсы ў краіне. Як вядома, пры канцы траўня 2005 году дзяржава прыватызавала выкарыстаньне прыметнікаў “беларускі” і ”нацыянальны” ў назвах газэт, і недзяржаўныя выданьні мусілі прайсьці перарэгістрацыю. І толькі ў апошні момант БДГ прайшло перарэгістрацыю, выданьне будзе называцца “БДГ. Деловая газета”. Інтэрнэт-адрас застаўся ранейшым — www.bdg.by.
“Белорусский рынок” будзе называцца “Белорусы и рынок”, “Белорусская газета» — “Белгазета”, “Национальная экономическая газета” — “Экономическая газета”.
Выбары ў ліпені
Старшынька Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць не пазьней за 20 ліпеня 2006 году. Улічваючы тое, што выбары ў нас традыцыйна праводзяцца ў нядзелю, хучэй за ўсё гэта будзе 16 ліпеня. Час, калі апазыцыйна настроеныя студэнты разьедуцца з ВНУ па хатах.
Прызначаны таксама дзень правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які мусіць вызначыць адзінага кандыдата ад дэмсіл на прэзыдэнцкія выбары — 1 кастрычніка. Праўда, яшчэ невядома месца правядзеньня форуму. Не знайшоўшы залі ў Беларусі (арэндадаўцы адмаўляюць у арэндзе), ініцыятыўная група нават зьвярнулася ў гэтай справе да Лукашэнкі — пасадзейнічаць.
Скрабца абвінавачваюць
Экс-дэпутату Палаты прадстаўнікоў, лідэру парлямэнцкае групы “Рэспубліка” Сяргею Скрабцу прад’явілі яшчэ адно абвіначаньне. Яго вінавацяць у выманьваньні крэдытаў, калі ён працаваў дырэктарам чакаляднага канцэрну “Белбабаеўскі”. Справа была заведзеная ў 2000 годзе, але пасьля таго як Скрабец зрабіўся дэпутатам, справ была прыкрытая. Крыху раней Скрабцу ікрымінавалі падбухторваньне да даваньня хабару.
Дэпартавалі Луку
27 жніўня беларускія ўлады падманулі народ. Яны абвясьціла пра дэпартацыю з краіны прадстаўнікоў грузінскай маладзёвай арганізацыі “Кмара” Гіі Кандэлакі й Лукі Цуладзэ. Маўляў, іх у менскім аэрапорце пасадзілі на самалёт у Тбілісі. Аднак да сталіцы Грузіі яны не даляцелі. Беларускія і грузінскія СМІ пачалі біць трывогу. Аказалася, што маладых людзей пакінулі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, дзе іх пратрымалі трое сутак, падоўжыўшы тэрмін утрыманьня да 15 сутак. І толькі праз тыдзень “кмараўцы” былі высланыя зь Беларусі.
Маладыя людзі былі затрыманыя разам з каардынатарам арганізацыі “Зубр” Уладзімерам Кобецам у раёне сталічнага парку Горкага 24 жніўня. Паводле першапачатковай вэрсіі, яны былі затрыманы праз афармленьне дакумэнтаў неналежным чынам. Кобца адпусьцілі, а грузінаў павезьлі ў спэцпрыёмнік на Акрэсьціна. Іх абвінавацілі ў тым, што падчас знаходжаньня ў Менску яны “ўступілі ў кантакт з прадстаўнікамі радыкальных палітызаваных структураў і правялі шэраг сэмінараў па арганізацыі акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня па аналёгіі з “каляровай рэвалюцыяй” у Грузіі”.
Арганізацыя “Кмара” была адным з рухавікоў “рэвалюцыі ружаў” у лістападзе 2003 году, што прывяла да падзеньня рэжыму Эдуарда Шэварнадзэ.
Новыя станцыі мэтро
На 11 верасьня ў Менску было заплянаванае адкрыцьцё трох новых станцый сталічнага мэтро, “Спартовай”, “Кунцаўшчына”, “Каменная горка” на захадзе сталіцы. Такім чынам цяпер менская падземка налічвае 23 станцыі.
Як вядома, станцыя “Спартовая” напачатку мелася называцца “Ракаўская”, аднак па просьбах грамадзкасьці ёй была дадзена “сучасная” назва “Спартовая”. Нібыта першапачатковая назва нагадвала пра хваробу, а не мястэчка Ракаў.
Севярынец на Поўначы
Лідэр моладзевай апазыцыі Павал Севярынец будзе адбываць хімію ў вёсцы Малое Сітна на Полаччыне (самая поўнач Беларусі). Працаваць ён будзе за некалькі кілямэтраў ад вёскі на чыгуначнай станцыі Алешча на лесанарыхтоўках.
Як зарабляюць у Менску
Паводле Міністэрства статыстыкі й аналізу сярэдні заробак у сталіцы, без уліку падаткаў, склаў 611 тыс. рублёў, ці $284. У рэальным сэктары эканомікі найвышэйшыя заробкі на прадпрыемствах цэлюлозна-папяровай прамысловасьці ($376), каляровай мэталюргіі ($347), будаўнікі ў сярэднім зарабляюць $340, настаўнікі — $228. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі, урад абяцае сярэдні заробак $300, у бюджэтнай сфэры — $250.
Усе — у Таронта
23—25 верасьня ў Таронта (Канада) у Rexall Centre пройдзе матч плэй-оф за права выхаду ў Асноўную групу тэніснага Кубку Дэвіса. Зборная Беларусі (Макс Мірны, Уладзімер Ваўчкоў) згуляюць з супернікамі з Канады. Летась беларусы дабраліся да паўфіналу Кубку Дэвісу, дзе саступілі зборнай ЗША.
23 верасьня гульні пачнуцца а 11-й гадзіне па таронцкім часе, 24 верасьня — а 14-й, у нядзелю, 25 верасьня, — а 11-й.
Лёгкая атлетыка
М. ШВЭДЗЮК
На спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ў Фінляндыі 8-14 жніўня ўдала выступіла зборная Беларусі, якая здабыла 5 медалёў і заняла 5-е месца. Залатыя медалі здабылі: І. Ціхан у кіданьні молата і Н. Астапчук у піханьні ядра. Срэбраныя медалі здабылі: В. Дзевяткоўскі ў кіданьні молата і М. Турава ў спартовай хадзьбе на 20 км. А бронзавы мэдаль заваявала каманда ў эстафэце 4Х100м.
Дзеля параўнаньня ніжэй прыводзім выніковую табліцу чэмпіянату, дзе пададзеныя пяцёрка найлепшых камандаў і камандаў краінаў-суседзяў Беларусі.
| | Зал. | Срэб. | Брон. | Усяго |
1 | ЗША | 14 | 8 | 3 | 25 |
2 | Расея | 7 | 8 | 5 | 20 |
3 | Этыёпія | 3 | 4 | 2 | 9 |
4 | Куба | 2 | 4 | 0 | 6 |
5 | Беларусь | 2 | 2 | 1 | 5 |
17 | Летува | 1 | 0 | 0 | 1 |
21 | Украіна | 1 | 0 | 0 | 1 |
25 | Польшча | 0 | 1 | 1 | 2 |
Маем поўнае права ганарыцца беларускімі спартоўуамі.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.