Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Беларусаведа
Беларуская дыяспара на Далёкім Усходзе і Ціхаакіянскім азіяцка-амэрыканскім рэгіёне.

Вітаўт КІПЕЛЬ

Сярод тысячаў штодзённых кніжных паступленьняў у Нью Ёркскую Публічную Бібліятэку маю ўвагу прыцягнула кніга, загалоўленая “Российская эмиграция в Азиатско-Тихоокеанском регионе и Южной Америке: био-библиографический словарь” (Владивосток: Дальневосточный Университет, 2001. 358 с.). Увагу прыцягнулі ўспамінаныя там прозьвішчы такіх ксяндзоў-беларусаў, як Андрэй Цікота, Язэп Германовіч ды ягоная кніга “Кітай-Сібір-Масква” (1962 г.). Знаёмства з кнігаю зацягнулася, але цяпер, хоць і з спазьненьнем, хочацца зьвярнуць на яе ўвагу беларускага дасьледніка ды выказаць пры гэтым колькі меркаваньняў.

Першая частка публікацыі досыць кароткая і складаецца зь двух разьдзелаў: аўтарскі ўступ А. Хісамудзінава й прадмова Патрыцыі Паланскай, бібліёграфа Гавайскага Ўнівэрсытэту ў Ганалюлю, дарэчы, добрай знаёмай аўтара гэтае зацемкі. У гэтай частцы коратка апісаныя магчымыя месцазнаходжаньні “расейскіх” (тут “расейскае” ўжываецца ў шырокім – дзяржаўным значэньні) архіваў і кнігазбораў да тэмы, акрэсьленай загалоўкам кнігі. На мой пагляд, дасьледніку беларускае дыяспары варта было-б наведаць Дзяржаўны Архіў Гаваяў, пра які я пісаў даўнавата (гл. “Беларус”, № 210, 211, 1974 г.), а таксама Расейскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў Далёкага Ўсходу, Дзяржаўны Архіў Хабараўскага Краю ды архівы ў Каліфорніі – Стэнфардзкі ды Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту. Зрэшты, іх у кнізе пералічана значна болей. Аўтары зазначаюць, што нямала біяграфічнага матар’ялу знаходзіцца ў розных архівах, датычных КВЖД (Кітайска-Ўсходняя Чыгунка). Гэта пацьвярджае некалі сказанае мне айцом Германовічам: “У тых архівах знойдзем прозьвішчы, сямейныя дадзеныя ўсіх беларусаў, што працавалі на КВЖД”.

Другая частка кнігі па-над 300 старонак – біяграфічна-бібліяграфічны альфабэтны слоўнік. Пералічана некалькі сотняў асобаў, якія нешта зрабілі на Далёкім Усходзе, а пазьней эмігравалі ў Аўстралію, ЗША, Паўднёвую Амэрыку.

Наступныя асобы пададзеныя як родам зь Беларусі: ксёндз Фабіян Абрантовіч, Іосіф (Язэп) Аўдашкоў, Леў Адамовіч, Антон Бардзілоўскі, Барыс Ваксмут, Давід Віленскі, Сяргей Вайцяхоўскі, Язэп Вансовіч, ксёндз Язэп Германовіч, Мікалай Жэбрак, Павел Зайцаў, Раман Кабалкін, Аляксандар Крапаўніцкі, Сяргей Лузгін, Сяргей Аганэзаў, Антон Асендоўскі, Давід Рабіновіч, Мікалай Судзілоўскі (др. Руссэль), Канстанцін Русэт, Рыгор Сатоўскі-Ржэўскі (Сатоўскіх-Ржэўскіх на Далёкім Усходзе была цэлая сям’я), Майсей Скідэльскі, Іван Саланевіч, ксёндз С. Тышкевіч, ксёндз Андрэй Цікота, Лазар Шапіра. Паводле прозьвішчаў можна меркаваць, што зь Беларусі паходзіць значна большая колькасьць, але ўдакладніць гэта пакінем наступным беларускім дасьледнікам.

Якія думкі напрошваюцца пасьля азнаямленьня з гэтаю часткаю кнігі? Бясспрэчна, беларусаў-эмігрантаў у акрэсьленым рэгіёне было вельмі шмат. Спадчына некаторых зь іх мусіць быць перагледжаная, асабліва журналістаў, бо яны маглі пісаць пра Беларусь.

З названых у кнізе асобаў у беларускіх дасьледаваньнях ведамы толькі др. Мікалай Руссэль-Судзілоўскі (“Запісы БІНІМ”, № 16, 1978 ды інш.). У часапісе “Божым Шляхам” друкаваліся матар’ялы пра ксяндзоў-беларусаў, высланых у Харбін, а таксама згадкі пра тых ксяндзоў у працах а. А.Надсана. Неабходна таксама прыгадаць, што беларускія матар’ялы-пагляды выказваліся неаднойчы ў друку былымі выхаванцамі ксяндзоў, што мелі непасрэднае дачыненьне да беларускай дыяспары.

Пры чытаньні другой часткі кнігі прыгадваюцца таксама й такія дадатковыя факты: др. Аляксандар Сянькевіч, буйны дзеяч БССР у гадох 20-х, вяртаючыся з Амэрыкі ў Беларусь праз Каліфорнію, ладны час партызаніў у Ціхаакіянскім рэгіёне ў атрадах Сяргея Лазо. У 1922 годзе ў горадзе Ўладзівастоку была выдадзеная брашура “Повстанчество в Белоруссии” (12 старонак), а на Алясцы ў горадзе Джуно ў сярэдзіне 1970-х гадоў, калі мы зь сям’ёю падарожнічалі ды зьбіралі матар’ялы для бібліяграфіі беларускага друку на эміграцыі, у праваслаўным манастыры напаткалі асобнікі часапісаў “Голас Царквы” і “Царкоўны Сьветач”.

Мовы няма: беларуская дыяспара ў Далёка-Усходнім Ціхаакіянскім рэгіёне – справа рэальная і патрабуе пільнай увагі й адмысловага дасьледяваньня. Зь гледзішча новых досьледаў выхад з друку пару месацаў таму даўно насьпелае й патрэбнае манаграфіі Н. Гардзіенкі пра беларусаў у Аўстраліі дазваляе прыпушчаць, што вывучэньне беларускага замежжа ў тым рэгіёне не за гарамі!

Анатаванай-жа кнізе месца ў кожным беларускім кнігазборы дасьледчага профілю.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы