| | | | ЛынтупкаСяржук СОКАЛАЎ-ВОЮШПад час нядаўнага візыту ў ЗША наш вядомы скульптар, а цяпер ужо й мастак, Алесь Шатэрнік падараваў мне карціну: невялікі (41х35 см) алейны абразок з выявай рэчкі Лынтупкі.
У хаце я паставіў падарунак на стол ля сьцяны, падумаўшы што трэба замовіць рамку ды заняўся іншымі справамі.
Увечары, калі сонца пачало хіліцца за далягляд, я глянуў на карціну й не паверыў сваім вачам. Пэрспэктыва паглыбілася, сьветлы прагалак над рэчышчам зрабіўся яшчэ сьвятлейшым, а ўзьбярэжная расьліннасьць шчыльнай сьцяной пацягнулася на тое сьвятло, нібыта хацела прыпасьці засьмяглымі вуснамі непрагляднасьці да адкрытасьці й чысьціні.
“Нешта падобнае адбываецца з нашым народам,” – падумаў я, адначасна пачуўшы няўтульнасьць думкі. Усё, казаў той, так, ды крышачку ня так. Здавалася-б унівэрсальныя законы прыроды мусяць тычыцца й чалавека. Але чалавек трымаецца гэтых законаў толькі да нараджэньня. Патрапіўшы ў сьвет народжаных ён адразу-ж пачынае жыць паводле створаных імі законаў, якія почасту не адпавядаюць і пярэчаць прыродным. Вядома, усе яны арыентаваныя альбо маюць выгляд арыентаваных на гуманізам; вядома, не гуманныя законы даўно растлумачаныя законьнікамі якраз у чалавекалюбным сэнсе, падмацаваныя сьвятымі пісьмёнамі, што трэба разумець як спасылку на Бога.
Прымітыўна, чалавечая прырода адпавядае статкаваму святлалюбнаму тыпу. Зразумела, што тут нямала выняткаў, і нехта жыве на ўзор крата ці чарвяка, але пераважная бальшыня ўсё-ж цягнецца да Сонца, стараецца ўладзіць свой дабрабыт у сьветлых калёрах, а калі тое немагчыма – пакідае над сабой, як тая Лынтупка, сьветлую пляму рэчышча, магчымасьць чыстай дарогі або празрыстай мары…
Пакуль у думках складаліся гэтыя радкі Сонца конча схавалася за даляглядам. У пакоі зрабілася цёмна й сэнс прагалу над рэчышчам, які, ня гледзячы ні на што, заставаўся сьветлым, паглыбіўся. Абраз працягваў жыць сваім жыцьцём, працягваў несьці ўскладзены на яго эстэтычны (і ня толькі) абавязак.
А вось мы, уласьнікі не абраза, а рэальнай Лынтупкі, згубілі сваю сьветлую пляму. Аднымі зь першых у сьвеце ірвануўшыся да дэмакратыі, стварыўшы шляхецкую рэспубліку й напісаўшы Канстытуцыю (Статут Вялікага Княства) у нейкі момант сваёй гісторыі напэўна палічылі справу зробленай, адчулі сябе рыцарамі, раўнёй уласнаму сымболю “Пагоні” й супакоіліся. У выніку, законы прыроды ня змусілі доўга чакаць і драпежная зграя пачала сапраўднае паляваньне на рэальных людзей, на вынішчэньне ня толькі абарончага а й інтэлектуальнага рыцарства нацыі. У выніку адзін з галаўных народаў Эўропы апынуўся ў хвасьце. Сьветлы прагалак над рэчышчам – сымболь сьвятла й кірунковы знак згубіў агульнанацыянальны сэнс, рассыпаўся на сотні й тысячы падзнакаў, псэўдасымболяў. Крыўды й абразы ў бок нацыі сталі набываць абрысы нормы. Нешмалікія нязгодныя пачалі вінаваціць у сваіх праблемах суседзяў, перавялічыўшы іхную віну, каб схаваць сваю слабасьць. Мейсца пэрсанальнай адказнасьці заняла крыўда або нянавісьць. Там дзе роўныя Багам, разумеючы прымітывізам апанэнтаў мусілі-б толькі паблажліва ўсьміхнуцца, мы кідаемся ў рожкі, што раз нанова займаючыся самасьцьверджаньнем, кідаемся, як той пісьменьнік Адам, на каго заўгодна, абы самім-жа сабе давесьці сваю-ж духовую заможнасьць. А тая зусім не патрабуе пацьверджаньня й толькі падзіўляецца з нашае невідушчасьці.
Наступнае раніцы я прачнуўся ад тупату й галасу. Мае сыны ўшчалі звычайную дзіцячую валтузьню, спыніць якую можна толькі, казаў той, беспасярэднім уварваньнем, што, у лепшым выпадку, падаруе яшчэ хвіліну-другую, каб даглядзець перапынены сон. Я ўвайшоў у пакой. Забава маладых зрынальнікаў аўтарытэтаў наўпрост пагражала “Лынтупцы”. Абраз уздрыгваў, узьбярэжныя дрэвы хісталіся, вада каламуцілася і мерылася пры першым зручным выпадку абрынуць на падлогу свае, мяшаныя з глеем і таплякамі струмені. Слоўна разьвязваючы этычны бок справы й фізычна ратуючы эстэтычны, я пераставіў падарунак майстра Алеся на іншы мацнейшы стол, дзе абраз адразу-ж зьніякавеў, ператварыўся ледзь ня ў бляклую копію-ілюстрацыю самога сябе. “Во гэта й ёсьць тое, пра што пісалася,” – мільганула ў галаве ды й зноў падумалася пра рамку.
Цяпер праходзячы ля карціны й кідаючы на яе позірк я горка ўсьміхаўся, маўляў, ніхто й нішто ня можа захавацца непарушным у часіны брутальных зьменаў. Але надыйшоў вечар і Лынтупка зноў ажыла. Ад пачатку крывавым пісягом у плынях, якога раней тут не было. Згадаўся Ўальд… Во яшчэ не хапала… Вядома, пісяг быў ды я яго не заўважыў… ці не зьвярнуў увагі? Зрэшты, ён зусім ненадоўга трымаў цэнтар. Сонца села, крывавая тэма вычарпалася й дамінанта паволі йзноў вярнулася да сьветлае плямы.
“Ну, не. Нашаму народу было значна цяжэй,” падумаў я, пераносячы абраз у змрочнае сутарэньне, куды ніколі не зазірае Сонца, і дзе ўжо некалькі месяцаў стаіць мой працоўны стол.
“Лынтупка” са спакойнай пакорай прыняла чарговы ўдар лёсу. Ейная плынь замарудзілася, спынілася. Прагал над рэчышчам ператварыўся ў звычайны сьлед пэндзаля зь белай фарбай. Ніхто больш не цягнуўся да сьвятла, ніхто больш не хацеў сымболяў. Згуртаваныя раней дрэвы стаялі цяпер паасобку. Жухлі ўзьбярэжныя травы. Твор паміраў не здалеўшы перажыць цемры. Надыходзіў момант, калі ўжо ніхто й нічога не магло ўратаваць майго народу. Апошняя надзея – штучнае, электрычнае асьвятленьне не дапамагала, дый што вартае можа вырасьці без натуралёвых умоваў.
Адлучыўшы электрыку я ўжо быў сабраўся пакінуць сутарэньне, калі раптам згадаў, што забыўся на стале акуляры. Вярнуцца забраць? Навошта? Вобраз памерлай Лынтупкі забіваў жаданьне пісаць, зьнішчаў натхненьне паклікаючы ў думкі злосьць і крыўду, нянавісьць і апатыю, адбіваў ахвоту чытаць, глядзець фільмы, знаёміцца з чужым сьветам, каб потым доўга зайздросьціць ня нашым перамогам, ён забіваў жаданьне бачыць дарогу нават праз свой сьветагляд, свае пачуцьці, карацей – свае акуляры.
І ўсё-ж я запаліў сьвятло, а запаліўшы нечакана сустрэўся з цудам. На мёртвым палатне, на тым, на іншым беразе Лынтупкі, сьвежымі калёрамі зелянеў жмут расьлінаў. Яшчэ цяжка было сказаць што гэта – пачатак новага дрэва, будучы куст, ці ўсяго толькі высокія сьцябліны травы, але справа зусім ня ў тым. Расьліна жыла й цягнулася да белага сьледу ад пэндзаля, да сьледу, які йзноў марудна ператвараўся ў сьвятло. У вершаліне расьліны, або з-за яе выступалі кветкі. Маленькія, ледзь бачныя з жаўцізной і чырваньню – сонцам і крывёй адраджэньня над крывавым пісягом дарогі продкаў у плынях Лынтупкі-Леты.
Я ўзяў абраз і панёс яго назад у пакой. Рэч, якая нагадвае пра мінулае й прадказвае будучыню павінна быць побач. Вядома, можна было працягнуць экспэрымэнт і ўсадзіць Лынтупку ў раму, можна было зьмяніць тую раму на іншую, потым яшчэ і яшчэ. Але ня можна бясконца гуляць са сваімі пачуцьцямі да Радзімы. Ня можна рабіць ні зь імі ні зь ёй ніякіх маніпуляцыяў. Трэба йнакш. Як?
Я начапіў на нос акуляры й сеў за кампутар. Колькі няскончанага, недапісанага. І зайздросьціць павінны нам – народу, які мае такіх майстроў як Алесь Шатэрнік. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |