Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Проста дэмакратыі – НЯМА
Адкрыты ліст да Сьвятланы Алексіевіч

Алеся СЁМУХА

Нядаўняя гутарка Сьвятланы Аляксіевіч на Радыё Свабода ў перадачы Праскі акцэнт (24 жніўня), дзе яна спрачалася з Генадзем Бураўкіным пра лёсы Беларусі, насьцярожыла. Здавалася-б, тэма гэтая гавораная-абгавораная, пазыцыі абодвых бакоў даўно вядомыя і што да мовы, і што да дэмакратыі і да прыярытэтаў. Але штосьці-такі новае ў той гутарцы прасьлізнула. Давялося перачытаць пару разоў пакуль ня ўбачыла: спн. Алексіевіч фактычна прыняла на сябе цяжар аргумэнтаў самога Лукашэнкі... Першы - спачатку пабудуем палітычны лад па маім сцэнары, а тады й астатнім ідэям знойдзецца куток. Другі – у паразах вінаватыя нацыяналісты.

Некалькі цытат зь перадачы. Алексіевіч: “Нас нічому не навучыў нават досьвед паразаў 90-х гадоў, калі мы мелі такую моцную фігуру, як Пазьняк. Паставіўшы дэмакратыю ззаду, а мову наперадзе, мы прайгралі нават у той час, калі быў вялікі запас веры ў людзях, калі была вельмі моцная хваля антыкамунізму. ... у нацыянальным крыле няма палітыкаў. ... Яны не ўяўляюць рэальны народ, яны ўяўляюць уласную мару аб народзе.»

«Наш народ у асноўным расейскай сьвядомасьці . Я шмат езьдзіла па Беларусі й пераканалася, што тыя людзі, пра якіх мы гаворым, ёсьць толькі пад дахам “АРХЭ” ці “Нашай нівы”, можа ў студэнцкіх інтэрнатах, але ня ўся нават моладзь такая.”

«Ёсьць адзіны праект - дэмакратычны. А яго складнік - нацыянальны праект.»

“Я крыху сачыла за дыскусіяй (дыскусія пра мову вяшчаньня «Нямецкай хвалі») і была зьдзіўленая яе рамантызмам і агрэсіўнасьцю адначасна.“

«Мне здаецца, што цяперашняя дыскусія дэманструе адну з траўмаў, якую дае культуралягічнае, клюбнае мысьленьне, калі маленькая група асобаў, скансалідаваная вакол вельмі прыгожай і шчырай ідэі, падабаецца самой сабе. Яны настолькі ўлюбёныя самі ў сябе, што даўно ня бачаць, што адбываецца на вуліцы і далей за студэнцкія інтэрнаты не выходзяць. Я ў адчаі гэта кажу, бо пачуць тое самае праз 20 гадоў - гэта адчуваньне поўнай паразы.”

«У ХХІ стагодзьдзі фармаваць нацыю - задача вельмі складаная і рамантычная, але вучыцеся чамусьці на ўроках.»

Сьвятлана Алексіевіч абвінавачвае нацыянальную апазыцыю ў тым, у чым перадусім грэшная самая і грэшны рэжым: рамантычнасьці й агрэсіўнасьці.

Пачнем з рамантычнасьці. Сп-ня Алексіевіч верыць, што пытаньні палітычнага ўладкаваньня мусяць ісьці наперадзе любых культуратворчых ці нацыятворчых пытаньняў. Праблема такога мысьленьня палягае ў неўсьведамленьні таго, што рэальны народ ня хоча змагацца за дэмакратыю, аўтакратыю ці любую іншую форму праўленьня. Для Лукашэнкі – гэта не бяда, наадварот, выгода, бо яму не патрэбны рэальны народны ўдзел у палітычным працэсе. Дэмакратычнае ўладкаваньне як раз патрабуе сьвядомага ўдзелу народу і ягонага жаданьня свабоды. Беларускі-ж народ у бальшыні ня мае палітычнай волі й ня хоча палітычнае адказнасьці. Ці не таму, пра-расейскі настроеныя дэмакраты, хоць і літаральна гавораць моваю бальшыні, дагэтуль не перамаглі на выбарах, ня здолелі вывесьці людзей на вуліцы, нават не далі рады распаўсюду ідэй дэмакратыі, маючы лепш фундаваны, чым нацыянальны, свой незалежны друк, партыі, Хартыі, кандыдатаў, як Ганчарык, і інтэлектуалаў, як Алексіевіч.

Калі-б рамантычная мара Алексіевіч пра «дэмакратычную дзяржаву спачатку, а потым нацыянальную дзяржаву» магла спрацаваць, дык чаму-ж дагэтуль не спрацавала? Куды падзелася палітычная воля да свабоды і так званы антыкамунізм масаў расейска-сьвядомых беларусаў? Сп-ня Алексіевіч бачыць прычыну паразы ейнай мары ў дзейнасьці нацыянальнай апазыцыі, якая займаецца моўным шаманствам, упарта самаўлюбёна памыляецца і ставіць палкі ў колы дэмакратыі. Адным словам – недастаткова русыфікавалі й абкультурылі.

Паводле Алексіевіч, беларусы “у асноўным расейскай сьвядомасьці». Прынамсі часткова з гэтага памылковага тэзісу трэба і выводзіць прычыны паразы ейнага змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі. Бо на якой-бы мове (трасянцы, літаратурная расейская ці крэсова-польскай) наш народ ні гаварыў, яго сьвядомасьць застаецца пераважна ТУТЭЙШАЙ. Тутэйшасьць ня тоесная трасянцы. І гэта якраз тое, што зразумелі нацыяналы спрабуючы ўзгадаваць найбольш арганічную беларусам - нацыянальную сьвядомасьць, а ня проста быццам прымусова перавучыць людзей гаварыць на нейкай мове. Бальшыня тутэйшых у Беларусі – рускагаварашчыя і расейскамоўныя людзі зь мясцовай мэнтальнасьцю.

Расейскакультурная дзяржаўная беларуская сьвядомасьць – гэта тая хімера, якую будуе Лукашэнка, толькі яго мэты ясныя – далучыцца да Расеі на прывабных для яго пэрсанальна ўмовах, а вось мэты некаторых расейскіх дэмакратаў у Беларусі або цьмяныя, або завуаляваныя. Бо з такой сьвядомасьцю (нават калі ўявіць, што яна магчымая) ў асобнай дзяржаве Беларусь няма патрэбы. І нават калі такая дзяржава нейкі час праіснуе, дамінуючая расейская сьвядомасьць немінуча пачне перасьледаваць нацыянальную беларускую сьвядомасьць, зьнішчаць яе і цягнуцца да культурнай і палітычнай мэтраполіі. І што мы ў выніку атрымаем – ах, тое, што ўжо мелі – рэспубліку, край, рэгіён, дзе ўсе мы электарат з мясцовым арнамэнтам.

Нацыянальная беларуска-культурная дзяржава Беларусь, якая ўключала-б у сябе мясцовы расейска-культурны кантэкст – цалкам магчымы сцэнар пры наяўнасьці такой моцнай культурнай мэтраполіі, як Расея. Нацыянальная расейска-культурная дзяржава Беларусь і пасьпяховае разьвіцьцё ў ёй беларуска-культурнага элементу – сцэнар немагчымы. Немагчымасьць гэтага даказаная стагодзьдзямі і нашай, і суседзкай гісторыі. Або прыхільнікі расейска-культурнай дэмакратыі гэтага шчыра не разумеюць, або ня дбаюць, або сьвядома ігнаруюць.

Цяпер пра агрэсіўнасьць. Менавіта за агрэсіўнасьць я ўважаю непавагу спн. Алексіевіч да перакананьняў і адчуваньня нацыянальнае тоеснасьці людзей, што складаюць нацыянальную апазыцыю і не абавязкова апазыцыю. Абвінавачваць іх у неразуменьні ейных “вышэйшых” мэтаў ды вымагаць падпарадкаваньня ім і ёсьць агрэсія. Апошняя паваенная хваля гэтай агрэсіі, прынесеная ваенна-акупацыйнай абруселай і расейскай элітай, “культуртрэгерамі”, дагэтуль прад’яўляе правы на адзінаправільнае філязофскае і палітычнае вызначэньне беларускага лёсу. Хоць некаторыя прадстаўнікі гэтай эліты пачалі разумець, што яны толькі частка, і не асноўная, агульнабеларускага кантэксту.

Дэмакратычнай дзяржавы з тутэйшай сьвядомасьцю не пабудуеш. А нацыянальнай беларускай дзяржавы на расейскай сьвядомасьці ня збудуеш таксама, бо няма ў такой дзяржаве арганічнае патрэбы. Пабудова дэмакратыі наўпрост залежыць ад таго, як хутка мы здолеем узгадаваць у сабе нацыянальную сьвядомасьць, еднасьць, годнасьць і разуменьне сваіх інтарэсаў. І гэты нацыянальны праект зусім не выключае наяўнасьці ў ім расейскай мовы.

Праз падобны працэс прайшлі ўсе бяз вынятку суседзі Беларусі, ад Латвіі да Ўкраіны. Гэта тое, што зрабіла Фінляндыя, Нарвэгія, Ізраіль, гэта тое, што робяць Харватыя, Македонія, Індыя. Было-б цікава пабачыць хоць адзін прыклад пасьпяховай пабудовы дэмакратыі без нацыянальнай сьвядомасьці па сцэнары Сьвятланы Алексіевіч. Яе прыклад афрыканскіх краін ды іх спробы пабудаваць дэмакратыю без нацыянальна-дзяржаўнай сьвядомасьці вядуць да бясконцай крыві і міжусобных войнаў.

Што да аргумэнтаў кшталту «няма розьніцы якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя, ўсё астатняе, як мова, – яе складнікі», дык гэта і ёсьць Вялікая Ўтопія. Проста дэмакратыі НЯМА. Гісторыя пакуль не падаравала нам аніводнага прэцэдэнту існаваньня дэмакратыі ў ненацыянальнай дзяржаве. Нямеччына, Японія, Расея - ані ў воднай з гэтых ці якіх іншых дзяржаў будаваньне дэмакратычнай дзяржаўнасьці не ішло наперадзе будаваньня нацыянальнай дзяржаўнасьці. Нават у найстарэйшай заходняй дэмакратыі, ЗША, спачатку была Дэклярацыя пра незалежнасьць і змаганьне з Торыс, прыхільнікамі каляніяльнай улады, потым Канстытуцыя, а ўжо пазьней дадаткам да Канстытуцыі дэмакратычныя правы й свабоды.

Калі гаварыць пра рэаліі, а не мары, нацыянальная дзяржава і сьвядомасьць – гэта рэаліі праз якія прайшлі ўсе, хто будуе ці хоча будаваць пасьпяховую дэмакратыю. Нацыянальная-дзяржаўная сьвядомасьць усіх дэмакратычных дзяржаў нашмат старэйшая за дэмакратыю і ўжо ніяк ня ёсьць яе складнікам. Так што або працягвайма марыць пра проста дэмакратыю, або будзем запрагацца ў доўгі і нялёгкі працэс нацыятворчасьці, калі сапраўды хочам ад людзей дэмакратычнага выбару. А 21-е стагодзьдзе гэтак-жа добрае для фармаваньня нацыі, як і 20-е, нават і лепшае, бо дае магчымасьць бачыць посьпехі й памылкі іншых.


Даведка: Сьвятлана АЛЕКСІЕВІЧ, расейская пісьменніца, аўтарка кніг у жанры дакумэнтальнай прозы, перакладзеных у болей як 20 краінах сьвету. Нарадзілася ва Ўкраіне ў сям’і савецкага вайскоўца. Бацька – расеец, маці украінка. Пасьля пераводу бацькі на службу ў Беларусь сям’я пераехала ў Беларусь. Пераважна жыла, вучылася і працавала ў Беларусі. Зараз жыве ў Італіі.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы