Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Раньняя англа-беларуская вясна (1915)
Гуя Онслаў, Галена Іваноўская і Кэмбрыджская “Хэўра”

Гай ПІКАРДА, пераклад з ангельскай В. ЗАЙКІ

Надзвычайным папярэднікам Англа-Беларускага Таварыства, якое летась адсьвяткавала 50 гадоў ад часу ягонага заснаваньня ў Лёндане (сакавік 1954 году), была няшмат вядомая, але актыўная “Кэмбрыджская хэўра”, што мела цікавасьць да гісторыі й фальклору Беларусі, ці ‘Беларутэніі’ (White Ruthenia), як яе тады называлі на-ангельску. “Хэўра”, зьвязаная з аднаўленьнем у Брытаніі паганскага сьветапогляду, звычаяў, фальклёрнай музыкі, зёлкавага лекарства, сфармавалася вакол групы таленавітых інтэлектуалаў. Там былі паэты Рупэрт Брук і Ў. Б. Ейтс, музыка Эдвард Дэнт, біяхімік Мюрыэл Ўэлдэйл. І што найбольш істотна, у групу ўваходзіла маладая беларуская фальклярыстка Галена Іваноўская зь Лідчыны (в. Лябёдка). Чатыры браты яе адыгралі значную ролю ў беларускім нацыянальным адраджэньні, пачынаючы з 1902 году. Адзін з братоў, Юры, перавозіў нелегальную літаратуру, нават беларускія вершы Ўладзіслава Сыракомлі й Алаізы Пашкевіч, з мэтаю надрукаваць у Лёндане (ваколіца Лэйтанстон), для Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі (БРП) і Беларускай Сацыялістычнай Грамады, адным з заснавальнікаў якой быў другі брат, Вацлаў Іваноўскі. Пасьля паўстаньня супраць царызму ў 1905 годзе Юры быў арыштаваны й высланы, а Тадэвуш і Галена, каб пазьбегчы рэпрэсіяў, выехалі на вучобу за мяжу.

Дачка шырока ведамага навукоўца Леанарда Іваноўскага (1845-1919), Галена, народжаная ў 1885 годзе, вучылася ў Ньюнам-каледжы Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту, і ў дадатак да акадэмічнага курсу ў аграноміі яна стала, разам з гуртком брытанскіх арыстакратаў, энтузіястычнай аматаркай паўднёва-кэмбрыджшырскіх ловаў. У яе ўсталявалася асабліва цёплае сяброўства з сяброўкаю вялікага паэта Першай сусьветнай вайны Рупэрта Брука — Кэтрын Кокс, якая была аматаркаю коннай язды й вучылася ў тым-жа каледжы, што і Іваноўская. Галена таксама сябравала з калегам-навукоўцам, Гуям Онславам, малодшым сынам былога генэрал-губэрнатара Новай Зэляндыі. У Кэмбрыджы, дзе Брук вучыўся ў Кінгс-каледжы, а Онслаў — у Трыніты, абодва зацікавіліся культурай і фальклёрам Беларусі, а Кэтрын Кокс у 1912 годзе нават правяла некалькі месяцаў з Галенаю ў Лябёдцы, дзе сярод іншага езьдзіла на конях і брала ўдзел у паляваньнях.

У 1912 годзе Брук склаў кароткую п’есу-мэлядраму “Літва”, дзея якой адбываецца ў лясной сялянскай хаціне каля Магілёва, у Беларусі, і якая была ўпершыню пастаўленая ў Чыкага, а затым у Лёндане ў 1916 годзе. Гэта была макабарычная, але наўрад ці выдатная праца, зь вялікай колькасьцю напружаных момантаў, жахаў і гістэрычных крыкаў. Але яна ўзбудзіла некаторую цікавасьць у літаратурных колах, і ёсьць, як задецца, першай ангельскай п’есай, што датычыцца беларускай тэматыкі.

У выніку трагічнага выпадку Онслаў застаўся часткова спаралізаваным, але гэта ня зьменшыла ягонага зацікаўленьня Беларусьсю. Разам з Галенай Іваноўскай, Эдвардам Дэнтам і Мюрыэл Ўэлдэйл ён апублікаваў на працягу 1914-1922 гадоў 38 беларускіх песень з ваколіцаў Лябёдкі на Лідчыне ў лёнданскім часапісе “Фальклёр”, пад тытулам “Некаторыя беларускія фальклёрныя песьні” (Some White Ruthenian folksongs). Нават пачатак Першай сусьветнай вайны ня зьменшыў энтузыязму Гуі. 8 траўня 1915 году ён надрукаваў пад псэўдонімам “Ўэйленд Кійн” артыкул пра Беларусь у прэстыжным лёнданскім часапісе “Спэктэйтар”. Там ён пісаў пра «некалі самастойны народ Белай Русі, адзін з тых народаў, што аб’ядналіся вакол цэнтру — Каралеўства Польскага, не стварыўшы аднастайную нацыю і не ўжываючы адную мову... Нацыянальны сэнтымэнт паўсюль імкнецца да нейкага цэнтру прыцягненьня, і для беларусаў імі зьяўляюцца суполкі кшталту Беларускай Грамады або “Загляне сонца і ў наша ваконца”».

Узгадаўшы ў некалькіх радкох вялікага князя Гедыміна, ужываньне беларускай мовы ў справаводзтве і судох Вялікага Княства Літоўскага, зацеміўшы пра арміі Напалеона ды іншых заваёўнікаў, Онслаў распавёў пра захаваньне паганскіх рытуалаў,пра моцна індывідуалісцкі характар беларусаў. Ён у квецістай мадэрнісцкай прозе так апісаў сэзоны й прыход вясны:

“Пасьля доўгага сну бяз мрояў усе дзікія лясы паўстаюць бы ў сапраўдным бунце жыцьця, бы дрыяды ў поўным убраньні выходзяць з галінак голых дрэваў. Раўчукі робяцца рэкамі, а балоты — бяскрайнімі вазёрамі, па-над якімі бэкасы й кнігаўкі лётаюць сваімі няўлоўнымі шляхамі. Чароды дзікіх качак маўкліва рэжуць вечаровае паветра. Тут і там, высака ўгары, журботны покліч абвяшчае прылёт журавоў. Набухшыя пупышкі апранаюць у пурпур альховыя лясы. Глеба, якая дыхае вострай слодыччу, што гэтак любая селяніну, выяўляе сваю прыхаваную сілу ў шчодрых колерах кветак. Гушчары пакрытыя ружаватым мохам, а на ўзьлесках белымі зорачкамі пераміргваюцца курасьлепкі. Пяшчотныя кветкі сон-травы ківаюцца пад подыхамі ветрыку, а з балотаў гучыць птушыны вэрхал, дзе гнуцца трысьнягі й жотыя касачыкі ўкленчваюць бы перад прыступкамі каралевы-вясны.”

Багацьце і дакладнасць дэталяў у гэтым апісаньні вясновай зьмены беларускага краявіду і “шырокага гасьцінцу, зь пяшчанымі калеямі, што цягнуцца далёка ў невядомасьць” па дарозе з Варшавы ў Пецярбург, даюць шмат падставаў уважаць, што Гуя асабіста праехаў паўзь Беларусь, магчыма падчас адведзінаў свайго старэйшага брата, які працаваў пэўны час у Брытанскай амбасадзе ў Расеі.

Ён імкнецца знайсьці ў асаблівасьцях навакольля ключ да характару насельнікаў. Разважаючы, і, магчыма, абапіраючыся на свой досьвед паэтычных выяваў, Онслаў аддае перавагу асьвятленьню характару праз спасылкі на розныя датычныя рэчы, чымся праз самавыяўленьне. Не ўважаючы сябе за Чэпмана (ангельскі рэнэсансавы паэт, што перакладаў клясыку), Онслаў тым ня менш паказвае сябе як выбітны перакладчык, здольны паставіцца да тлумачэньня беларускай фальклёрнай паэзіі гэтак-жа, як і да перадачы па-ангельску францускіх рэнэсансавых санэтаў Дзю Белэй. Прынамсі ён заслугоўвае на званьне першага сучаснага перакладчыка беларускай паэзіі на ангельскую мову.

“Часамі няма лепшага пранікненьня ў характар народу, чым паслухаць ягоныя легенды й песьні, што ўтварыліся пад уплывам шмат пакаленьняў людзей, жывучых на адным абшары. Мноства песьняў, што сьпяваюць беларусы падчас працы у полі, ці доўгімі зімовымі вечарамі, якія-б не былі яны нявытанчаныя ды чужыя для нашага вуха, зьяўляюцца найбольш праўдзівым адлюстраваньнем нацыянальнага характару. У музыцы, што суправаджае гэтыя песьні, ляжыць ня толькі ключ да іхняе прыроды, але й цэлая гісторыя мінулых пакутаў, палітычнай несправядлівасьці й жорсткага прыгону... Гэтая музыка трапеча невыказным смуткам, і як гэтыя горкія ноты журботна разносяцца над змрочнымі балотамі, яны сплятаюцца ў старадаўнія выявы, што поўняць душу слухача маркотаю, якая ўласьцівая як песьням, так і ўсёй спадчыне гэтага паўночнага народу. Нягледзячы на пакуты, перанесеныя ў мінуласьці ад сваіх уласных паноў і ад чужых заваёўнікаў, беларусы ніколі, у адрозьненьні ад біблійных выгнаньнікаў у Бабілёне, не павесяць свае цымбалы, ня спыняць песень, бо для іх, як і для ўсіх сапраўдных славянаў, пакуты ёсьць сутнасьць натхненьня”.

Затым Онслаў дае вершаваны пераклад аднаго зь беларускіх фальклёрных сьпеваў, што перад гэтым быў апублікаваны ў празаічным перакладзе у часапісе “Фальклёр”.

Нажаль, Вялікая вайна 1914-1918 гадоў, у траншэях якой зрабіліся безсэнсоўнымі ахвярамі так шмат таленавітых юнакоў, разбурыла Кэмбрыджскую “Хэўру”. Адна з выдатных асобаў, што належалі да яе, Мэры Гэрбэрт (з дому Дэ Вэскі) стала, разам з сынам Обранам Гэрбэртам (1922-1974), лучным зьвяном паміж Кэмбрыджскай “Хэўрай” і Англа-Беларускім Таварыствам. Сябры сяброў з Кэмбрыджу і пазьней з Оксфарду й Блумзбэры — А. Макалюм-Скот (“Beyond the Baltic”, 1926), Мюрыэл Онслаў (“Huia Onslow — a Memoir”, 1926), Ада Чэстэртан (“My Russian Venture”, 1931), князь Дзьмітры Сьвятаполк-Мірскі, актор Джон Дрынкўотар — не забыліся пра тое, што яны даведаліся пра “Беларутэнію”. “Літва” Брука, зборнік Іваноўскай і Онслаў “Некалькі беларускіх фальклёрных песень”, разам зь беларускім “Новым Запаветам і Псальмамі” (1931), надрукаванымі Брытанскім і Замежным Біблійным Таварыствам, а таксама з іншымі працамі, застаюцца неацэннымі помнікамі англа-беларускага культурнага супрацоўніцтва ў гэты раньні пэрыяд.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы