Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Дзьмітры КАСМОВІЧ: “За вольную і сувэрэнную Беларусь”
Магілёўскі пэрыяд (урывак з будучай кнігі)

У 2006 годзе мае выйсьці кніга пра палітычнага і вайсковага дзеяча, генэрала Дзьмітрыя Касмовіча (1909—1991).

Дзьмітры Касмовіч нарадзіўся ў Нясьвіжы. Вучыўся ў Нясьвіскай і Радашкоўскай беларускіх гімназіях. У Радашкавічах пазнаёміўся зь дзеячамі нацыянальнага руху А. Уласавым, Я. Гаўрылікам ды Б. Тарашкевічам, што й паўплывала на ягоны далейшы лёс. У 1929 годзе Дзьмітры з прычын палітычнага ўціску пакінуў Заходнюю Беларусь і выехаў у Бэльгію, дзе працаваў і паралельна вучыўся ва ўнівэрсытэтах Генку і Льежу. У другой палове 1930-х вучыўся ў Бялградзкім унівэрсытэце (Югаславія).

Улетку 1939 году вярнуўся ў Нясьвіж і пасьля прыходу саветаў працаваў у мясцовай гарадзкой адміністрацыі, браў удзел у Народным сходзе ў Беластоку. Савецкія ўлады ня спраўдзілі ягоных надзеяў, і з пачаткам нямецкай акупацыі ён спрабаваў супрацоўнічаць з новымі ўладамі: арганізоўваў гарадзкую паліцыю ў Менску. Затым выехаў ва ўсходнія раёны Беларусі, дзе разам са стрыечным братам Міхасём Вітушкам арганізаваў атрады Службы парадку ў Бранску, Смаленску, Магілёве. Дз. Касмовіч быў таксама адным зь ініцыятараў абвешчаньня аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы й увайшоў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі.

У студзені 1945 году па заданьні прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага выехаў у Швайцарыю для наладжваньня кантактаў з заходнімі аліянтамі. Па вайне жыў у Штутгарце, узяў шлюб з Надзеяй Міцкевіч, пляменьніцай Якуба Коласа і знанага эміграцыйнага дзеяча ў ЗША Міхася Міцкевіча. Займаўся актыўнай дзейнасьцю, узначальваў Беларускую Незалежніцкую Партыю, Беларускі Вызвольны Фронт, браў актыўны ўдзел у сусьветных антыкамуністычных арганізацыях. У 1980-х атрымаў ад прэзыдэнта БЦР Нікандра Мядзейкі рангу генэрала.

Дзьмітры Касмовіч у 1986 годзе скончыў успаміны “За вольную і сувэрэнную Беларусь”, у якіх апісаў жыцьцёвы шлях ад навучаньня ў Нясьвіжы да капітуляцыі Нямеччыны ў 1945 годзе.

Гэтыя ўспаміны й складуць асноўную частку будучай кнігі. Яны часткова друкаваліся ў часапісе “Спадчына”. Таксама ў кнігу ўвойдуць дакумэнты эміграцыйнага пэрыяду, дзёньнік, напісаны ў канцы 1950-х, ліставаньне з Надзеяй Абрамавай-Тэадаровіч.


І

У ліпені 1943 г. я пераехаў у Магілёў, дзе застаў акругу ў такім жа стане, як Смаленскую ў красавіку 1942 г. На чале акруговай управы стаяў расеец Філатаў, нямецкая фэльдкамэндатура і мясцовыя ортскамэндатуры абсаджвалі галоўныя адміністрацыйныя пасады расейцамі. У выпадку калі на гэтых пасадах знаходзіліся патрыёты-беларусы, як у Бабруйску бургамістр Крупеня, ім забаранялі ўзмацняць беларускі патрыятычны дух сярод насельніцтва.

Насельніцтва Магілёўшчыны, як і ў іншых беларускіх акругах, цярпела ад лясных бандаў, арганізаваных маскоўскім дэсантам, і карных акцыяў эсэсаўцаў. Насельніцтва краю стрымана ставілася як да немцаў, так і да прарасейскай антысталінскай прапаганды, не прыняўшы ўласаўскіх заклікаў змаганьня за Новую Эўропу. Беларусы Магілёўшчыны чакалі і шукалі свайго беларускага, роднага закліку да змаганьня за сваю вольнасьць і бацькаўшчыну Беларусь.

Акруговае ОД (паліцыя парадку — рэд.), якой кіравалі расейцы, было неактыўнай і не падтрымлівалася насельніцтвам. Расейскія камандзіры былі безыніцыятыўнымі, бязвыезна сядзеўшы ў раёнах. У акрузе гаспадарылі лясныя банды.

Я адразу рэарганізаваў акруговую паліцыю парадку, ператварыўшы яго ў Беларускае краёвае войска (БКВ) ды паставіўшы заданьне змагацца за вызваленьне Бацькаўшчыны ад акупантаў. Хутка быў арганізаваны і аддзел контрвыведкі, які даў карціну сытуацыі ў акрузе і ОД. Радаслаў Астроўскі правёў рэарганізацыю Магілёўскай гарадзкой управы, на чале якой паставіў беларуса Н. Таксама ён дапамог доктару Сьцяпанаву адкрыць у горадзе Мэдычны інстытут.

Арыентуючыся ў сытуацыі, я запатрабаваў ад генэрал-камэнданта Магілёўскай фэльдкамэндатуры, каб “партызаны”, якія добраахвотна варочаліся зь лясных бандаў на прызывы акруговага кіраўніцтва БКВ — ОД, былі амніставаныя. У далейшым яны маглі свабодна працаваць у вёсках або ўступаць у шэрагі Беларускага краёвага войска. Ведаючы ад франтавога камандаваньня пра вялікія посьпехі БКВ — ОД у Браншчыне і Смаленшчыне, генэрал пагадзіўся з прапановай. Таксама я рэарганізаваў акруговы штаб БКВ — ОД ды папоўніўшы яго забранымі з Смаленску камандзірамі. Штаб узначаліў палкоўнік Пятроў (псэўданім), былы начальнік афіцэрскай школы Чырвонай Арміі.

Хутка ў раённых цэнтрах і вёсках пачалі павялічвацца сілы БКВ — ОД, паўставалі новыя апорныя пункты. Арганізоўваліся курсы для падафіцэрскага складу, якімі кіравалі былыя камандзіры Чырвонай Арміі.

ІІ

У гэты час генэрала Краца перавялі з VII вайсковага аддзелу на фронт. Радаслаў Астроўскі выкарыстаў перавод і выехаў у Баранавічы, да дачкі-лекаркі (Галіны Мінкевіч — рэд.) на “лячэньне”. Там, згодна з распрацаваным Цэнтральным камітэтам Беларускай незалежніцкай партыі плянам, ён мусіў скарыстаць адпаведныя ўмовы, каб утварыць і ачоліць Беларускі ўрад. Урад ставіў-бы на мэце мабілізацыю ўсіх народных сілаў і рэсурсаў, неабходных для змаганьня за незалежную і вольную Беларусь.

Я, вызначаны Галоўным франтавым камандаваньнем інспэктарам усіх Беларускіх збройных сілаў БКВ — ОД на франтавым абшары, чарговы раз запэўніў Астроўскага, што Беларускае краёвае войска — ОД падтрымае яго кандыдатуру і будзе змагацца супраць кожнага акупанта за вольную і незалежную Беларускую Дзяржаву.

Са Смаленску мне ў дапамогу быў выкліканы Міхась Вітушка. Галоўнае камандаваньне дазволіла арганізаваць у Магілёве афіцэрскую школу. На начальніка школы быў вызначаны згаданы вышэй палкоўнік Пятроў, выкладчыкамі — гомельскі камандзір БКВ — ОД, лаяльны беларусам палкоўнік Кардакоў, камандзір БКВ — ОД у Старых Дарогах палкоўнік Кобзаў ды іншыя патрыёты-беларусы. Палітычным выхаваньнем займаліся я і Міхась Вітушка.

На наш заклік партызаны сталі варочацца зь лесу. Яны ўступалі ў шэрагі БКВ — ОД, і зь іх боку не было ніводнай здрады. БКВ — ОД хутка павялічвалася, што вельмі занепакоіла Маскву. Яны пастанавілі тэрорам спыніць рост сілы БКВ — ОД. Агенты НКВД забілі ўначы намесьніка Магілёўскай акругі Н. і галоўнага лекара БКВ — ОД маёра Мядзьведзева ў іх кватэрах.

ІІІ

Аднак тэрор не запалохаў БКВ — ОД і не спыніў яго росту. На пасаду кіраўніка Магілёўскай акругі быў абраны я, што дало болей магчымасьцяў дапамагаць жыхарам акругі. Я меў мажлівасьць пры частых наведваньнях Магілёўскага БКВ спатыкацца з начальнікамі раёнаў і старшынямі вёсак, абгаворваць і вырашаць усе пільныя праблемы. Я знаёміўся з жыцьцём, праблемамі і нацыянальным духам БКВ — ОД і насельніцтвам у абсягу ўсяго Сярэдняга адцінку фронту — г. зн. усе абшары ўсходняй Беларусі ад Пскова, праз Віцебшчыну, Смаленшчыну, Магілёўшчыну, Бабруйшчыну, Барысаўшчыну да Гомелю з часткай Чарнігаўшчыны. Маючы ўпаўнаважаньне Галоўнага франтавога камандаваньня, я павялічваў і ўзмацняў баявыя сілы БКВ, адкрыта выступаючы з патрыятычнымі прамовамі і заклікамі змагацца за вольную і незалежную Беларусь. Эвакуяваныя з Браншчыны батальёны БКВ – ОД знаходзіліся пад маім наглядам.

Часам прыходзілася выпраўляць памылкі вайсковых фэльдкамэндатураў у дачыненьні да БКВ і насельніцтва. Усе вайсковыя нямецкія часткі Сярэдняга фронту атрымалі загад Галоўнага франтавога камандаваньня фронту выконваць мае папраўкі ў справах БКВ і насельніцтва.


Выдаўцы кнігі (Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, рэдакцыя часапісу “Запісы БІНІМ”) зьвяртаюцца да сваякоў Дзьмітрыя і Надзеі Касмовіч-Міцкевіч, ягоных былых паплечнікаў, зацікаўленых асобаў з просьбаю дапамагчы ў фінансаваньні выданьня кнігі. Частку кнігі фундавала ўдава Дзьмітрыя Касмовіча, сп. Надзея Касмовіч-Міцкевіч. Усе ахвярадаўцы будуць пералічаныя ў прадмове да кнігі.

Адрас для кантактаў рэдакцыя газэты “Беларус”:

BIELARUS
P. O. Box 3225
Farmingdale, NY 11735 USA


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Ваш камэнтар
Імя 
Места 
Пошта 
Камэнтар 
Антыспам *  
* Увядзіце тэкст, які бачыце на малюнку справа. Гэта патрэбна нам для абароны ад аўтаматычных рэклямных паведамленьняў.

Старонкі: 1  

Алесь
Жыве Беларусь!

Хутка змыем камуністычны прапагандыскі бруд з герояў краіны.
2009-01-17 11:37:20

Зьміцер
Ён герой!
2007-04-23 15:56:03

Ales'
Vy zusim zvarjaceli. Fashystau na gerojau perarablac'.
Hnusna!
Trenton, 2005-09-13 17:28:54
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2009. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1, падтрымка сайта — Iрына Дзесюкевiч luna-roja.com
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы