Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Беларусы ў Маршы Паняволеных Народаў

Зьміцер ПАРЭЦКІ

У 47-ы раз пачаўся ў Нью Ёрку 17 ліпеня Тыдзень Паняволеных Народаў, у якім увесь гэты час бяруць удзел прадстаўнікі беларускай грамады. Праводзіць гэтую імпрэзу створаны ў 1958 годзе Камітэт Паняволеных Народаў. Правядзеньне Тыдня заканадаўча замацавана прынятым у 1959 годзе Кангрэсам ЗША Грамадзкім законам (Public Law 86-90), які гаворыць: “Кожны трэці тыдзень у ліпені абвяшчаецца Прэзыдэнтам Злучаных Штатаў як Тыдзень, прысьвечаны паняволеным нацыям, што пазбаўленыя свабоды й права на бесперашкоднае вызначэньне свайго лёсу шляхам выбараў ды іншых дэмакратычных працэдураў. Злучаныя Штаты, адстойваючы прынцыпы свабоды й незалежнасьці па ўсім сьвеце, выказваюць сваю падтрымку народам, што пакутуюць пад панаваньнем тыранічных, камуністычных сілаў.”

Сёньня, калі слова “камунізм” афіцыйна не ўжываецца рэжымам Лукашэнкі, але стыль кіраваньня, як і дыфірамбы рэжыму ў адрас Сталіна ды савецкай сыстэмы, ясна паказвае, чые мэтады й чыю ідэалёгію карыстае сёнешні рэжым у Беларусі. Таму беларуская грамада Амэрыкі, верная справе змаганьня за вольную незалежную Беларусь, верная ідэалам Акту 25 Сакавіка, працягвае актыўны ўдзел у імпрэзах Камітэту Паняволеных Народаў.

Тыдзень Паняволеных Народаў традыцыйна адкрываецца Маршам Паняволеных Народаў, якому папярэднічае імша ў Саборы Сьв. Патрыка.

Удзельнікі Маршу з разгорнутымі сьцягамі й плякатамі прайшлі да Сабору, дзе сьцягі былі асьвечаныя, і адбылася імша. Пасьля імшы ўдзельнікі, сярод якіх дамінавалі беларусы, і былі прысутныя кубінцы, палякі, нікарагуанцы, эстонцы ды іншыя, прайшлі Маршам па Пятай Авэню да 72-й вуліцы. Раз-пораз гучэў магутны покліч “Жыве Беларусь!” Луналі беларускія сьцягі, на плякатах можна было прачытаць: “Свабоду ўсім паняволеным народам!”, “Свабоду Беларусі!”, “Падтрымаем Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі !” , “Беларусь мае дзьве бяды —Лукашэнку і Чарнобыль”, “Спыніць этнацыд у Беларусі”, а таксама “Расея, аддай забраную эстонскую зямлю!”, “Свабоду Кубе” ды інш.



У Цэнтральным парку адбылося адкрыцьцё Тыдню Паняволеных Народаў. Напачатку былі зачытаныя праклямацыі ад Прэзыдэнта ЗША, мэра Нью Ёрку і губэрнатараў Нью Ёрку і шэрагу іншых штатаў. Затым з кароткай прамовай выступіў ганаровы госьць Тыдню сп. Зянон Пазьняк, які назваў Беларусь паняволенай чужынскім рэжымам і падкрэсьліў неабходнасьць узмацненьня салідарнасьці народаў у барацьбе супраць дыктатураў і таталітарызму. Прадстаўніца Нікарагуа спн. Ірэн Бодэн закранула становішча на сваёй бацькаўшчыне і выказала ўражаньні пра паездку туды і наступствы панаваньня рэжыму сандыністаў. Юрыдычны дарадца Камітэту Паняволеных Народаў сп. Майкл Райан прывітаў прысутных і акрэсьліў асноўныя кірункі дзейнасьці Камітэту ў бягучы час, а таксама сувязі з рэспубліканскімі кангрэсмэнамі й сэнатарамі праз Рэспубліканскі клюб. Сп. Райан паінфармаваў, што дачка былога старшыні Камітэту сп. Дабранскага, заняла пасаду намесьніка Дзяржсакратара ЗША і выказала гатовасьць у межах сваёй кампэтэнцыі садзейнічаць дзейнасьці Камітэту. Таксама было адзначана, што ў Вашынгтоне ідзе падрыхтоўка да пабудовы Мэмарыялу ахвярам камунізму, які плянуецца ўрачыста адкрыць напачатку 2006 году. Прадстаўнікі беларускай грамады выказалі зацікаўленьне ў тым, каб Мэмарыял адлюстроўваў таксама ахвяры беларускага народу ад рук камуністычнай тыраніі, і каб слова “Курапаты”, як сымбаль пакутаў Беларусі, было далучанае да сьпісу месцаў, дзе адбываліся злачынствы камунізму.

Напрыканцы імпрэзы сп. Яан Куум, прадстаўнік Эстоніі, прачытаў праект рэзалюцыі-звароту да ўладаў ЗША, у якой між іншага ўзгадана неабходнасьць спыніць панаваньне дыктатуры ў Беларусі, аднавіць рэлігійныя свабоды ў шэрагу краінаў Азіі, ліквідаваць наступствы панаваньня камунізму і русыфікацыі ў краінах Усходняй Эўропы, пакараць камуністычных злачынцаў, адказных за тэрор супраць насельніцтва сваіх краінаў, аднавіць справядлівасьць адносна тэрытарыяльных захопаў Расеі ў краінах Балтыі, выплаціць кампэнсацыі ўсім выгнанцам і ўцекачам ад камуністычных рэжымаў, прызнаць камунізм антыгуманнай і чалавеказабойчай ідэалёгіяй. Рэзалюцыя была аднадушна падтрыманая ўдзельнікамі Маршу.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы