Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Антыбеларуская дзейнасьць прыхільнікаў Лукашэнкі

Беларускія вернікі

Ужо на працягу пэўнага часу вакол катэдральнага сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне назіраецца дэструктыўная дзейнасьць групы асобаў, якая праз разнастайныя несумленныя захады імкнецца прыйсьці да кіраваньня парафіяльнаю радаю сабору і да кіраваньня Беларускаю Аўтакефальнаю Праваслаўнаю Царквою (БАПЦ). Пры гэтым прадстаўнікі гэтай групы ўсяляк зьневажаюць і абражаюць беларускамоўных парафіянаў сабору, прыцягваюць сабе ў дапамогу і запрашаюць зрабіцца парафіянамі выпадковых асобаў, што ня маюць дачыненьня ані да Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, ані да Беларусі наагул.

Між тым БАПЦ была створаная дзеля задавальненьня патрэбаў менавіта беларускамоўных вернікаў, аб чым сьведчаць традыцыі, статут і адпаведная дакумэнтацыя БАПЦ. На парадак дня штучна высоўваюцца такія нечуваныя і ганебныя рэчы, як скасаваньне слова “Аўтакефальная” у назве Царквы, увядзеньне казаняў па-расейску. Робяцца спробы пазбыцца беларускіх нацыянальных сымболяў — сьвятар Ігар Якунін “бласлаўляе” вынас з прыцаркоўнай залі гэрбу Пагоня, падымаецца пытаньне аб замене нацыянальнага беларускага сьцягу на сьцяг рэжыму Лукашэнкі. Дарэчы, выказваньні й публікацыі сябраў групы маюць моцную антыамэрыканскую і антызаходнюю, прарасейскую накіраванасьць. Навідавоку імкненьне зьдзейсьніць паўзучую русыфікацыю і дэмаралізацыю БАПЦ. Гэткія дзеяньні ёсьць цынічным зьдзекам над ахвярнасьцю і адданай працай некалькіх пакаленьняў беларусаў, якія сваім мазалём і шчыраю вераю ў Бога здабылі сабе нацыянальную царкву, збудавалі свае сьвятыні й адстаялі права зьвяртацца да Бога ў сваёй роднай мове. Гэтае права зьвяртацца да Бога па-беларуску адвеку ставілася пад пытаньне рознымі варожымі Беларусі сіламі. І вось цяпер тая ганебная зьява зноў падымае галаву, гэтым разам у дэмакратычнай краіне, што дала прытулак як беларусам-працаўнікам, так і прайдзісьветам, якія імкнуцца злоўжыць даверам і патаптаць плён намаганьняў сотняў сумленных людзей.

Паралельна з падрыхтоўкаю закалоту ў царкве ідзе спроба расхістаць беларускія грамадзкія арганізацыі. Прасочваецца актыўнасьць у кантактах з афіцыйнымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі ў ЗША, робіцца спроба ўсчаць кшталт інфармацыйнай вайны, скіраванай на падтрымку палітыкі Лукашэнкі. Высьвечаны на япіскапа сп. Віктар Касьцюк (уладыка Васіль), які з дапамогаю сп. Чудзіна дэзынфармаваў Царкоўную Раду і Кансысторыю БАПЦ і прыхаваў да пары свае прарасейскія пагляды й прыхільнасьць да Расейскай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), выдаліў з парафіяльнай рады пад надуманым прэтэкстам сьведамых беларусаў. Цяпер у Беларусі ён, нібы ад імя БАПЦ, спрабуе падпарадкаваць сабе сьвятароў і парафіянаў Беларускай Аўтакефальнай (Народнай) Праваслаўнай Царквы, з тым, каб улучыць іх у склад РПЦ. Вядома, што РПЦ бласлаўляе ўсе дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, і знаходзіцца ў канкардаце зь ім, што насуперак Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь робіць РПЦ дзяржаўнаю царквою. Гэтым самым кожны дабраахвотны кантакт асобаў са структурамі рэжыму і РПЦ дыскваліфікуе гэтых асобаў для працягу выкананьня функцыяў і знаходжаньня на пасадах у БАПЦ.

Калі прааналізаваць дзейнасьць антыбеларускай і антыцаркоўнай групоўкі, асобныя факты складаюцца ў агульную тэндэнцыю, скіраваную на зьнішчэньне БАПЦ або падпарадкаваньне яе Расейскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату — адвечнага ворага беларускай духовасьці, незалежнасьці й свабоды. Таксама робіцца спроба дэзынфармаваць грамадзкасьць адносна палітыкі рэжыму Лукашэнкі, стварыць падставу для ўтварэньня пралукашэнкаўскіх структураў у беларускай дыяспары, аслабіць і раскалоць яе па ўзоры, што выпрабаваны ў Латвіі, Чэхіі ды іншых краінах.

На гэта паказваюць як дзеяньні групоўкі, так і асобы яе сяброў. За ўсім плянам стаіць асоба кіраўніка і натхняльніка родам з Расеі — Юрыя Чудзіна, які вывучыў беларускую мову і ўвайшоў у давер да нацыянальных беларускіх дзеячоў у Беларусі й у ЗША. Сп. Чудзін скрозь карыстаецца псэўдонімам (“Васілеўскі”) замест сапраўднага прозьвішча. Маючы немалыя інтэлектуальныя, а таксама маніпуляцыйныя здольнасьці, перабыўшы па чарзе каталіком, вуніятам і нарэшце зрабіўшыся праваслаўным, сп. Чудзін (“Васілеўскі”) у патрэбны момант стаў рэнегатам і цынічна выракся беларускай справы, якую ён на словах палка падтрымліваў.

Ягоным стараньнем Царква прыдбала сьвятароў, якія замест зьдзяйсьненьня душпастырства і распаўсюду хрысьціянскай любові сеюць закалот і варажнечу. Ён усяляк узносіць дыктатара Лукашэнку і ягоныя “дасягненьні”, пагарджае ўсім нацыянальна беларускім. Увёўшы ў зман сп. Расьціслава Гарошку, выдаўца газэты “Беларускі Час” (фактычна штодвухгадовіка), сп. Чудзін у апошнім, пятым, нумары газэты пачаў адкрыта распаўсюджваць свае антыбеларускія погляды, якія ён даваў раней у завуаляваным выглядзе. Перад выхадам апошняга нумару газэты Чудзін заявіў сп. Гарошку, што амбасада Беларусі дае грошы на “выданьні”. Гэты нумар быў выдадзены бязь ведама і без удзелу выдаўца. У гэтым нумары маскі зьнятыя. Амаль палова плошчы нумару выйшла па-расейску, з махровай апалёгіяй рэжыму Лукашэнкі, з матар’яламі афіцыйных прадстаўнікоў рэжыму і лукашэнкаўскім сьцягам. Робіцца заклік падтрымаць мэгаляманіякальны плян “зьбіраньня расейскіх земляў” з цэнтрам у Менску і пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Пры гэтым у “шапцы” выданьня цынічна, з мэтай увесьці ў зман, пакінутая выява “Пагоні”. Завяршае нумар пусты зубаскальны артыкул пра стан беларускай царквы ў Дораты, Нью Джэрзі. Дарэчы, гэты нумар газэты, пад фактычна скрадзенай у выдаўца назваю, ужо фігуруе на падрыхтаванай рэжымам Лукашэнкі “выставе сродкаў масавай інфармацыі беларускіх дыяспараў” у Менску, дзе прадстаўленыя пралукашэнкаўскія кішэнныя арганізацыі Расеі, Малдовы, Латвіі.

Усё вышэйсказанае выклікае шэраг пытаньняў.

Наколькі прыймальнае сяброўства ў кіраўнічых структурах БАПЦ людзей, якія імкнуцца аслабіць і зьнішчыць гэтую Царкву?

Як могуць людзі, што лічаць сябе беларусамі, дазваляць злоўжываць сваім імём і аўтарытэтам у сумніўных антыбеларускіх і антыцаркоўных прадпрыйманьнях?

Колькі яшчэ часу беларуская грамадзкасьць будзе цярпець у сваіх шэрагах дэструктыўную дзейнасьць антыбеларускай і антыцаркоўнай групы?


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы