Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
БЕЛЫЯ ПЛЯМЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫЙНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
(З архіву)


Зора КІПЕЛЬ

Апошнім часам зьявілася некалькі добрых кнігаў і крытычных артыкулаў пра беларускую эмігранцкую літаратуру.

Назаву толькі некаторых: Ян Чыквін “Блізкія і далёкія” ў 1997 годзе; Лідзія Савік “Пакліканыя” і “Зваротныя дарогі” Алеся Пашкевіча. Кніга Алеся Баршчэўскага “Творцы беларускага літатурнага руху ў Польшчы” хоць і ня цалкам належыць да эміграцыйнай літаратуры, аднак кранае беларускую літаратуру па-за цяперашняй Беларусьсю. Усе чатыры кнігі выйшлі ў 2001 годзе. Ды нарэшце кнігі, уступныя артыкулы, агляды, камэнтары самага прадуктыўнага й таленавітага літаратураведа беларускага замежжа нашага маладога калегі Лявона Юрэвіча.

Усе гэтыя успомненыя аўтары разглядаючы творы беларускіх эмігранцкіх пісьменьнікаў заўважаюць зусім правядлова, што аснаўны эміграцыйны матыў – гэта любоў да Бацькаўшчыны, адданасьць ёй, гонар за яе і, да меншай ступені, “туга па Радзіме”, як 10 гадоў таму зацеміў быў Барыс Сачанка. Тут хутчэй сум па Радзіме. Варта толькі перагледзіць загалоўкі да аддзелаў у кнізе Лідзіі Савік, як гэта стане відавочна: “Жывём айчынай мы”, “Песьню пяем мы адну”, “Веру ў народ мой сьмелы”, “Жыву і дыхаю, мой Край, Табой” .

Тэматыка й жанравасьць беларускай эмігранцкай літаратуры шырокадыяпазонная - ёсьць тут і каханьне і эротыка і міфы, ёсьць і гістарычная тэматыка й мэмуары.

Адна толькі тэма-сюжэт – адлюстраваньне жыцьця краіны, у якой па волі лёсу эмігранты апынуліся – амаль адсутнічае. Тут я хачу засяродзіцца на прозе. У паэзіі гэтая тэма парушалася, хоць і вельмі скупа.

Дазвольце мне зьвярнуць увагу й засыгналізаваць будучым літаратурным крытыкам на гэтыя “белыя плямы”.

Тэрмін “белыя плямы” я ўжыла тут больш для драматычнасьці, добра разумеючы, што ён можа й ня зусім адпаведны.

Насамперш я пастараюся прааналізаваць гэтую амаль адсутнасьць, а пазьней кораценька разгледзець тыя нешматлікія творы, дзе тэма новай краіны парушаецца.

Вось-жа адна з прычынаў, на маю думку, гэта тое, што беларускі пісьменьнік пакінуў свае глыбокія карані на Бацькаўшчыне. На эміграцыі можа ўжо й пусьціў карэньчыкі, але ня зусім укараніўся, ня зусім пазнаў тую новую краіну, не ўцягнуўся ў жыцьцё гэтай краіны. Адна з гарантыяў добрага твору — гэта калі аўтар піша пра тое што ведае, з чым апазнаны, што вычувае сэрцам.

Другое – гэт магчыма й мова. Пішучы па-беларуску неяк беларуская тэматыка выходзіць натуральна, а іншая вымушана, нацягнута. Гэта, праўда, ня стрымала шмат якіх добрых сусьветных пісьменьнікаў, але беларускі пісьменьнік на эміграцыі застаўся беларускім патрыётам, і тут я непасрэдна пераходжу да трэцяй гэіпатэтычнай прычыны – гэта страх здрадзіць беларускай ідэі, беларускай тэме, якая была гэтак занядбаная і абставінамі й умовамі і, самае галоўнае, неспрыяльнай, непрыхільнай уладай.

Разгледжу тут творы трох аўтароў.

Кастусь Акула. Раман “За Волю” пісаны ў Таронта, Канада ў 1991 годзе.

Дзея адбываецца далёка перад гэтым, у часы халоднай вайны, у часы шпіёнаманіі, калі вельмі актыўна дзейнічаў гэтак званы камітэт “За вяртаньне на Радзіму й культурныя сувязі з суайчыньнікамі за мяжой”.

Лакал – канадыйскі горад Радфорд, дзе ёсьць беларуская група.

Пратаганісты – канадыйцы беларускага паходжаньня са старой і новай эміграцыі, канадыйцы, саветчыкі-энкавэдысты.

Галоўныя тыпы: Алесь Якімовч, малады, сумленны, працавіты беларускі эмігрант. Вера Мак, маладая дзяўчына са старой эміграцыі, якую заангажавалі саветчыкі сачыць за беларускай эміграцыяй. Антон Шпак, беларускі пісьменьнік, і Рыгор Капшун, палітрук-энкавэдыст.

Фабула простая. Штодзённае жыцьцё, праца, адпачынак на прыгожай, маляўнічай канадыйскай прыродзе, грамадзкая праца, інтрыгі “завяртаньнікаў”, як іх эмігранты называлі, намаганьні інфільтраваць правакатараў для разьбіваньня жыцьця й дзейнасьці беларускай эміграцыі – царкоўнага, грамадзкага, палітычнага. Асабліва ім быў страшны Антон Шпак, якога савецкія агенты пазьней і замардавалі, хоць тое, фактычна, быў няшчасны выпадак.

Дыялёг насычаны гістарычнымі, грамадзкімі, палітычнымі, літаратурнымі беларускімі праблемамі як на эміграцыі, гэтак і на Беларусі - аж ад 19-га стагодзьдзя. Шмат ангельскіх фразаў, часам з тлумачэньнем, часам не.

Разьвязка – прадбачаная. Вера й Алесь закахаліся. Але напады на Алеся з боку завяртаньнікаў, роспачлівыя лісты ад маці зь Беларусі ускладняюць іх адносіны, тым больш, што Алесь пачынае падазраваць Веру. Але ўсё, урэшце, наладжваецца – Вера растлумачвае сваё непамыснае супрацоўніцтва з саветчыкамі і ... каханьне перамагае.

Другі твор - “Браты” Аляксандры Саковіч , выдадзеныя ўпершыню асобнай кніжкай у 1973 годзе, перадрукаваныя ў зборніку “У пошуках праўды” ў 1986 годзе, на першы пагляд, амаль пераклікаецца з Акулавым творам.

Сабіна, новая беларуская эмігрантка ў Амэрыцы, - інтэлегентная дзяўчына - выпадкова спатыкаецца з асобай, якая належыць да Савецкай місіі. Аднак Канада й жыцьцё Сабіны там – гэта толькі фон.

Вялікі экскурс у Беларусь займае амаль 90 адсоткаў твору - успаміны пра Максіма, які незнаёмец-энкавэдыст, гэтак падобны на яго, нагадаў Сабіне пра абставіны, пры якіх яны некалі спаткаліся з Максімам, кахаліся, пра іх жыцьцё на Беларусі, перажываньні ў часы вайны. Зноў, як і ў Акулы, разважаньні пра беларускае палітычнае жыцьцё, гісторыю, літаратуру.

Напрыканцы высьвятляецца, што незнаёмец – гэта брат Максіма, Вадзім, які пайшоў другой дарогай і амаль здрадзіў беларускай справе, зьвязаўшыся з энкавэдыстымі. Аднак па спатканьні з Сабінай ён гэтак пераняўся - сумленьне яго перамагло.

Канчаецца нарыс словамі ... “І назаўтра радыё й тэлебачаньне ў Кліўлендзе паведамілі, што яшчэ адзін савецкі дыплямт папрасіў азылю”.

І трэйці аўтар: Уладзімер Глыбінны у зборніку “На берагох пад сонцам”, які выйшаў у 1964 годзе, сам назваў адзін разьдзел Амэрыканскія навэлі, улучае два апавяданьні “24-ы гадзіны Боба Браўнэла” і “Зялёны атрамант”, абодва пісаныя ў 1956 годзе – сапраўды амэрыканскія навэлі на беларускай мове: і дзея адбываецца ў Нью-Ёрку, і пратаганісты - амэрыканцы. Гэта ўжо чысты амэрыканскі крымінал з выразнай маральлю, што крымінальныя ўчынкі не аплочваюцца. Але нават тут аўтар ня вытрымаў і ўсё-ж уставіў напрыканцы сваёй кароткай навэлі “Зялёны атрамант” беларускі выраз: “Зарабіў, як Заблоцкі на мыле”.

Вось гэта колькі твораў зь беларуска-амэрыканскай літаратуры, ці-то бы беларуска-канадыйскай літаратуры, ці-то амэрыканскай літаратуры на беларускай мове, ці-то канадыйскай літаратуры на беларускай мове, што хоць крыху апісваюць сваю новую краіну. І каб нам не заблытацца ў сэмантыцы, скончу на вельмі простай ноце: пакуль будзе беларуская эміграцыя – будзе і эмігранцкая літаратура, і хутчэй за ўсё на беларускую тэматыку.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы