НОВАЯ КНІГА Мікола НІКАЛАЕЎ, доктар гістарычных навук
У Менску ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай летась Згуртаваньнем Беларусаў Сьвету, выходзіць чарговы, чацьвёрты па ліку, том – “Мэмуары на эміграцыі” Лявона ЮРЭВІЧА. Гэта – дапоўненае, перапрацаванае БІНіМаўскае выданьне “Беларускай мэмуарыстыкі на эміграцыі” 1999 году. Новая структура кнігі дала й новы назоў.
Прадмова да кнігі, напісаная вядомым навукоўцам з Санкт Пецярбургу Міколам НІКАЛАЕВЫМ прапануецца вашай увазе. Кнігу можна замовіць праз ЗБС “Бацькаўшчына” тэл. 226-83-37, факс 289-31-94, zbsb@lingvo.minsk.by. Гэтая кніга прысьвечаная памяці аднаго пакаленьня з тых, каго энцыкляпэдыя Бракгаўза называе «асобамі, якія па той ці іншай прычыне пакінулі сваю бацькаўшчыну з мэтай асталявацца на чужыне», а Максім Багдановіч ад свайго — і гэтых асобаў — імя напісаў: «Не рассталіся-б мы з родным краем, каб было дзеля нас у ім хлеба…».
Прыбіраецца, патроху адыходзіць пакаленьне эмігрантаў, якое зачапіла Другую Сусьветную вайну. Зачапіла маладосьць, сталы ўзрост, дзяцінства. Адыходзячы, старэйшыя занепакоеныя: «Ці застануцца ў Беларусі знакі ад цэлага нашага жыцьця?», «Што будуць ведаць пра нас нашчадкі»? Тым часам, ніколі ніхто лепш не раскажа пра іншых, як сам чалавек пра сябе. Няма лепшых сьведчаньняў і дакумэнтаў жыцьця і дзейнасьці чалавека, чым ягонае ўласнае сьведчаньне. Кніга ўспамінаў — найлепшы помнік і эпосе, і аўтару, асобны артыкул-успамін — мэмарыяльная шыльда. Успаміны беларусаў-эмігрантаў «пакаленьня Другой Сусьветнай вайны» рупліва зьбірае, дбайна захоўвае і ўважліва вывучае Лявон Юрэвіч. «Бібліятэка Бацькаўшчыны» дае магчымасьць беларускаму чытачу пазнаёміцца з другой часткай ягонай працы над vita memoriae (успамінамі жыцьця). Кніга зьяўляецца лягічным працягам папярэдніх работ спадара Юрэвіча, прынамсі, манаграфіі «Літаратурны рух на эміграцыі», артыкула «Сьмерць у люстэрку беларускай літаратуры» і шэрагу бібліяграфічных даведнікаў. У выглядзе бібліяграфічнай інфармацыі тут упершыню ўводзіцца ў навукова-дасьледчы зварот агромністае нявыкарыстанае багацьце беларускіх эміграцыйных мэмуараў, якое можа стаць і стымулам, і асновай новых грунтоўных дасьледаваньняў. А як прыклад рознага кшталту мэмуараў і як самакаштоўная вартасьць, поўнымі тэкстамі ў гэтым томе друкуюцца два аўтары — Уладзімер Дудзіцкі і Вольга Таполя, кожны па-свойму цікавіць і ўражвае.
Першае знаёмства з кнігай паклікала ўспамін аб Пабудове N 28.
Сьпякотны ліпень 1975 году. Архэалягічная экспэдыцыя пад кіраўніцтвам Леаніда Побаля капае старажытнае паселішча каля вёскі Тайманава ў Быхаўскім раёне. У раскопе паўзямлянкі VІІ—VІ стагодзьдзяў да новай эры… прастакутныя па форме хаты нашых прашчураў. Хаты пустыя і засыпаныя пяском ужо больш як дзьве з паловай тысячы гадоў. Асьцярожна выбіраем рыдлёвачкамі і маленькімі шуфлямі запаўненьне паўзямлянак: “чытаецца” спарахнелае бярвеньне сьценаў, астатняе — чысты пясок, знаходак няма. Сюрпрыз чакаў у апошняй пабудове, якая на генэральным пляне паселішча была пазначаная № 28. Спачатку яе аконтурылі па ўзроўні тагачаснай паверхні, потым пачалі выбіраць запаўненьне. Знаходкі пайшлі вельмі нечаканыя: цэлыя (!) збанкі — іх аж сем! Усе ляпныя (ганчарнага кола яшчэ ня ведалі), цалюсенькія, стаяць радочкам уздоўж усходняй сьцяны хаты, справа ад уваходу і перакуленыя донцам дагары. Прычым спачатку расчысьцілі толькі тры — чысьцілі доўга, асьцярожна, нажом і пэндзлем. Падняўшы гэтыя тры, убачылі, што яны пакрываюць яшчэ тры, меншыя памерам, таксама перакуленыя збанкі. Потым натрапілі і на сёмую пасудзіну — маленькі гліняны збаночак — як цацачны. Такія пасудзінкі часам знаходзяць у Літве і Беларусі, але былі падобныя і ў старажытных эгіпцянаў — у іх зьбіралі сьлёзы, наплаканыя ў час пахавальнай працэсіі, і ставілі разам з нябожчыкам.
Прачытаўшы кнігу Лявона Юрэвіча «Мэмуары на эміграцыі», вяртаюся ў думках да тых людзей, што пакінулі ў Тайманаве сваю хату: прыбраліся, акуратна збаночкі паскладалі і… зьніклі ў часе. Яны былі непісьменныя, і іх мэмуар, рэштачка іхняга жыцьця — гэтыя перакуленыя збаночкі.
Беларуская мэмуарыстыка на паперы пачалася ў ХVІ і пашырылася ў ХVІІ стагодзьдзі. Успаміны ўсяго жыцьця ці аднае вайны, далёкага падарожжа ці мясцовых закалотаў пакінулі наваградзкі падсудак Хведар Еўлашэўскі, нясьвіжскі князь Мікалай Радзівіл, берасьцейскі поп Афанасі Філіповіч, шляхцічы Багуслаў Маскевіч, Адам Каменскі Длужык, Ян Цадроўскі… Творы іх часта заставаліся ў рукапісе, але часам рабіліся бэстсэлерамі эўрапейскай мэмуарыстыкі. Так у 1601 годзе ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбэргу была выдадзеная на лацінскай мове кніга Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі «Hierosolymitana peregrinatio...» («Вандроўка ў Ерусалім») — мэмуар пра падарожжа зь Нясьвіжа ў Сьвятую Зямлю. У 1603 годзе зьявіўся пераклад на нямецкую, а ў 1607 — на польскую мову. У 1614 годзе лацінскі варыянт быў перавыдадзены ў друкарні Плянтэнаў у Антвэрпэне. Пазьней былі зроблены пераклады на расейскую мову — захаваліся 13 сьпісаў XVII — першай трэці XVIII ст. Частка тэксту «Вандроўкі ў Ерусалім...» зрабілася вядомай чытачу праз «Хроніку Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні й кнігу ўкраінца Іанікія Галятоўскага «Лебедзь са сваім пер’ем...».
ХVІІІ і ХІХ стагодзьдзі далі, па падліках Адама Мальдзіса, больш за 200 мэмуараў беларусаў на славянскіх (беларускай, польскай і расейскай) мовах і яшчэ некалькі дзясяткаў на іншых эўрапейскіх. Сярод аўтараў вылучаюцца постаці берасьцейскага кашталяна Марціна Матушэвіча і шляхціча Міхала Залескага зь Лідчыны, віцебскага стольніка Казіміра Сарнецкага, пінчука Францішка Шырмы, канцлера Расейскай імпэрыі, славутага кампазытара Міхала Агінскага і віцябляніна, юрыста і рэвалюцыянера Маўрыкія Маркса, мастака Эдварда Паўловіча.
Нядаўна мінулае ХХ стагодзьдзе дало новую хвалю мэмуараў. Надрукаваныя ўспаміны ўдзельнікаў лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыяў і Другой Сусьветнай вайны, беларускіх літаратараў і мастакоў, партызанаў і ваеначальнікаў. Выдавецтва «Беларусь» з 1971 году да канца 1980-х выпускала сэрыю «Мэмуары». Але што да мэмуараў эмігрантаў як усходняга накірунку (тых, хто выехаў у рэспублікі былога СССР), так і накірунку заходняга — яны заставаліся для нас terra incognita, невядомай краінай. Са зьяўленьнем кнігі Л. Юрэвіча значная частка гэтай цемры асьвятлілася. Дзякуючы выдадзеным тэкстам і навуковаму дасьледаваньню аўтара, кожны наступны чытач «Мэмуараў на эміграцыі» зможа ўбачыць мінулае і спасьцігнуць яго праз свой досьвед, атрымае больш магчымасьцяў для разуменьня сёньняшняга Захаду і сёньняшняй Беларусі. Відавочнай — на кантрасьце — робіцца нявывучанасьць мэмуарыстыкі «ўсходняй» беларускай эміграцыі, хоць, напрыклад, толькі ў Санкт-Пецярбургу ў новым тысячагодзьдзі зьявіліся важныя для гэтай тэмы ўспаміны генэрала-сувязіста Віталя Кананюка і прафэсара-мэдыка Мікалая Гурына.
Надрукаваная ў «Мэмуарах на эміграцыі» бібліяграфія зьмяшчае 27 назваў асобных кнігаў, успамінаў і 171 мэмуарны артыкул. Багацьце сабранага матэрыялу Лявон Юрэвіч навукова сыстэматызаваў, вылучыўшы жанры эміграцыйнай мэмуарыстыкі, сярод якіх называе нэкралёгі, аўтабіяграфіі, інтэрв’ю (гутаркі), ліставаньне, анкеты, запіскі й занатоўкі, выступленьні, прамовы, дзёньнікі, уласна ўспаміны. Шмат з таго, што прапанаваў дасьледчык — новае слова ў беларускім літаратуразнаўстве. Асабліва важным падаецца абгрунтаваньне вартасьці «ідэалізаваных падсумаваньняў жыцьця» — нэкралёгаў — як літаратурнага жанру, і як гістарычнай крыніцы, і, па словах аўтара, «сацыялягічнага інструмэнту». Прынамсі, з 776 улічаных Л. Юрэвічам нэкралёгаў мы заўважылі толькі два, прысьвечаныя шляхетным тытуляваным асобам, менавіта лорду Гарвеку і аднаму з Энгельгардаў. Пераважная большасьць астатніх апавядаюць аб сьвятарах, настаўніках, музыкантах, іншых «простых людзях». [..]
Публікацыя „Мэмуараў на эміграцыі” безумоўна актывізуе цікавасьць да самой эміграцыі і наблізіць чытача да разуменьня тых людзей, якія на працягу дзесяцігодзьдзяў захоўвалі нацыянальную ідэю, зьберагалі гістарычную і культурную спадчыну. Няма сумненьня, што кніга таксама працягне дыялёг паміж дзьвюма неад’емнымі часткамі беларускага народу: той, якой пашчасьціла пражыць жыцьцё на зямлі сваіх продкаў, з аднаго боку, і дыяспарай — з другога.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.