Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
РЭЦЭНЗІІ - “ПАД ЦІХІ ШУМ ТВАЙГО ВЕРАЦЯНА”

Сяргей ЧЫГРЫН

Кнігу “Выбранае” Анатоля Бярозкі прыслаў мне зь Менску Анатоль Белы. Менавіта ён зьяўляецца ўкладальнікам гэтай цікавай і арыгінальнай кніжкі беларускага паэта, перакладчыка, публіцыста, доктара мэдыцыны, які жыве ў ЗША.

Імя Анатоля Бярозкі (Мацьвея Рэпкава-Смаршчка) стала вядома беларускаму чытачу яшчэ ў 30-х гадох мінулага стагодзьдзя, калі ён свае першыя вершы пачаў друкаваць на старонках заходнебеларускіх часапісаў “Шлях моладзі” і “Калосьсе”. Таму перш чым прачытаць гэтае выданьне, дастаў з кніжнае паліцы сваёй прыватнай бібліятэкі некалькі нумароў “Калосься” за 1935-39 гады. І, сапраўды, амаль у кожным нумары часапіса зьмешчаныя вершы Анатоля Бярозкі. У часопісе “Калосьсе” за 1935 год (кніжка 2, старонка 88) чытаю:

Пад ціхі шум твайго верацяна
Снуюцца думкі плоймалі густымі –
Узоры ткуць у лучыне сінім дыме,
І ўецца ніць, як тонкая струна.


Якія выдатныя радкі! Які вобраз! Толькі паэт ад Бога можа намаляваць такі просты, але паэтычна-яркі малюнак. А ў “Калосьсі” за 1936 год (кніжка 2, старонка 88) аўтар тужліва-далікатна распавядае, як

Тысячай зор палымяных неба ўпілося ў барозны,
У ціхія хаты... у жорсткія рукі... у чорны іх хлеб і соль...
Шэрыя хаты, цяжкія рукі – маўклівы і грозны:
Гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.


Чытаючы творы паэта зьвярнуў увагу на адную акалічнасьць. Амаль кожны верш пачынаецца зь вельмі моцнага, адметна-вобразнага і філязофскага радка. Кожны такі радок прымушае дачытаць верш да канца. Вось некалькі радкоў з розных вершаў паэта: “Ноч павісла над соннай зямлёй...”, “Ціхутка траўневая ноч падышла...”, “Умурзаны месяц выпаўз на мутнае неба...”, “Я люблю цябе, вечар, за цень перажытага дня...”, “Сягодня патухла тваё акно...” і г. д.

Усе калосьсеўскія і шляхамоладзеўскія вершы Анатоля Бярозкі ўвайшлі ў кнігу “Выбранае”, а таксама вершы зь ягонага першага паэтычнага зборніка “Адзінаццаць вершаў” (Мантыселя, ЗША, 1989 г.).

Кніга Анатоля Бярозкі прыцягвае яшчэ ўвагу тым, што акрамя вершаў у ёй зьмешчаныя цікавыя ўспаміны аўтара пра Язэпа Пушчу і Лявона Луцкевіча, а таксама пераклады вершаў зь летувіскай і ангельскай моваў на беларускую. Наагул, складальнік кнігі Анатоль Белы падышоў да гэтай працы вельмі сур’ёзна і прафэсыйна. Сюды ён уключыў ня толькі літаратурныя творы паэта, але і артыкулы пра ягонае жыцьцё і творчасьць, фотаздымкі розных гадоў і бібліяграфічны паказьнік. Атрымалася сваеасаблівая маленькая энцыкляпэдыя жыцьця і творчасьці беларуса на эміграцыі. Нічога сюды ня трапіла лішняга і нічога не ўпушчана.

У мінулым годзе Беларускае Гістарычнае Таварыства ў Беластоку выпусьціла асобнаю кнігаю гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка “Беларусь і суседзі”. На працягу шмат гадоў зьбіраць весткі пра гэтага выдатнага і забытага беларускага гісторыка і ягоныя працы давялося мне. І калі кніга была напісаная і складзеная – знайшоўся яе фундатар. Гэта ніхто іншы, як Мацьвей Рэпкаў-Смаршчок. Так склаўся лёс, што вайна і сталінскія рэпрэсіі разлучылі двух віленскіх сяброў. А ў тыя далёкія 30-я гады яны былі супрацоўнікамі часапіса “Калосьсе”, нават уваходзілі ў рэдакцыйную калегію. І хто мог падумаць, што Міколу Шкялёнка бальшавікі расстраляюць у 1946 годзе ў Курапатах пад Менскам, Мацьвей Рэпкаў-Смаршчок усё жыцьцё пражыве далёка ад Бацькаўшчыны. А празь 70 гадоў адзін зь іх выдаткуе грошы, каб патрымаць у руках і прачытаць выдатную гістарычную кнігу свайго сябра. “Кніга гэтая высокаякасная і важная ды, безумоўна, заслугоўвае публікацыі, як ацэніць яе кожны, хто прачытае” – пісаў мне ў адным зь лістоў др. Рэпкаў-Смаршчок.

Хутка Анатолю Бярозку споўніцца 90 гадоў. Верыцца, што разам зь ім літаратурная Беларусь адзначыць гэтую шаноўную дату і, кажучы словамі паэта, няхай ня хутка “парвуцца струны” і не “замоўкне яго звонкая ліра”.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы