Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
РЭЦЭНЗІІ - КНІГА ПЕРАКЛАДАЎ “ВЕРШАЎ НА СВАБОДУ”

Віталь ЗАЙКА

POEMS ON LIBERTY: Reflections for Belarus. Translated by Vera Rich. (Liberty Library. 21st Century). Radio Free Europe/Liberty, 2004. 312 pp.

Гэта густоўна аформленая кніга, падрыхтаваная і апублікаваная Беларускай службай Радыё Свабода — ужо другое выданьне вершаў, дасланых на Радыё Свабода ў рамках праграмы “Верш на Свабоду”, што гучала на радыёхвалях у 2001 годзе. У кнізе сабраныя 122 вершы з праграмы, у арыгінале па-беларуску і ў ангельскім перакладзе слыннай мастачкі перакладу з беларускай на ангельскую мову, паэткі й вялікага прыяцеля беларусаў спн. Веры Рыч. У прадмове да выданьня прэзыдэнт Радыё Свабода/ Радыё Вольная Эўропа сп. Томас Дайн адзначыў, што Беларусь – гэта адзіная краіна Эўропы, дзе перадачы Радыё Свабода слухаюць, як у часы халоднай вайны, як адзіную крыніцу альтэрнатыўнай інфармацыі, і дзе паэт можа трапіць за краты з-за сваіх вершаў. “Але я ўпэўнены, што аднаго дня Беларусь зробіцца “салодкай зямлёю свабоды”, як бачыць складальнікі словаў, чые вершы сабраныя ў гэтым выданьні”.

У зьмястоўным нарысе-прадмове для англамоўнага чытача, «Песьні——Уздыханьні—Свабоды», Вера Рыч спыняецца на пытаньнях паэтычнага перакладу і адзначае, што Беларусь падзяляе зь іншымі народамі Эўропы спадчыну агульнаэўрапейскай культуры, зь ейнымі сымболямі й алюзіямі. Узгадваюцца некаторыя асноўныя паняцьці нацыянальняга сьветагляду – беларускія нацыянальныя сымболі, значаньне Вільні, Скарына. Разглядаюцца пытаньні сэмантыкі й этымалёгіі словаў «свабода». «Бацькаўшчына», дуалізм «царква-касьцёл». Вера Рыч адзначае, што лічыць пераклад мастацтвам, і што імкнулася перадаць па-ангельску вершаформу арыгіналу, што ёй, як і ва ўсіх, дарэчы, ейных перакладах, удалося з посьпехам выканаць.

На заклік Беларускай службы Радыя Свабода адгукнуліся сотні людзей зь некалькіх дзесяткаў краінаў. Вершы гучалі ў жывым этэры, і неўзабаве была выдадзеная першая кніга вершаў, зь іх лікам па колькасьці дзён у годзе. Сярод людзей, што дасылалі вершы, былі беларусы й прадстаўнікі іншых народаў. Былі між іх і школьнікі, і Нобелеўскія ляўрэаты (Шымборска, Мілаш). І прафэсыйныя літаратары, прызнаныя паэты і пачаткоўцы. Вершаў у ангельскім перакладзе апублікавана ў тры разы меней; не ўзгаданы прынцып, па якім яны адбіраліся. Між аўтараў бачым клясыкаў беларускай літаратуры Максіма Лужаніна, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Дануту Бічэль, Уладзімера Някляева ды іншых, а таксама маладзейшых паэтаў, паказаўшых сябе, і бардаў Зьмітра Бартосіка, Віктара Шалькевіча, Андрэя Мельнікава і— шмат новых, невядомых імёнаў. Ёсьць у зборніку і верш прадстаўніка беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах, навукоўца, грамадзкага дзеяча і паэта Янкі Запрудніка.

Адкрывае зборнік верш Сьвятаяны, дзе гаворыца пра ўзрастаньне зерня, завяршаецца — вершам-зваротам Ніла Гілевіча да нашай моладзі:

Помні:
Волю ў змаганьні бяруць,
А ня просяць,
Ня кленчаць,
Ня моляць.
Толькі ты
Зьберажэш Беларусь,
Толькі ты,
Беларуская моладзь!

Пасьля новага вершу Славаміра Адамовіча ідзе верш “Не забівай прэзыдэнта!”, як-бы палемізуючы зь вершам “Убей презідента”, за які Адамовіч правёў 10 месяцаў за кратамі.

У зборніку прадстаўлены шырокі спэктар формаў, вобразаў і танальнасьці вершаў, ад патаснай патрыятычнай лірыкі (напрыклад, Хрысьціна Чарняўская) да хайкупадобных эпікурэйскіх радкоў (Адам Глёбус).

Пераклады зробленыя па-майстэрску, нягледзячы на некаторыя недакладнасьці, як, прыкладам, “Чырвоны Штраль” у вершы Бартосіка ня можа быць ‘Red Arrow’ (Sztrall—імя ўласьніка віленскай кавярні), а “тытанік” у вершы Хадановіча — па кантэксьце хутчэй алюзія да тонучага карабля, чым да маленькага тытана (хоць тут аўтар гэтай рэцэнзіі можа памыляцца).

Майстры вершаванага радка пацьвердзілі сваё мастацтва, годна апелі Беларусь і свабоду, што непазьбежна прыйдзе на беларускую зямлю. Выдатна зарэкамэндавалі сябе і новыя паэты. Дужа-ж файна прачытаць радкі, сугучныя тваім думкам і настроям, ды яшчэ ў вершаванай, канцэнтраванай форме. Безумоўна, гэтая кніга перакладаў вельмі патрэбная як для распаўсюджаньня ведаў і вестак пра беларускае змаганьне за свабоду, так і для простай асалоды чытаньня новых, сьвежых і поўных надзеі радкоў па-беларуску, побач зь ня менш цудоўнымі радкамі па-ангельску, што стварыла Вера Рыч, якой і належыцца асблівая падзяка за выдатны, як і заўсёды, пераклад.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы