КАСТУСЬ МЕРЛЯК -
85 год ад народзін і 55 год грамадзкай працыВасіль ШЧЭЦЬКА
Усім нам даводзіцца час ад часу адзначаць пэўныя гадавіны. Ня ўсе яны аднак выходзяць за кола сям’і ці сяброў. Нядаўна мы адзначылі гадавіну, якая заслугоўвае ў беларускім грамадзтве на чужыне на паважнае месца. Наш юбіляр сп. Кастусь Мерляк зьяўляецца няўтомным грамадзкім працаўніком і за 85 гадоў жыцьця прысьвяціў беларускай грамадзкай працы 55 гадоў. Варта асьветліць ягоныя заслугі ў беларускай грамадзкай і царкоўнай дзейнасьці.
Сп. Кастусь Мерляк нарадзіўся 25 сьнежня 1919 году ў вёсцы Дзетамля, былога Наваградзкага павету, ад бацькоў Ільлі й Вольгі (з дому Ціхановіч). Бацька быў настаўнікам і афіцэрам у царскай арміі. Пасьля І-й сусьветнай вайны вярнуўся ў сваю вёску і жыў на зямлі. Кастусь вучыўся ў польскай пачатковай школе. Пазьней закончыў двухгадовую Ральнічую школу ў Кушалеве ў 1935 годзе. Адразу паступіў у школу кааперацыі, якую закончыў у 1938 годзе. Там спаткаўся із сьведамымі людзьмі, што накіравала сп. К. Мерляка зацікавіцца беларускімі нацыянальнымі праблемамі. А да гэтага, жывучы на вёсцы, пазнаў нашых людзей, прыроду, а праз гэта палюбіў свой край, што засталося ў яго аж да сёньня, юнаком ён сфармаваўся на добрага і сьведамага чалавека.
З 1939 году пачынае зарабляць сабе на хлеб як бухгалтар. Працягвае працаваць у гэтым напрамку і з прыходам Саветаў, мяняючы толькі ўстановы ці характар функцыяў. (У 1940 годзе скончыў курсы крэдытных інспэктараў у Беластоку, што павысіла ягонае становішча на працы). Усё-ж той пераходны пэрыяд, як 1939 год пад Польшчай, савецкае “асвабаджэньне да 22 чэрвеня 1941 году, як і пачатковая акупацыя немцамі, не спрыяў беларусам прысьвяціць больш увагі сваім нацыянальным праблемам, не спрыяў ён і сп. К. Мерляку ў гэтым напрамку.
Калі немцы дазволілі арганізацыю цывільнай адміністрацыі ў Беларусі, сп. К. Мерляк пачаў працаваць у Наваградку ў гарадзкой управе, пасьля ў Самапомачы. У 1942 годзе едзе ён на курсы афіцэраў Беларускай Самапомачы ў Менску, дзе спатыкае большае кола маладых энтузыястых, а таксама бліжэй пазнае тагачаснае беларускае кіраўніцтва і ягоных лідэраў.
Пасьля курсаў, як падафіцэр, быў накіраваны ў Ліду, дзе, як ад’ютант капітана Касацкага, меў прычыніцца да арганізацыі беларускага батальёну. Недавер немцаў да гэтай арганізацыі і нязгода даць забесьпячэньне разьвязала гэтую кампанію ў пачатку 1943 году.
Вярнуўшыся ў Наваградак працуе кіраўніком адміністрацыі на Салатычы, Воўкавічы, Гарадэчына і Шчорсы (4 месяцы).
Увосень 1943 году, калі зарганізаваўся Беларускі эскадрон пад кіраўніцтвам Барыса Рагулі, сп. К. Мерляк, як сяржант, уступае ў яго як пастаўшчык, а пасьля і як арганізатар батальёну ў сакавіку 1944 году. Гэтая адзінка была ведамай ня толькі ў абароне вёсак ад чырвонай партызанкі, але і як зарука супраць пасяганьняў немцаў на беларускую моладзь дзеля працы ў Нямеччыне, як і іншых інтрыгаў немцаў альбо даносчыкаў на правы Беларускай Наваградчыны.
З наступленьнем Саветаў у 1944 годзе сп. К. Мерляк пакінуў Наваградак 7 ліпеня 1944 году і атрымаўся ў Нямеччыне.

Час ад 1942 да 1944 году быў пэрыядам, калі сп. К. Мерляк выпрабаваў свае сілы і здольнасьці як беларус: урадовец, вайскавік, адміністратар і лідар. Сёньня мы бачым, што тое выпрабаваньне загартавала яго на стойкага беларуса-барацьбіта.
Канец 1944 – 1946 гады былі для бальшыні беларусаў у Заходняй Эўропе гадамі валакіты, лягероў, пагрозаў і т. п. Наш юбіляр таксама круціўся ў тым віры. Пасьля вайны апынуўся ў Італіі, дзе беларусы чамусьці не згуртаваліся, як напрыклад у Нямеччыне. У 1947 годзе сп. К. Мерляк выехаў у Аргэнтыну.
А часу пераезду ў Аргэнтыну сп. К. Мерляк з усёй энэргіяй упрагаецца ў беларускую грамадзкую працу. Дзякуючы яму засноўваецца Згуртаваньне Беларусаў у Аргэнтыне (1948 год), старшынём якога ён і быў. Дзякуючы ягонай энэргіі й здольнасьці імя беларуса, як і беларуская праблема, робяцца вядомымі ва ўрадовых колах, у радыё і прэсе. Ён цікавіцца таксама, каб беларуская праблема была вырашаная ў Парагваі й Уругваі, куды выяжджаў для яе палагоджаньня. У Аргентыне ўладкаваліся і асабістыя справы – у 1950 годзе ён ажаніўся з Ганнай Губэрт. Увыніку гэтага сёньня спадарства Мерляк маюць прыгожую сям’ю: трох дарослых адукаваных сыноў.
Пасьля сямі гадоў у Аргэнтыне сп. К. Мерляк ізь сям’ёю 28.07.1954 году пераехаў у ЗША. Гэты прыезд даволі пасьпяхова адбіўся як на ягоным асабістым жыцьці, так і на жыцьці тутэйшай беларускай грамады ды ўсёй беларускай эміграцыі наагул. Як ведамы арганізатар быў прыняты з адкрытымі рукамі як у царкве, так і ў БАЗА. БАЗА, якая хучэй была арганізацыяй на паперы, патрабавала добрага кіраўніка. Ён за яе адразу-ж і ўзяўся ды паставіў на высокі ўзровень як арганізацыйна, так і аўтарытэтна. Адразу быў старшынём акругі БАЗА ў Нью Ёрку, а пасьля Старшынём Галоўнай Управы БАЗА (1954-1963). Будучы старшынём камітэту набыцьця беларускага народнага дому і царквы (1955-1957) выдатна справіўся і з гэтым заданьнем. На палітычным полі таксама здабыў выдатныя вынікі: як старшыня сэктару і міністар нутраных справаў БНР навязаў сувязі з амэрыканскімі ўрадавымі дзейнікамі; паказаў тым, хто ня ведалі, як навязваць такія сувязі, куды ехаць, з кім спатыкацца.
Калі-ж беларускае грамадзкае жыцьцё стала актыўным, БАЗА стала на ногі, царква здабыла свой будынак, беларускія дэлегацыі пачалі езьдзіць у Вашынгтон, ды міністры БНР акрэплі матар’яльна – дык пачалі раздавацца галасы асобаў, якія казалі, быццам сп. К. Мерляк надўжывае іх прэрэгатывы.
Час 1963-1967 гадоў у БАЗА, як і ў БАПЦ, быў часам непаразуменьняў і непратрэбных сварак. У 1964 годзе Ўладыка Васіль падаў у суд на царкоўную раду, бо ў ёй быў сп. К Мерляк. Суду ніхто ня выйграў, але заставацца ў царкве надалей сп. К. Мерляку і тым, хто зь ім супрацоўнічаў, было немэтазгодным. Вялікая частка прыхаджанаў адыйшла і ў 1968 годзе стварылі свой новы прыход Сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычмонд Гілл, Н. Ё., пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскага Патрыярха. Яшчэ да царкоўнага суду былыя сябры БАЗА стварылі сваю арганізацыю Беларуска-Амэрыканскае Аб’еднаньне ў Нью Ёрку (06.06.1965 г.)
Стварэньне новага прыходу, атрыманьне чартару на яго, купля пляцу пад царкву, знаход сьвятара ды будова царквы – гэта была калясальная праца. У гэтым вялізным прадпрыемстве першую скрыпку іграў сп. К. Мерляк. Як арганізатар, грамадзкі аўтарытэт і кіраўнік ён аб’яднаў грамаду (сваіх і прыяцеляў) да адной мэты – выканаць пастаўлены плян. І выкананьне было даведзена да канца.
14.11.1982 году сп. К. Мерляка выбіраюць старшынём царкоўнае ўправы. Сп. Ян Казьлякоўскі застаецца пажыцьцёва ганаровым старшынём. Дагэтуль сп. К. Мерляк быў заступнікам старшыні ў царкоўным кіраўніцтве, хоць у сапраўднасьці выконваў працу старшыні. Гэта рабілася як з пашаны сяброў прыходу, гэтак і сп. Мерляка да асобы сп. Я. Казблякоўскага, якога ўвесь час выбіралі старшынём царкоўнай рады ці царкоўнай управы прыходу.
Наступным здарэньнем, дзе сп. К. Мерляк праявіў свае здольнасьці, было высьвячэньне царквы 30.10.1983 году. Уладыка Мікалай (Сміско) узначальваў высьвячэньне. Арганізацыя і прабег урачыстасьці былі выдатнымі. Аб нашым высьвячэньні даведалася ўся Амэрыка.

Апошняй вялікай падзеяй было адзначэньне 1000-годзьдзе хрысьціянства ў Беларусі 31.05.1987 году. Службу ізноў узначаліў Уладыка Мікалай. Ізноў сп. К. Мерляк паказаў, як трэба рэпрэзэнтаваць сваю царкву і беларусаў. Гэта была гучная ўрачыстасьць. За што сп. Мерляку падзяка і пахвала.
Сп. К. Мерляк таксама шмат пісаў у прэсе аб беларускіх праблемах, што тычыліся эміграцыі, як і жыцьця на Бацькаўшчыне. (Што і дзе пісаў – адсылаю ў ягоную кніжку “Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі”, 1992 г.) Выступаў заўсёды ў абарону правоў беларускага народу ці ў абарону справядлівасьці ў жыцьці нашай эміграцыі.
Сп. К. Мерляк ёсьць чалавекам вельмі дакладным у рэгістрацыі часу й дзейнасьці як беларускіх арганізацыяў, гэтак і ягонага ўдзелу ў іх. Ён зьбірае дакумэнты й матар’ялы (наколькі гэта было магчыма) усяго, што адбывалася ў жыцьці беларускай эміграцыі. І ў яго сабраўся цэлы архіў асноўнага, што беларуская палітычная эміграцыя рабіла. У 1990 годзе сп. Мерляк сядае за стол і парадкуе гэты вялікі матар’ял – пачынае пісаць кніжку аб тым, што ён бачыў, што перажыў, чым кіраваў, і як беларуская эміграцыя пражыла ад 2-е сусьветнае вайны да 1990 году. У 1992 годзе кніжка “Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі” выйшла ў сьвет. Друк аплаціў аўтар.
Што да самое кніжкі – дык гэта ўнікум. Я меў дачыненьне да гэтае працы ў часе падрыхтоўкі яе да друку. І ад першага перагляду я бачыў, што гэта выдатная праца. Выдатная ў тым значэньні, што ў ёй зьмешчаны асноўны матар’ял па гісторыі нашае эміграцыі ад 2-й сусьветнай вайны. Другое, што з Аргэнтыны галоўным месцам падзеяў ёсьць ЗША, дакладней Нью Ёрк. А галоўныя дзейнікі палітыкі нашае эміграцыі былі БНР, БЦР, БАЗА і Кангрэсовы Камітэт, якія мелі свае галоўныя кватэры, пасьля Эўропы Нью Ёрк і Саўт Рывэр, Нью Джэрзі. (Трэцяя сіла ў Канадзе із сп. Хмарай (Зіняк) іграла меншую ролю). І вось гэты асноўны матар’ял перадаў на разгляд беларускай грамадзкасьці ў сваёй кнізе сп. Мерляк.
Я называю кніжку ўнікум, бо падобнага матар’ялу ніхто іншы ня зможа падаць, бо ніхто яго з дакладнасьцю сп. Мерляка не зьбіраў. А сабраць яго сёньня немагчыма: матар’ял раскіданы, многія людзі памерлі, дый самыя дакумэнты пратаколаў ці пастановаў мала што гавораць, бо там не гаворыцца, як усё выконвалася, няма пры іх і фатаграфіяў і іншых выканаўчых пасьведчаньняў. У сп. К. Мерляка сабрана ўсё, што паказвае пастановы, і як яны выконваліся, як нашыя кіруючыя асобы і людзі дзеялі.
Калі я пазнаёміўся з рыхтаванай кніжкай сп. К. Мерляка, дык быў зьдзіўлены, што сп. Мерляк знайшоў час і сілу волі гэтую кніжку падрыхтаваць. Бо трэба было ўпарадкаваць матар’ял і змусіць сябе пісаць вялікую працу акрамя іншых штодзённых абавязкаў. Сп. Мерляк грамадзкі чалавек і мае прыроджаную грамадзкую адказнасьць. Гэта і дазволіла напісаць выдатную кніжку і ахвяраваць яе як падарунак нам, эмігрантам і беларусам на Бацькаўшчыне.
Хацелася-б, каб сп. Мерляк напісаў яшчэ адную кніжку, прадаўжэньне першае. Зьяўляюцца галасы, што добра было-б, каб ён удакладніў ужо апісанае, і асабліва, каб больш выказаўся аб добрым баку беларускіх эміграцыйных кіраўнікоў.
Тут я пералічыў толькі некаторыя заслугі сп. К. Мерляка. Не гаворыцца тут аб штодзённым, штогадовым укладзе ў будову беларускага жыцьця (грамадзкага і царкоўнага) на эміграцыі. І гэта з 1944 году аж да сёньня сп. Кастусь Мерляк крок за крокам, з дня на дзень стараўся ўнесьці нешта пазытыўнае, каб пашырыць як найбольш у вольным сьвеце імя беларусаў і Беларусі, а праз гэта хоць крыху прыблізіць дзень незалежнасьці Беларусі. А сёньня, калі Беларусь аб’яўлена незалежнай, дык каб яна была ня толькі “аб’яўленая”, але сапраўды незалежная.
Ужо недзе ад сямі гадоў сп. Кастусь Мерляк страціў здароў’е і ня ў сілах фізычна ці грамадзка працаваць. Аднак сама ягоная прысутнасьць між намі, ягонае спатканьне з намі амаль кожнае нядзелі ў царкве – гэтым адчуваецца ягоны аўтарытэт, ягоны ўплыў і ўклад у жыцьцё нашай беларускай эміграцыйнай грамады.
Дык падзякуем нашаму юбіляру Кастусю Мерляку за той вялікі ўклад працы ў нашае грамадзкае і царкоўнае жыцьцё, і хай яго Бог узнагародзіць за гэта. Да гэтага пажадаем яму здароў’я і добрага жыцьця.
Маналапан, Н. Дж. 04.01.05 г.Здымкі ўзятыя з кнігі “ДЗейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі”.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.