БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦУласны карэспандэнтЛанцуг па Марынічу30 студзеня апазыцыя ў Менску зладзіла “Ланцуг неабыякавых людзей” у знак салідарнасьці з грамадзка-палітычным дзеячом, былым амбасадарам і міністрам Міхаілам Марынічам. Марыніч быў асуджаны 30 сьнежня Менскім гарадзкім судом на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Каля 200 чалавек а 2-й гадзіне папаўдні сталі ўздоўж праспэкту Ф. Скарыны з партрэтамі Марыніча і зьніклых бязь вестак у 1999-2000 гг. Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага ды памерлага пры загадкавых абставінах Генадзя Карпенкі. Гэтым разам нікога не затрымалі, а дзеячы апазыцыі паабяцалі ладзіць акцыі салідарнасьці ў падтрымку Міхаіла Марыніча і надалей.
Прыпыненая дзейнасьцьПаводле слоў міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча (паседжаньне калегіі міністэрства адбылося 28 студзеня) у 2004 годзе 81 пэрыядычнаму выданьню было вынесена 160 папярэджаньняў, а дзейнасьць 25 СМІ была прыпыненая.
Прычым, паводле міністра, папярэджаньні сталі “сьледствам масавых парушэньняў, выяўленых у ходзе рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі”. Таму ў дачыненьні да СМІ такія-ж дзейсныя захады будуць і “надалей рашуча і бескампрамісна ставіцца і на шляху якіх-бы не было спробаў абысьці закон ці выпрабоўваць нашае цярпеньне”, — зазначыў спадар Русакевіч.
Асудзілі ЖураўковуБылога кіраўніка справаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, колісь усемагутную Галіну Жураўкову прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці й забаронай цягам наступных пяці гадоў пасьля адбыцьця пакараньня займаць кіруючыя пасады.
Вырак быў вынесены 8 лютага Вярхоўным судом. Самой Жураўковай у залі пасяджэньняў не было, па афіцыйнай вэрсіі, з прычыны хваробы. Але пракурор Мікалай Корзун прызнаў, што толкам ня ведае, дзе цяпер знаходзіцца былая кіраўнік справаў.
Жураўкова было прызнаная вінаватай паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу крадзёж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учыненае арганізаванай групай альбо ў вельмі вялікім памеры.
Па аналягічным артыкуле (210, ч. 4) быў асуджаны 65-гадовы Міхаіл Марыніч. Яго засудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Марыніча прызналі вінаватым у завалоданьні аргтэхнікай (кампутарамі), якая была бясвыплатна перададзеная амбасадаю ЗША ў часовае карыстаньне ўзначаленай ім грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.
Галіна Жураўкова і яе памагатыя перадалі грошай на суму 3 млн. 381 тыс. даляраў у якасьці пакрыцьця нанесенага дзяржаве ўрону.
Працяг расколу сацыял-дэмакратаў15 студзеня ў лесе пад Менскам прайшоў IX зьезд Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі (“Народная Грамада”), апанэнтаў Міколы Статкевіча. На зьезьдзе прысутнічалі 87 чалавек, сярод іх — 36 дэлегатаў ад пастаўленых на ўлік арганізацыяў і 20 сябраў Цэнтральнага камітэту і Цэнтральнае рэвізыйнае камісіі. Усяго ў БСДП налічваецца 85 арганізацыяў, зь іх 45 пастаўленыя на ўлік.
На зьезьдзе таксама прысутнічалі прадстаўнікі ад Беларускае сацыял-дэмакратычнае грамады (старшыня Станіслаў Шушкевіч). Было дамоўлена пра аб’яднаўчы працэс паміж двума плянмі БСДП. Вырашана 19 сакавіка склікаць пазачарговы Х зьезд для вырашэньня “пытаньня пра аб’яднаньне сацыял-дэмакратычных сілаў Беларусі”. Прычым БСДГ гатова на любых умовах далучыцца да Народнае Грамады – “шушкевічаўцы” пазбавіліся юрыдычнага адрасу, а значыць і права займацца палітычнай дзейнасьцю.
Кіраўніком БСДП 15 студзеня быў абраны кіраўнік Берасьцейскае абласное філіі, дацэнт Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Ляўковіч, яшчэ нядаўна моцны прыхільнік Статкевіча.
Тым часам Статкевіч, праз два дні, склікаў у сваім офісе прэс-канфэрэнцыю, дзе заявіў, што зьбіраецца далучацца ад Эўрапейскае кааліцыі “Свабодная Беларусь”, якую падтрымліваюць “Хартыя-97”, “Зубр” і “Малады фронт” ды зьбіраецца вылучацца ў прэзыдэнты.
Праблема беларускіх сацыял-дэмакратаў у тым, што іх вельмі малая колькасьць. Добра, каб усіх: і прыхільнікаў Статкевіча, і апанэнтаў, і прыхільнікаў Шушкевіча (маецца на ўвазе актывістаў, а не мёртвых душаў) набралася пад паўтары тысячы.
Выбяруць кандыдатаСход дэмакратычных сілаў, які стане апошнім этапам кампаніі пошуку найлепшага кандыдата ад дэмакратычнае апазыцыі, заплянаваны на 29 траўня, і пройдзе ён хутчэй за ўсё ў Кіеве. Напачатку, у першай палове траўня, у шасьці абласьцях і Менску пройдуць рэгіянальныя сходы, які вызначаць свайго прыярытэтнага кандыдата. Таксама трэба ўлічваць людзей, якія ўжо заявілі пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2006 — Андрэя Клімава, Міколу Статкевіча, Пятра Краўчанку ды Зянона Пазьняка.
Нацыянальны камітэт Аб’еднанай грамадзянскай партыі вылучыў у якасьці патэнцыйнага адзінага кандыдата Анатоля Лябедзьку. На пасяджэньні камітэту ён набраў 64 галасы з 80-ці. Ад АГП таксама разглядаліся кандыдатуры экс-міністра абароны Паўла Казлоўскага і акадэміка Аляксандра Вайтовіча.
Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада вылучыла ў якасьці “адзінага” Станіслава Шушкевіча, Партыя камуністаў Беларусі — Сяргея Калякіна.
Вапу адмовілі ў візеБеларускі кансулят ў Беластоку адмовіў ва ўяздной візе ў Беларусь кіраўніку Беларускага саюзу ў Беластоку, рэдактару беластоцкае газэты “Ніва” Яўгену Вапу. Сп. Вапа ў інтэрв’ю Радыё Свабодзе так пракамэнтаваў рашэньне: “Я ацэньваю гэта як прызнаньне ролі, якую адыгрывае “Ніва” ў агульнабеларускім жыцьці. Мы стараемся рознымі спосабамі, праз артыкулы, закранаць розныя аспэкты жыцьця таксама і ў Беларусі. Адзначу, што тыднёвікаў, якія выходзяць цалкам на беларускай мове і падаюць беларускі погляд на падзеі, на сёньняшні дзень усяго два – гэта “Наша ніва” ў Менску і “Ніва” ў Беластоку. Так што ў гэтым, думаю, прычына візавай адмовы. Трэба было-б пра гэта пытацца ў консула, але, як вядома, паводле Жэнэўскай канвэнцыі, кансуляты могуць не тлумачыць прычынаў адмовы”.
Гомельская трагедыя2 лютага ў Гомлі адбылася страшная трагедыя. У радзільным доме цягам аднаго дня пасьля дзьвюх апэрыцыяў кесарава сячэньня памерлі дзьве парадзіхі — 21-гадовая Інга Кармышава і 34-гадовая Натальля Кухарчык з Буда-Кашалёва. У першай засталося нованароджанае немаўля, у другой — пяцёра дзяцей.
Афіцыйная вэрсія трагедыі — замест кіслароду парадзіхі атрымалі велізарную долю вуглякіслага газу, які захоўваўся для зварачных работаў. Вінаватым прызналі 53-гадовага мэханіка-машыніста, які паблытаў балёны розных колераў. Праводзіцца расьсьледаваньне.
Тым часам ўлады паклапаціліся пра далейшы лёс сем’яў памерлых. Сям’я Натальлі Кухарчык атрымае, апроч іншага, панэльны катэдж і матар’яльную дапамогу, сям’я Інгі Кармышавай — аднапакаёвую кватэру ў Гомлі.
У Іраку загінуў беларусУ студзені ў Іраку загінуў беларус — жаўнер амэрыканскага войска. Гэта — Віктар Елкін, які ў 1999 годзе выехаў у ЗША на заробкі. Ягонаю мэтаю было любым чынам застацца ў Штатах, дзеля гэтага ён у 24-гадовым узросьце ўзяў шлюб з 44-гадовай жанчынай. Потым пайшоў у войска, спачатку служыў на амэрыканскай базе ў Нямеччыне, потым — у Іраку. У сакавіку сканчаўся тэрмін ягонае службы. Елкіна пахаваюць у Нямеччыне, у Беларусі ў яго засталіся бацькі.
Пражытачны мінімумПры канцы студзеня ў Беларусі ўсталяваны новы памер бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) ў сярэднім на душу насельніцтва.
Паводле пастановы ўраду, цяпер БПМ у месяц у сярэднім складае 135 тысяч 150 рублёў ($62, ці 47 эўра). Да гэтага бюджэт пражытачнага мінімуму складаў 128 тысяч 860 рублёў. Разьлічаны таксама памеры БПМ для ўсіх катэгорый насельніцтва.
Для працаздольнага насельніцтва гэты паказчык усталяваны ў памеры 147 тысяч 780 рублёў ($68), для студэнтаў – 141 тысяча 710 рублёў ($65), для дзяцей ва ўзросьце ад трох да шаснаццаці гадоў — 146 тысяч 860 рублёў ($67,5).
БПМ (у дадзеным выпадку 135 тысяч 150 рублёў) разьлічваецца з улікам наступных відаў матар’яльных дабротаў і паслугаў: прадукты харчаваньня, вопратка, бялізна, прадметы агульнасямейнага карыстаньня, лекі, прадметы санітарыі й гігіены, а таксама жыльлёва-камунальныя, транспартныя і бытавыя паслугі, паслугі дзіцячых дашкольных установаў.
Сярэдні заробак — $200У 2004 годзе сярэдні налічаны заробак (без уліку выплаты падаткаў) работнікаў у Беларусі ў даляравым эквіваленце павялічыўся на 44,1 адсоткі й склаў $200,4 (434,4 тыс. рублёў). У эўра сума сьціплейшая — на 32,2 адсоткі (147,1 эўра). Рэальны-ж заробак (рост зарплаты карэктуецца на рост спажывецкіх цэн) у рублёвым выражэньні павялічыўся на 26,8 адсоткаў. Спажывецкія цэны вырасьлі на 14,4 адсоткаў, афіцыйны курс даляра — на 0,6, эўра — на 9,7.
100-тысячная купюраНягледзячы на тое, што курс даляра і эўра да беларускага рубля застаецца найвышэйшым ў Эўропе (Турцыя з 1 студзеня 2005 году адрэзалі ад сваёй ліры шэсьць нолікаў), дэнамінацыі беларускага рубля ў бдіжэйшы час пакуль не прадугледжваецца. Затое сёлета будзе ўведзеная ў абарачэньне новая купюра вартасьцю 100 тыс. рублёў. Пакуль невядома, што будзе на ёй адлюстравана.
Набытак краіныЖуры Нацыянальнага конкурсу “Брэнд году — 2004” прызнала брэнды “Гарызонт”, “Атлянт”, “Мілавіца”, “Віцязь” і “МАЗ” — набыткамі краіны, бо менавіта гэтыя маркі годна рэпрэзэнтуюць Беларусь па-за яе межамі і спрыяюць яе іміджу.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.