ПАМЯЦІ АДАМА СТАНКЕВІЧАХведар НЮНЬКАУ сядзібе Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве 8 студзеня 2005 году адбылася вечарына, прысьвечаная памяці ксяндза Адама Станкевіча - ахвяры бальшавіцкага тэрору.
Пра патрыятычную дзейнасьць для беларускай справы, якой прысьвяціў усё сваё сьвядомае жыцьцё кс. Адам Станкевіч, распавёў сябра ТБК журналіст Алесь Адамковіч. У прыватнасьці было адзначана: пасьля заканчэньня вышэйшай духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе ў 1918 годзе, Адам Станкевіч вярнуўся ў Вільню і быў прызначаны выкладчыкам закону ў гімназію. А. Станкевіч таксама актыўна ўдзельнічаў у існуючых на той час беларускіх арганізацыях і выдавецтвах, а некаторыя і ўзначальваў. За яго беларускасьць польскімі ўладамі неаднойчы перасьледаваўся і бываў пакараны. Адам Станкевіч пакінуў багатую літаратурную і публіцыстычную спадчыну. За служэньне беларусам, за сваю адданасьць ідэі незалежнасьці і свабоды для Беларусі А. Станкевіч у 1949 годзе быў паўторна арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і асобнай нарадай МДБ СССР засуджаны на 25 гадоў лягероў з канфіскатай маёмасьці. У Озёрлагу Брацку, празь няпоўныя тры месяцы, на 58 годзе жыцьця А. Станкевіч памёр.
Хведар Нюнька зачытаў некаторыя матар’ялы допытаў А. Станкевіча з архіву КДБ у Вільні.
Улічваючы вялікія заслугі кс. Адама Станкевіча перад беларусамі, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве вырашыла ў 2005 годзе ўстанавіць на будынку былой Віленскай Беларускай гімназіі, прысьвечаную яму мэмарыяльную табліцу з барэльефам.
На вечары са зьмястоўным і цікавым дакладам выступіў дырэктар Беларускага ліцэю ім. Якуба Коласа сп. Уладзімер Колас.
Пасьля мастацкай часткі сяброў ТБК за кубкам кавы госьці, якіх сабралося пад 40 чалавек, яшчэ доўга абменьваліся думкамі.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.