ВЯРТАНЬНЕ МЕЦЭНАТАЎЗьміцер САСНОЎСКІ, Кіраўнік гурта “Стары Ольса”Позьняя вясна 2004 году. Летувіска-беларуская мяжа. Чарга на аўтапераезьдзе. Побач сталі дзьве машыны. У адной зь Вільні вярталіся сьведамыя беларусы, у другой з паездак па крамах і рэстарацыях Летувы - заможныя беларусы. Цёплае надвор’е, надвячорак, усе выйшлі з машынаў і размаўляюць на вуліцы. Заможныя беларусы нападпітку і ў добрым гуморы ад адпачывальнай паездкі, пачулі размову па-беларуску і зацікавіліся сьведамымі. Падчас нязмушанай размовы самы салідны заможны беларус запытаў, а адкуль сьведамыя бяруць грошы на свае выданьні, канфэрэнцыі, выставы? Сьведамы: “Дзелавыя людзі, пасьля таго як дасягаюць пэўнага ўзроўню дабрабыту, пачынаюць клапаціцца пра родную культуру і ўкладаць у яе грошы”. Гэты адказ настолькі закрануў заможнага, што той задуменны пайшоў і сеў у сваю машыну.
У лістападаўскім нумары “Беларуса” была надрукаваная рэцэнзія на новы дыск “Скарбы літвінаў” гурта старадаўняй музыкі “Стары Ольса”. Рэцэнзія добрая, але яна ніводным словам ня згадвае чалавека, дзякуючы якому выйшаў гэты альбом. А менавіта ў такой вялікай і прэстыжнай газеце беларускай дыяспары, як “Беларус”, было неабходна апісаць цікавую зьяву беларускай культуры – мецэнацтва беларускай дыяспары, накіраванае і на падтрымку культуры ў Беларусі.
Дыяспара любой нацыі адыгрывае вялікую ролю ў разьвіцьці грамадзтва, культуры й бізнэсу сваёй Айчыны. Беларуская-ж дыяспара штучна ізаляваная ад Беларусі на падставе адрозьненьня поглядаў з сёньняшнімі ўладамі на гісторыю і будучыню сваёй краіны. У той-жа час беларускі шоў-бізнэс не выходзіць пакуль з зародкавага стану – існуе ў выглядзе напаўсамадзейнай “эстрады”, падкормленай бюджэтам і прафільтраванай дзяржаўнымі цэнзарамі. У гэтым зародкавым арганізме адсутнічае прафэсыйнае прадзюсарства, як інвэстыцыі з дакладным плянам прамоўшэна і продажу шоў-прадукта. У гэтым зародкавым “эстрадным” арганізме адсутнічае таксама і інстытут мецэнацтва – вольны густоўны адбор музыкі й фінансаваньня праектаў, якія даспадобы гурманам мастацтва.
Сёньняшняя беларуская культура закрытая ад вольных укладаньняў у яе – дзяржава бярэ да 30% падаткаў ад пералічанай сумы. І тут праз шматлікія заслоны прабіўся чалавек, які лічыць справай гонару падтрымку беларускіх ініцыятываў у літаратуры й музыцы – Ірэна Каляда-Сьмірноў (хаця літаратура і музыка далёка не вычэрпваюць накірункаў яе мецэнацкага ўкладаньня). Гэты артыкул выкліканы вялікай удзячнасьцю і высокай асабістай сымпатыяй да спн. Ірэны. Аздараўленьне дзяцей, выданьне кніг, запіс і тыражаваньне музыкі – толькі пачатак пераліку падтрыманых творчых і гуманітарных ідэй. Адзіная нязьменная рыса ўсіх падтрыманых спн. Ірэнай пачынаньняў – загартаваны патрыятызм і мастацкая арыгінальнасьць. Гэтыя дзьве рысы (беларускасьць і навізна) мецэнацтва спн. Ірэны – складаюць ўжо пэўны пласт у новай гісторыі Беларусі: першыя зборнікі дзіцячых сачыненьняў аб Радзіме, першы мастацкі пераклад Фёдара Дастаеўскага на беларускую мову, першы аўдыёзапіс старабеларускай мовы Статута ВКЛ ды іншае.
Гісторыя мецэнацтва Беларусі пакуль не сыстэматызаваная і не надрукаваная, але ў многіх дасьледваньнях можна прачытаць пра высакародныя ўчынкі нашых продкаў, накіраваныя на падтрымку айчынага мастацтва. Сьпіс можна пачынаць ад Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай, праз усе стагодзьдзі прыйсці да эпохі Рэнесансу, калі мецэнацтва магнатаў і шляхты прывяло да шыкоўнага мастацтва і дойлідства, дайсьці да мецэнацтва XVIІІ ст., прасачыць творчыя ініцыятывы беларускіх дзеячаў ХІХ ст., праглядзець станаўленьне Беларускага Адраджэньня ў пачатку ХХ ст., а потым прыйсьці да мецэнатаў ХХ – пачатку ХХІ ст.
Мецэнацтва, як некамэрцыйнае ўкладаньне, – неабходная ўмова разьвіцьця многіх відаў мастацтва і адкрыцьця новых імёнаў. Асобныя часткі культуры ня ў стане існаваць без “гуманітарнай дапамогі”. Такімі зьяўляюцца, напрыклад, усе новыя, маладыя віды мастацтва; яны ніколі не бываюць выгоднымі і маюць у сваім разьвіцьці толькі адную крыніцу выжываньня – мецэнацтва.
Тое-ж адбываецца зараз з маладым для Беларусі (як, дарэчы, і для многіх краінаў Эўропы) стылем музыкі, які ў шырокім сэнсе называюць “мэдываль” – сярэднявечныя баляды, танцы й пьесы. Гэты стыль мае некалькі прынцыповых патрабаваньняў да сваіх выканаўцаў – музыка 13-17 ст., агучаная на копіях тагачасных інструмэнтаў (стыль дапускае стварэньне некаторай колькасьці новых мэлёдыяў у жорсткіх межах сярэднявечнага стылю). Музыка стылю мэдываль у Беларусі – нязьменная крыніца патрыятызму, бо даказвае, што нашая краіна ў часы Сярэднявечча і Рэнесансу мела высокаразьвітае мастацкае асяродзьдзе.
Гуртоў стылю мэдываль у Беларусі ў апошнія часы амаль не было. Толькі ў апошні год зьявілася новая генэрацыя музыкаў. Яны ў большасьці выпадкаў выйшлі з рыцарскіх клюбаў, дзе доўгі час біліся на турнірах, а зараз узялі ў рукі музычныя інструмэнты: “Стара Літва”, “Ліцьвінскі хмель”, “Верхні горад”, “Вайдалот”, “Осіміра”, “Герфункер” і інш. Некаторыя зь іх ня здолеюць вытрымаць напружаньня, зь якім сутыкаюцца ўсе гурты ў першыя гады творчасьці. Але тыя, хто выжывуць – сутыкнуцца з новай хваляй праблемаў: дзе замовіць добрыя строі, дзе набыць вартыя інструмэнты, дзе знайсьці сталую рэпэтыцыйную залю, як рэгулярна займацца рэклямай, і, нарэшце, як аплаціць студыю для запісу музыкі. Дзякуючы падтрымцы Згуртаваньня “Бацькаўшчына”, настойлівасьці й працаздольнасьці музыкаў, мэнэджэраў Беларускай музычнай альтэрнатывы і падтрымцы мецэнатаў (у тым ліку Ірэны Каляды-Сьмірноў) гурт “Стары Ольса” дасягнуў свайго 5-гадовага юбілею, прэзэнтуючы 6-ты альбом, маючы аншлягі на танцавальных і канцэртных выступах. (Беларусь можа стаць першай краінай у Еўропе, дзе канцэрты строй акустычнай музыкі зьбіраюць больш аматараў, чым музыкі сучаснай электроннай.) Вопыт гэтага выжываньня, вопыт працы з музычным матар’ялам, сувязі са студыямі й мэнэджэрамі зараз гурт перадае маладым, бо робім адную справу на гонар адной краіны.
Дзякуючы “Бацькаўшчыне” гурт “Стары Ольса” ў 2-гадовым сваім ўзросьце пазнаёміўся з Ірэнай Каляда-Сьмірноў, якой, як і кожнаму мецэнату, сталі даспадобы некаторыя музычна-дасьледчыя ідэі ўдзельнікаў гурта. Вынікам стаў дыск “Verbum” (з латыні “Слова”), у якім, акрамя музычных здабыткаў (Полацкі сшытак), упершыню было агучана зь беларускай фанэтыкай “Слова пра паход Ігаравы”, загучалі пад лютню арыгінальныя тэксты Міколы Гусоўскага, запісаныя вялікія ўрыўкі Статута ВКЛ пад беларускія дуды і начытаныя ўрыўкі з “Пана Тадэвуша” пад беларускую ліру.
Гэта быў першы вопыт, і калі спн. Ірэна атрымала вынікі працы – ліцэнзійныя дыскі – яна зрабіла наступны прафэсыйны крок мецэната. Яна проста запытала, ці маюць удзельнікі гурта іншыя арыгінальныя ідэі. А ідэй ворах – нашыя продкі пакінулі так шмат перлінаў музычнага мастацтва, што працы хопіць вялікаму інстытуту гісторыі.
Без залішніх перамоваў спн. Ірэна прапанавала брацца за далейшую працу. І тут, абапіраючыся на вопыт, набыты за ранейшыя гады, ольсаўцы год працавалі над старымі мэлёдыямі й паўгады ў студыі. Праз паўтары гады пабачыў сьвет двайны альбом “Скарбы літвінаў”, які вяртае мноства згубленых шэдэўраў.
Ад Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай да Ірэны Каляды-Сьмірноў і далей нашая культура і нашыя нашчадкі будуць абавязаны вам, беларускія мецэнаты. Шчыры дзякуй!
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.