ЛІСТЫ Ў РЭДАКЦЫЮУ сьнежаньскім нумары газэты “Беларус” я прачытаў артыкул Аляксея Арэшкі “Беларускія студэнты ў Мюнхэне (1945-1953)”, дзе нагадана пра арганізацыю ЎНРРАўскага ўнівэрсытэту і студыючых беларускіх студэнтаў. Не нагадана шмат прозьвішчаў, між іншых і маё. Я, Вітаўт Рамук, таксама студыяваў мэдыцыну на ЎНРРАўскім унівэрсытэце. Паколькі не было гарантыі, што факультэт мэдыцына ў гэтым унівэрсытэце будзе існаваць і надалей, я перайшоў у нямецкі ўнівэрсытэт у Мюнхэне, а ў 1949 годзе пераехаў на Каталіцкі ўнівэрсытэт у Лювэне (Бэльгія), дзе і закончыў мэдыцыну ў 1953 годзе.
Падчас студэнцтва я таксама належаў да Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня.
Прашу зьмясьціць гэтую зацемку як дадатак да артыкула Аляксея Арэшкі.
Др. Вітаўт РАМУК
Асацыяцыя беларускіх гэбраяў пратэстуе
У час правядзеньня спэцыяльнай сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў у Нью Ёрку 24 студзеня 2005 году, прысьвечанай 60-годзьдзю вызваленьня вязьняў нацыстоўскіх канцэнтрацыйных лягероў, прадстаўнікі Сусьветнай Асацыяцыі Беларускіх Гэбраяў (САБГ) уручылі асабіста міністрам замежных справаў Францыі – Мішэлю Барнье, Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны – Ёшцы Фішэру, іншых дзяржаваў пакет інфармацыі аб дзяржаўным антысэмітызме ў Беларусі. Такі-ж пакет інфармацыі атрымалі ў рукі ўпаўнаважаны па правах чалавека Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Лукін, спэцыяльны амбасадар Польшчы Браніслаў Герэмек. Інфармацыя аб дзяржаўным антысэмітызме ў Беларусі была перададзеная непасрэдна ў залі паседжаньняў Генэральнай асамблеі ААН прадстаўнікам эўрапейскіх краінаў, Канады, ЗША, Ізраіля, іншых краінаў-сябраў ААН.
САБГ зрабіла спрабу раскрыць плякат “Спыніце дзяржаўны антысэмітызм у Беларусі” ў голе будынку ААН. Гэтая акцыя была спыненая службаю бясьпекі ААН у зародку. Ахоўнікі дзейнічалі хучэй і эфэктыўней за менскі АМАП пры правядзеньні пікету ля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі з пратэстам супраць дзяржаўнага антысэмітызму летась. Дзеяньні калегаў і аднадумцаў у Менску і Нью Ёрку супадаюць: былі рэквізаваныя плякаты. Удзельнікі акцыі пратэсту па рашэньню службы бясьпекі ААН пазбаўленыя права наведваньня будынку гэтай арганізацыі.
Упершыню САБГ прыцягнула ўвагу ААН да антысэміцкай прапаганды, зьнішчэньню сінагогаў, помнікаў ахвярам Галакасту, гэбрайскіх могілак у Беларусі ў час правядзеньня сэмінара па антысэмітызму ў ААН, які адкрываў Генэральны сакратар Коффі Анан, летам 2004 году. Заклік да супрацьдзеяньня не знайшоў свайго адказу. Прэзыдэнт САБГ Якаў Гутман уручыў 24 студзеня вышэйпамянёны пакет дакумэнтаў асабіста ў рукі старшыні сэсіі міністру замежных справаў Габона Жану Пінгу. Дакумэнты вярнулі праз 10 хвілінаў без разгляду.
Бязьдзеяньне ААН, а фактычна падбухторваньне дзяржаўнага антысэмітызму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі яшчэ раз пацьвердзілі абвінавачваньні гэтай арганізацыі ў антысэмітызме.
Прэс-служба САБГ
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.