Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
БЕЛРОК-Н-РОЛ-2 ШУКАЕ ВЫЙСЬЦЯ

Ян ГРЭСКІ

Напрыканцы 80-х гадоў, калі цэнзура й прэсінг таталітарнай улады былі яшчэ моцныя ў БССР, а энэрґія вольнай думкі ўжо віравала ў беларускіх галовах, знайшліся дзьве таленавітыя асобы – маладыя журналісты Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй – якія вырашылі хоць-бы й гвалтам прарваць існуючы яшчэ бар’ер: яны напісалі кнігу, грунтоўны том у 240 старонак пра тое, пра што пісаць ім проста не дазвалялі – пра нацыянальныя аспэкты мас-культуры. Гэта быў вынік іхняга ўласнага дзесяцігадовага вопыту віртуозных хітрыкаў гульні між цэнзарскімі нажніцамі, апантаных спрэчак з апалягетамі таталітарнай журналістыкі (якія потым абселі нават газэту “Наша Ніва” і колісь вольнае радыё “Свабода”), якія даказвалі, што нібыта “традыцыйнай беларускай культуры чужыя ўсе праявы сучаснага жыцьця”. Мартыненка і Мяльгуй пераканаўча даводзілі, што народу, які ня мае ўласнай нацыянальнай мас-культуры, наканавана страціць і ўвогуле культуру.

З сваёй кнігай Вітаўт з Анатолем абыйшлі ўсе беларускія выдавецтвы (“Беларусь”, “Народная асьвета”, “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва”, “Унівэрсытэцкае” і г. д., аж нават уключна з “Ураджаем”), але ўсюды напорваліся на цэнзарскае сіта: кнігу скарачалі, выкрыўлялі, перайначвалі, аддавалі на рэцэнзію не музыколягам, а камсамольскім функцыянэрам, але выдаць так і не рашыліся – надта рэвалюцыйнай і пераканаўчай была канцэпцыя нашых М & М, якая наўпрост замінала імпэрскай русыфікацыі краіны (і іншых “нацыянальных ускраінаў”, бо там была гаворка і пра эстонскую мас-культуру, і пра грузінскую, і пра польскую, ды нават пра брытанскую і расейскую гаварылася менавіта ў нацыянальным аспэкце).

Рызыкуючы сваім лёсам, аўтары скарысталі шанец пераправіць свой машынапіс на Захад (хоць да 1990 году ў СССР яшчэ дзеіў закон, паводле якога за нелегальнае выданьне за мяжою пагражала да 8 гадоў турмы). У 1989 годзе кніга пад назваю “Праз рок-прызму” была выдадзеная ў ЗША пад грыфам выдавецтва “БІНіМ” ды нават трапіла ў каталёг Бібліятэкі Кангрэсу ЗША (№ 89-62683). Пакуль апалягеты таталітарнай журналістыкі накідваліся на яе ўсім цяжарам дзяржаўнай прэсы, ва ўнівэрсытэтах Варшавы, Беластока, Горадні ды нават Менску і... Мічыгану пісаліся ўжо навуковыя працы новага пакаленьня дасьледчыкаў нацыянальнай мас-культуры паводле кнігі “Праз рок-прызму”. А ў 1992 годзе журналіст з ЗША Джэры Фольі ўзяў грунтоўнае інтэрвію ў Вітаўта Мартыненкі, якое потым друкавалася ў адным з штомесячнікаў Сан-Францыска разам зь рэцэнзіяй сп. Дж. Фольі на кнігу “Праз рок-прызму”. Яно заняло аж дзьве старонкі фармату А4 (гл. Gerry Foley “Belarusian rock scene: how rock’n’roll is being used to preserve language, cultural heritage” у ґазэце “Socialist Action” vol. 10, № 12 за 12 сьнежня 1992 году, стар. 10-11).

За мінулыя 15 гадоў шмат што зьмянілася ў Беларусі. З чытачоў тае рэдкае, але пры жаданьні даступнае ў Беларусі кнігі вырасла цэлае пакаленьне новых музыкаў, выдаўцоў, рэцэнзэнтаў, якія паднялі нацыянальную мас-культуру на сур’ёзны прафэсыйны ўзровень: выходзяць дыскі, арганізоўваюцца буйныя канцэрты ў залях прэстыжнейшых палацаў і нават на стадыёнах. Не маўчалі гэтыя 15 гадоў і Мартыненка зь Мяльгуем: усе дзяржаўныя й незалежныя ґазэты й часапісы друкавалі іхнія нераўнадушныя, але заўсёды аб’ектыўныя і канструктыўныя рэцэнзыі на тыя дыскі, на канцэрты. Знакаміты прад’юсар Віталь Супрановіч неяк сабраў іх разам і адчуў, што больш поўнай і ўсеахопнай энцыкляпэдыі нацыянальнай мас-культуры й не напішаш. Тады папрасіў М & М, гэтых жывых клясыкаў нашай музычнай журналістыкі, падрыхтаваць такі том. І яны зрабілі гэта.

“Праз рок-прызму 2” атрымалася яшчэ канцэптуальнейшым і жанрава вытрыманым прадуктам, з віртуозна распрацаванай структурай, а галоўнае – непараўнальна грунтоўнейшым паводле аб’ёму. Гэта 600 старонак тэксту з маляўнічымі відарысамі вокладак пра СОТНІ выключна беларускамоўных музычных выданьняў, што выходзілі ня толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Вялікабрытаніі, Галяндыі, Францыі, Нарвэгіі, Канадзе, ЗША, Расеі... Новы том мэнэджэры назвалі кідкім брэндам “100 альбомаў беларускага року і... ня толькі”. А ў гэтае ня толькі ўвайшла яшчэ сотня нярокавай музыкі: інструмэнтальная, нью-эйдж, джаз, клясычная, бардаўская песьня... Вось вам і аргумэнт супраць чужынскіх захопнікаў беларускага радыёэтэру, якія нават Лукашэнку водзяць за нос, кажучы, што няма нічога свайго круціць на радыё.

Акрамя рэцэнзіяў (а ўсе яны прайшлі выпрабаваньне цераз масавага чытача ў прэсе) аўтары настойваюць на разьмяшчэньні каляровых уклеек з рэпрадукцыямі плякатаў, якія ў свой час рэклямавалі канцэрты беларускіх гуртоў у беларускім мэтро, на сталічных афішных тумбах, у замежных краінах (Польшча, Украіна, Нямеччына). Праект, нажаль, не фінансуецца дзяржаваю, а здрадніцкая палітыка беларускіх бізнэсоўцаў даўно вядомая (яны лепш укладуць грошы ў чарговы “мастацкі” наезд якога-небудзь раскручанага акупанта), дык вось і паўсталі праблемы з выданьнем кнігі. На стартавы тыраж паводле падлікаў адмыслоўцаў выдавецкае справы трэба найменш $5000 (пры найбольш рэнтабэльным накладзе 2000 асобнікаў). Хто жадае паспрыяць гэтай справе ды зрабіць свой хоць-бы сьціплы ўнёсак ў нацыянальную мас-культуру можа зьвяртацца на электронны адрас: w1979@tut.by (Фонд кнігі 100 альбомаў беларускага року). Ахвярадаўцы будуць адзначаныя ў кнізе, а таксама атрымаюць асобнікі гэтай грунтоўнай энцыкляпэдыі.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы