“МАЁ ЖАДАНЬНЕ – ВЯРНУЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ...”Тацьцяна АНТОНАВА-МЕЛЬЯНОВІЧ6 кастрычніка 2004 г. ня стала Васіля (Волтэра) Мельяновіча. Ён памёр у Брансьвіку, штат Агаё (ЗША). Апошнім яго жаданьнем было быць пахаваным у Беларусі, на могілках ля палескай вёсачкі Азярніца, дзе ляжыць і ягоны дзед. Завяшчаньне нашага земляка было выканана.
Мы пазнаёміліся з Васілём Мельяновічам у канцы 80-х гадоў, калі ён прывёз у Менск амэрыканскую выстаўку.
– Я, Васіль Мельяновіч, – самы сапраўдны беларус, сын “кулака” зь вёскі Азярніца, што непадалёк ад Лунінца, – зь нейкім выклікам прадставіўся ён тады.
Размаўляў “амэрыканец” на добрай беларускай мове, і нярэдка вакол яго зьбіраўся натоўп людзей, якім было цікава даведацца ня толькі пра далёкую Амэрыку, але і пра яго самога.
Пазьней “кулацкі” сын паведаў мне сваю гісторыю.
... Сям’я ў іх была вялікая і працавітая. Дзед, ягоныя браты й іхнія дзеці апрацоўвалі зямлю разам, а не паасобку свой кавалак. Працавалі сумленна, грошы складвалі – не прапівалі. Калі троху падсабралі, набылі малацілку з маторам, прыдбалі яшчэ ладны кавалак зямлі. Спадзяваліся, што будуць гаспадарыць на ёй. Але восеньню 1939 году ў Заходняй Беларусі ўсталявалася савецкая ўлада. Васіля, а ён якраз пайшоў у першы кляс, настаўнікі не пусьцілі на заняткі, маўляў, у савецкай школе ня месца дзецям “кулакоў”.
Далей – болей. Усіх, хто жыў больш-менш заможна, сталі раскулачваць. Брата дзеда Васіля выслалі ў Сібір. Дзеда і ўсіх астатніх родзічаў сталі цягаць на допыты. Бацька хаваўся. Дык энкэвэдысты рабілі засады ў хаце, каб злавіць яго.
Уся сям’я Мельяновічаў была гатовая, што іх вось-вось вышлюць у Сібір. Напагатове стаялі падрыхтаваныя торбачкі з рэчамі. Але тут абрынулася вайна...
Пазьней яны апынуліся ў Нямеччыне: спачатку ў польскім лягеры, потым – у беларускім. Пачатковую адукацыю Васіль Мельяновіч і ягоныя сёстры атрымалі ў школцы, якая была ў лягеры, а потым у беларускай гімназіі ў Міхельсдорфе. (Менавіта гэта гімназія “паставіла тады на ногі” беларускую эміграцыю.) Тыя людзі, што выкладалі там, былі самаахвярнымі беларусамі. Яны перадалі вучням усю сваю любоў да Беларусі, далі веды па гісторыі, літаратуры, геаграфіі, выхавалі пачуцьцё годнасьці й нацыянальнай самасьвядомасьці.
Магу ўявіць, якія пачуцьці перапаўнялі душу палескага хлопчыка, калі пасьля ўсіх выпрабаваньняў і нягодаў, доўгага падарожжа на цеплаходзе па акіяне ён убачыў доўгачаканы бераг і велічны сылуэт жанчыны з факелам – Статую Свабоды.
У Нью Ёрку Мельяновічы й сем’і іншых беларускіх эмігрантаў пачалі новае жыцьцё. Сярод асьляпляльных агнёў “сусьветнай сталіцы”, гукаў чужой мовы і рытмаў хіба толькі маленькія дзеці адчувалі сябе больш-меньш камфортна. Перад дарослымі-ж стаялі сур’ёзныя праблемы псыхалягічнага і эканамічнага пляну. (Бацькі Васіля, дарэчы, так і не адаптаваліся да Амерыкі, хаця пражылі там да самай сьмерці. Маці, ня ведаючы мовы, прыбірала людзям хаты. Бацька рабіў на фабрыцы. А ў вольны час майстраваў абсталяваньне для царквы, якую іх грамада тут пабудавала, адмысловыя аклады для абразоў.)
Васіль хацеў вучыцца. Але грошай на адукацыю дзяцей бацькі ня мелі. Тады хлопец вырашыў пайсьці на пару гадоў у амэрыканскае войска, што давала пасьля магчымасьць бясплатна вучыцца ў унівэрсытэце. Так Васіль Мельяновіч, прайшоўшы спэцыяльную падрыхтоўку, быў у зоне Панамскага каналу, у іншых гарачых кропках плянеты, са зброяй у руках абараняючы там амэрыканскія інтарэсы...
Вайсковая служба загартавала маладога чалавека. Ён паставіў сабе на мэце стаць высокакваліфікаваным спэцыялістам. І стаў. У 1963-м годзе атрымаў ступень бакаляўра інжынэрыі ў Нью-Ёркскім унівэрсытэце, а ў 1972-м – кандыдата навук. Пачаў працаваць у тэлефоннай кампаніі AT&T мэнэджэрам. Але грамадзкі тэмпэрамэнт не даваў Мельяновічу магчымасьці весьці ціхае і разьмеранае жыцьцё. Ён актыўна далучаецца да дзейнасьці Рэспубліканскай партыі ЗША, лабіруе інтарэсы беларускай дыяспары ў Дзярждэпартаманце, супрацоўнічае з рознымі інфармацыйнымі агенцтвамі. Вельмі ганарыўся Васіль Мельяновіч і сваім асабістым знаёмствам з Рональдам Рэйганам і Джорджам Бушам-старэйшым.
Але той, хто добра ведаў гэтага челавека, мог-бы сказаць, што жыў ён увесь час з раздвоенай душою. І раздваеньне адбывалася з-за яго любові да Беларусі, якая не адказвала ўзаемнасьцю. Трапіць у Беларусь ён марыў заўсёды, і, напэўна, нярэдка ўяўляў, як зьявіцца там, дзе зьняважылі іх сям’ю, зламаўшы ім усім лёс, на “белым кані”. Калі такая магчымасьць зьявілася ў 1988 годзе, ён яе выкарыстаў, паехаў у Менск з амэрыканскай выстаўкай. Але дазволу наведаць Азярніцу яму не далі. Сэрца ягонае бунтавалася ад такой несправядлівасьці...
Калі-ж у пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя абвесьцілі незалежнасьць Беларусі, ён прыляцеў сюды з-за акіяну ледзь ці ня першым. І, фактычна, стаў жыць на два дамы: адзін у ЗША, а другі – у Менску. Хаця і дому ў традыцыйным разуменьні ў яго ніякага не было – здымаў сьціплую кватэру і марыў, что некалі прыдбае ў ваколіцах Менску катэдж. А ў Азярніцы бываў часта. Яго радавала, што захаваўся вялікі бацькоўскі дом, у якім цяпер разьмяшчаецца мясцовая школа. Здавалася, што блуканьне па сцяжынках дзяцінства надае яму сілы й наталяе энергіяй стомленую душу.
Знаходзячыся ў Беларусі, ён шмат кантактаваў зь людзьмі. Хацеў адкрыць уласную фірму, якая дапамагала-б беларусам асвойваць азы бізнэсу, мэнэджмэнту, зьбіраўся чытаць лекцыі... Але нічога не атрымалася. Адзінае, што зрабіў – правёў за свой кошт лінію электраперадач на аддалены хутар ля Лунінца, дзе дасюль пры керасінавай лямпе жыла ягоная сваячка. Беларусь зноў выштурхнула Мельяновіча, якому забараніла сюды ўезд.
У канцы 90-х гадоў Васіль паспрабаваў перамяніць сваё жыцьцё. Прадаў вялікі дом з тыпаграфіяй у штаце Мэрыленд і перабраўся ў штат Агаё, бліжэй да славутага культурнага цэнтру “Полацак”.
– Хачу перадаць шматлікія падшыўкі беларускіх газэтаў, што выходзілі тут, кніжкі, іншыя матар’ялы, што я беражліва захоўваў усе гэтыя гады, для грамадзкага карыстаньня, каб гэта прыдалося на радзіме, бо тут-жа яно нікому не патрэбнае, – неаднойчы казаў ён.
Але ніякай цікавасьці да ягоных архіваў не праявілі ў “Полацку”, хаця даўно зьбіраліся зрабіць там і бібліятэку, і музэй, і карцінную галярэю... Усе ўнікальныя беларускія строі, творы мастацтва, прадметы побыту, якія захоўваюцца цяпер у сем’ях, пэўна-ж, прападуць, калі адыйдзе старэйшае пакаленьне...
Каштоўныя дакумэнты, архівы, запісы В. Мельяновіча так і засталіся незапатрабаванымі. Паміраючы, ён завяшчаў пахаваць свой прах побач зь дзедам на вясковых могілках. Кажуць, што яго нават не адпелі ў той прыгожай і велічнай царкве, дзе неаднойчы стаяў на каленях перад Богам, узносячы яму хвалу.
Складаны быў чалавек, бурна жыў, цяжка паміраў, але ні ў кога не прасіў літасьці й спагады. Непрыкаяная ягоная душа, магчыма, знойдзе цяпер пакой на радзіме, куды ён так імкнуўся. Няхай за яго памоляцца ўсе тыя, каму ён у свой час працягнуў руку дапамогі, каго любіў і шанаваў. А такіх і ў Амерыцы, і ў Беларусі нямала.
Сяргей Раманюк, нядаўні імігрант зь Беларусі, якога ў цяжкі для яго пэрыяд жыцьця прытуліў у сваім доме ў Брансьвіку разам з сям’ёй Васіль Мельяновіч, даставіў прах свайго сябра (а яны сапраўды былі найлепшымі сябрамі) на радзіму. Але на пахаваньне не прыйшлі ні аднавяскоўцы, ні сваякі “амэрыканца”. Чаму? Мы ня ведаем. Але і нас мясцовае начальства папярэдзіла, каб рабілі ўсё ціха, ня ладзілі на могілках ніякіх палітычных мітынгаў. А мы і не зьбіраліся. Проста зрабілі ўсё па-людзку, калі аддавалі яго зямлі. Налілі тройчы ў кілішкі й памянулі добрым словам.

Вольга ІПАТАВА
Васілю Мельяновічу
Дождж грыбны абмыў збаны на плоце,
І цяпер па ганку шалясьціць...
Яблыкі бялеюць у лістоце,
Белы бусел з вышыні глядзіць...
Рэчцы дадзены ўваскрэснуць шанец.
І па ёй, зьмялелай, ідучы,
Паляшук былы, амэрыканец,
Джынсы аж па лыткі замачыў.
Ён ідзе з расхрыстанай кашуляй,
А душой нібы ў дзяцінстве зьнік...
“Тут казала некалі матуля
Што ў віры зацягне Вадзянік.
А пасьля я рос. Прыйшла навала,
І маланцы адгукнуўся гром.
І зь зямлі прапрадзедаў пагнала,
Бо мой бацька быў гаспадаром.
Ён і за мяжой служыў зярняці,
Будаваў царкву, дзяцей любіў,
І аклад іконам Божай маці
З дрэва нетутэйшага рабіў.
А дзядзькі палеглі ў Курапатах...
Нас-жа ўратаваў заморскі вір...
Зачарпну – і цяжкі, як граната
На магілах прадзедавых жвір.
Мне з сабой узяць казалі людзі
Жменьку ад магілы, што люблю,
Ды баюся – бацькавыя грудзі
Я зямлёю тою прапалю.”
Скончыца праз трое сутак віза,
Зноў дзяцінства высахне рака,
Расплываецца смугою шызай
Разарваны лёс палешука.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.