РЭЦЭНЗІІ - НАДЛОМ БЕЛАРУСАЎМіхась ШВЭДЗЮК, АнгліяВасіль Якавенка. Надлом. Раман. Менск. Беллітфонд. 2003 год. Бачын 527.Моталь - мястэчка, маляўніча распаложанае каля ракі Ясельды ў 40 км на паўночны захад ад Пінску. Мястэчка старое. Некалі па пратэкцыі каралевы Боны атрымала Магдэбурскае права.
Ад вякоў жылі там у згодзе беларусы й гэбраі. У даваенным Моталі быў вялікі адсотак гэбраяў. Займаліся яны гандлем і рамёствамі. Маючы “манаполію гандлю ў сваіх руках, трымалі яны й цэны ў сваіх руках”, што часта прыводзіла да нараканьняў з боку мясцовых беларусаў, якія ў Моталі займаліся хлебаробствам.
Моталь у міжваенны час (1921-1939 г. г.) быў толькі намінальна беларускім: улада, школы нават шыльды былі на чужых мовах.
Успомнім, што ў Моталі нарадзіліся сьв. пам. Мітрапаліт БАПЦ Мікалай (Мацукевіч) і Хаім Вэйцман, першы прэзыдэнт Ізраілю. Жыцьцё маталянаў і апісвае Васіль Якаваенка ў сваім манумэнтальным рамане “Надлом”. Зацытуем рэзюмэ гэтай кнігі, зробленае выдавецтвам.
“Раман “Надлом” – твор псыхалягічны, жывы, увабраў у сябе шмат падзей і багата чаго закранае. Ён прысьвечаны драме і трагедыі беларускага нацыянальнага адраджэньня, неаднаразовыя спробы якога былі ў ХХ стагодзьдзі. Сярод пэрсанажаў - рэальныя гістарычныя асобы, якім собіла аказацца ў віры падзей.
У цэнтры ўвагі аўтара радзіна Пятра Пісарчука, жыхара заходнебеларускага мястэчка Моталь. Менавіта праз яго сыноў і ўнучку Марыю раскрываецца пакручысты лёс пакаленьняў.
Праўдзівасьць і выразнасьць мастацкага палатна прымушаюць думаць, што аўтар самахоць ідзе па цаліку і ўздымае скібы, якіх ніхто зь яго папярэднікаў, бадай, яшчэ не кранаў.”
Аўтар кнігі апісвае прыгнятаючае жыцьцё беларусаў пад польскім панаваньнем да 1939 году. Падаткі, польскія школы, паліцыянты, урадоўцы, палянізацыя, націск на праваслаўную веру і т. п. непакоілі мясцовы працавіты і богабаязны народ і рабілі яго варожым да палякаў. Сярод іх знаходзілі сабе прыхільныкаў камуністы. Барыс Пісарчук, сын Пятра, таксама стаў камуністам з перакананьня.
У 1939 годзе Польшча перастала існаваць і Заходняя Беларусь ўзьядналася з БССР. У часе пасьля пачатку ІІ Сусьветнай вайны (01.09.1939г.) і прыходам Чырвонай Арміі 17.09.1939 г. у Моталі й ваколіцах распачаўся несамавіты ў сваёй жорсткасьці тэрор. Мясцовыя камуністы-аматары ўтварылі розныя камітэты, пачаліся крадзежы, напады на людзей, забойствы. Яны замардавалі памешчыка Рамана Скірмунта, які быў беларускім патрыётам і браў удзел у працы І Усебеларускага Кангрэсу ў 1917 годзе, разагнанага бальшавікамі. З прыходам “освободителей» разбой часткова суціх, але не спыніўся.
Але жыцьцё маталянаў не палепшала: прышэльцы з Усходу пачалі арыштоўваць цэлыя сем’і і вывозіць іх на поўнач, да Сібіры, да Казахстану. Рабілі ўсё гэта без ніякіх абвінавачаньняў і судоў. Некаторых крэўных Пісарчукоў таксама выселілі, і яны самыя чакалі свае чаргі, але прыход немцаў перапыніў гэтыя пляны.
Пры Саветах польскую школу ў Моталі, на якую так наракалі камуністы, закрылі, а на яе месцы адкрылі... расейскую. Цяпер пратэставаць не адважваліся, бо баяліся наступстваў.
З прыходам немцаў у маталянаў насталі яшчэ цяжэйшыя часы. Фашысты па-зьверску ліквідавалі гэбрайскае насельніцтва, пачалі вывозіць моладзь на працу ў Нямеччыну. Такая палітыка немцаў спрыяла павелічэньню шэрагаў партызанаў, ад якіх цярпелі й маталяне, бо ў іх забіралі каней, кароваў, вазы, харчы, вопратку і г. д. Апрача зьдзекаў ад немцаў і партызанаў маталяне моцна цяпрелі ад палякаў.
Вельмі цяжка жылося Пісарчукам за нямецкім часам. Пятра Пісарчука разам з сынам Паўлюком забілі партызаны. Так беларусы мардавалі беларусаў. Са сьмерцю Пятра і Паўлюка, аўдавелі Аксіньня, жонка Пятра, і Зося, жонка Паўлюка, страціла любімага дзеда ўнучка Марыя. Застаўся жывым бацька Марыі Барыс, які быў ваеннапалонным у Кёнігсбэрзе на Прусіі. Між іншым, можа праз самога Барыса партызаны замардавалі яго бацьку і брата.
Надышоў 1944 год. Дык што мелі рабіць Пісарчукі са сваімі малымі дзецьмі? Трэба памятаць, што ўсе яны былі ў сьпісе на вываз у Сібір. І яны пастанавілі ўцякаць на Захад. У красавіку і траўні аж 200 маталянаў падаліся ў Нямеччыну. Уцякалі, бо спадзяваліся, што чужына прыйме і абагрэе лепш за Бацькаўшчыну.
Пісарчукі даехалі да ваколіцаў Познані і там спыніліся сярод чужых людзей. Пасьля заканчэньня вайны не было спакою беларусам у Польшчы, бо розныя СМЕРШы й НКВДзісты вышуквалі й лавілі людзей, каб вярнуць іх туды, адкуль тыя паўцякалі. Дзякуючы зямлякам-беларусам Пісарчукам удалося застацца ў Польшчы. Марыя закончыла школу, потым на выдатна мэдычны факультэт Познаньскага ўнівэрсытэту. Цэлы час Пісарчукі былі ў кантакце з Барысам, які па вайне апынуўся ў ЗША. Ён слаў ім пачкі, грошы, нічога не шкадаваў. Быў добрым чалавекам.
Марыя ў міжчасьсе ўступіла ў шлюб, які закончыўся разводам.
З ЗША прыйшла сумная вестка, што Барыс Пісарчук, бацька Марыі, захварэў. Яна паехала яго адведаць і засталася там жыць спачатку ў Чыкага, а потым у Піцбургу, спазналася з беларусамі Сяргеем Карніловічам, Васілём Мельяновічам і іншымі рупліўцамі беларушчыны. Пасьля Чарнобылю доктар Марыя ўлучылася ў дабрачынную працу, зьбірала мэдыкамэнты й пасылала ў Беларусь.
Урэшце Марыя адведала родны Моталь. Розныя пачуцьці перажывала яна пасьля сустрэчаў з роднымі і з тымі, хто прынёс яе сям’і гора.
Раман “Надлом”, на маю думку, унікальны, бо гэта магчыма першая кніга, дзе так дэталёва і аб’ектыўна апісваюцца падзеі міжваеннага, ваеннага і пазьнейшага часу.
У кнізе ад пачатку да канца цягнецца нітка любові да роднае мовы, да Беларусі. Кніга цікавая і павучальная і чытаецца зь вялікім задавальненьнем. Без перабольшваньня можна сказаць, што на яе падставе трэба зьняць фільм, які мог-бы мець фэнамэнальны посьпех. Чакаем.
УДАКЛАДНЕНЬНЕ: у “Беларусе” №503 за сьнежань 2004 году (бач. 7) ў артыкуле аб кнізе ўспамінаў Каткевічанак была дапушчаная памылка: унівэрсытэт яна скончыла не ў 1934, а ў 1939 годзе.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.