Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
СУПРАЦЬ ДЫКТАТУРЫ І ЭТНАЦЫДУ

Віталь ЗАЙКА

Каля штаб-кватэры Аб’еднаных Нацыяў на 1-й Авэню і 44-й вуліцы на Мангэтане 24 студзеня 2005 году, прайшоў пікет, ладжаны нью ёркаўскім аддзелам БАЗА, супраць ігнараваньня нормаў дэмакратыі, парушэньня правоў чалавека, этнацыду беларускага народу і палітыкі дзяржаўнага антысэмітызму, што праводзіць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Пікет быў прымеркаваны да Сэсіі Генэральнай Асамблеі Аб’еднаных Нацыяў, што ўшанавала памяць вязьняў Асьвенціму і ахвяраў нацыстоўскага генацыду. Сярод ахвяраў Асьвенцыму ды іншых лягераў сьмерці было шмат дачок і сыноў беларускай зямлі. Нашмат болей загінула ў Беларусі, у сваіх родных мясьцінах, спаленыя жыўцом падчас антыпартызанскіх акцыяў або расстраляныя за тое, што нарадзіліся гэбраямі.Большасьць краінаў Эўропы, дзе 60 год таму яшчэ курэлі руіны Другой сусьветнай вайны, дабіліся свабоды і цяпер, вольныя і дэмакратычныя, сьвяткуюць сваё вызваленьне ад нацызму, а таксама новаздабытую свабоду, як сястра і суседка Беларусі — Украіна.

Але адная краіна ў цэлай Эўропе ўсё яшчэ застаецца паняволенай і пакутуе пад уціскам таталітарнай дыктатуры. Гэтая краіна — наша Беларусь.

У мінулым годзе Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі прыняў Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі, скіраваны на падтрымку дэмакратыі, правоў чалавека і панаваньня закону ў Беларусі. Акт прадугледжвае таксама санкцыі супраць вядучых асобаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які заяўляў аб сваіх сымпатыях да найвялікшых душагубаў стагодзьдзя — Гітлера і Сталіна, і мае ў сваіх сябрах адыёзных асобаў кшталту Кадафі й Садама Хусэйна, прыціскае канстытуцыйныя свабоды сваіх грамадзянаў, садзейнічае дзяржаўнаму антысэмітызму і росквіту расейскага шавінізму.

Сёньня, 60 гадоў пасьля вызваленьня сьвету ад нацызму, беларускі народ не свабодны. Беларускі народ ня можа браць удзел у свабодных і адкрытых выбарах. Беларускі народ ня мае магчымасьці разьвіваць сваю мову, сваю культуру. Беларускі народ чуе хлусьню і прапаганду зь дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, што працуюць на чужой мове. Беларускі народ пастаўлены ў цяжкія дэмаграфічныя ўмовы, ён вымірае.

З пратэстам супраць антынароднай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, што застаўся апошняй дыктатурай у Эўропе, выступілі ўдзельнікі пікету 24 студзеня каля будынку ААН. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, на плякатах было напісана: “Беларусь мае дзьве бяды: Чарнобыль і Лукашэнку”, “Аранжавая рэвалюцыя – у Беларусь!”, “Мы хочам свабоднай, дэмакратычнай Беларусі!”, “Спыніць этнацыд у Беларусі!”. Пікетоўцы скандавалі лёзунгі: “Спыніць дыктатуру!”, “Дэмакратыю ў Беларусь!”, распаўсюджвалі ўлёткі сярод мінакоў і удзельнікаў Генэральнай Асамблеі ААН.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы