“РОЧНІЦА “БУЖЫ” В БЯЛЫМСТОКУ”Юры ВЕСЯЛКОЎСКІПад такім загалоўкам у польскай лёнданскай газэце “Тыдзень Польскі” (5 верасьня 2004 году) быў зьмешчаны артыкул Крыстыны Асіповіч, прысьвечаны 60-й гадавіне выступленьня Арміі Краёвай (АК) летам 1944 году супраць немцаў на Ўсходнім фронце. Назоў гэтай акцыі “Бужа” альбо Бура, і мела яна на мэце весьці барацьбу ня толькі па тылох немцаў, але і супраць Чырвонай Арміі за аднаўленьне Польшчы ў межах 1939 году.
Напачатку вайны акрамя Арміі Краёвай была створаная ў Варшаве ў жніўні 1941 году падпольная дывэрсыйная арганізацыя “Вахляж” – Веер, якая мела праводзіць на “крэсах всходніх” былой Польшчы сабатаж ад Балтыйскага да Чорнага мораў ды адначасова палітыку вяртаньня гэтых земляў да Польшчы. Сваю дзейнасьць “Вяхляж” пачаў у верасьні 1941 году.
Як бачым, гэта была вялікая прастора, на якой пражывала ня так шмат палякаў, але былі пераважна адукаваныя людзі патрыёты. Аднак арганізацыя “Вахляж” не праявіла свае актыўнасьці. Яна, як і АК, не магла сягаць далей як за межы былой Польшчы 1939 году.
На сваёй тэрыторыі “Вахляж” і АК не праводзілі дывэрсыяў супраць немцаў, бо за гэта найбольш адказвала перад немцамі цывільнае насельніцтва. Таму “Вахляж” выбраў Беларусь, як найбольш прыдатную прастору для свае дзейнасьці, за якую пакараньне прыходзілася несьці беларусам.
Аднак людзі “Вахляжа” не былі добра падрыхтаваныя для такой дзейнасьці. Яны паходзілі з карэннай Польшчы, школіліся на дывэрсантаў у Англіі, адкуль самалёты скідалі іх на парашутах у Польшчы, а адтуль кіраўніцтва “Вахляжа” пасылала іх на ўсход. Людзі гэтыя ня ведалі моваў народаў на “крэсах” і гэтым выдавалі сябе. Ды што праўда, кіраўнікі “Вахляжа” не былі сумленныя, яны выстаўлялі фальшывыя рапарты аб сваёй дзейнасьці, якой не было, і за гэта атрымлівалі грошы. Таму “Вахляж” быў распушчаны ў лютым 1943 году, а ягоныя людзі, якіх называлі “ціхацёмнымі”, і якія былі вышкаленымі дывэрсантамі, былі разасланыя па аддзелах АК.
Армія Краёва мела свае аддзелы ў Беларусі, і яе заданьнем было ліквідаваць беларускую дзейнасьць і яе інтэлігенцыю, каб пасьля вайны лягчэй было палякам устанавіць сваю ўладу ў Беларусі.
Як узгадвалася, заданьнем “Бужы” было весьці вайну па тылох немецкай арміі, якая адступала летам 1944 году. Але ня ўсе акаўцы выступалі супраць немцаў, шмат хто зь іх супрацоўнічаў зь немцамі да канца вайны. Некаторыя камандзіры АК былі ў змове зь немцамі, бралі ад іх зброю, амуніцыю і ваявалі супраць савецкіх партызанаў, што выглядала на канфрантацыю з Чырвонай Арміяй. Заданьнем АК, як “факт дакананы”, было ўстанавіць сваю ўладу пасьля адступленьня немцаў з “крэсаў усходніх”.
Ініцыятарамі такога пляну былі генэрал Сікорскі ў Лёндане і кіраўнік АК Равэцкі (“Грот”) у Варшаве. Сікорскі пісаў Равэцкаму:
“Мы павінны апярэдзіць расейцаў і стварыць “факты дакананыя” праз паўстаньне ў краі й пераняць вайсковую і адміністратыўную ўладу. Савецкае войска павінна трактавацца як саюзнае, а пасьля кожнага акту неляяльнасьці зь іхняго боку дамагацца англасаксонскай інтэрвэнцыі”.
Такою дарогаю “фактаў дакананых” “Бужа” мела зрабіць польскі ўрад у Лёндане гаспадаром “крэсаў усходніх”, а пасьля і Польшчы. Аднак такі плян аказаўся нерэальным і немагчымым да выкананьня. Усё-ж, каб падмацаваць дзейнасьць АК на “крэсах”, як другі “факт дакананы”, выбухнула паўстаньне ў Варшаве 1 жніўня 1944 году.
У гэты час Чырвоная Армія сьведама затрымалася перад Віслаю і дапамогі паўстанцам не аказала, бо паўстаньне было выклікана польскім эміграцыйным урадам у Лёндане, які варожа ставіўся да камуністаў. Такім чынам Варшаўскае паўстаньне было разгромленае немцамі, якія зруйнавалі Варшаву, а палякі панесьлі вялікія страты ў людзях. Пасьля Чырвоная Армія заняла Варшаву і пасадзіла там камуністычны ўрад.
Але гэтым ня быў пакланы канец змаганьню АК у Заходняй Беларусі. Акаўцы мсьціліся ня толькі на мясцовай савецкай адміністрацыі, але і на звычайных беларусах. Была гэта доўгая барацьба, якая цягнулася да 1953 году. Тады рэшта акаўцаў перайшла зь Беларусі на Беласточчыну пад Польшчаю і там праводзіла сваю злачынную працу сярод мірных беларусаў, мардуючы іх без дай прычыны толькі таму, што яны беларусы й праваслаўныя.
Нельга сказаць, каб беларусы ды іншыя нацыянальныя меншасьці ў міжваеннай Польшчы цешыліся нацыянальнай свабодаю. Польшча, падпісваючы Вэрсальскую дамову ў 1919 годзе, забавязалася даць свабоду нацыянальным меншасьцям у сваёй дзяржаве. Таксама на канфэрэнцыі ў Рызе ў 1920 годзе, калі была праведзеная мяжа, якая дзяліла Беларусь і Ўкраіну, палякі забавязаліся даць нацыянальную свабоду гэтым народам, але яе ніколі не далі. Савецкі ўрад нагадваў пра гэтыя забавязваньні, але польскі ўрад не зьвяртаў увагі. Таму нацыянальныя меншасьці Польшчы ад 1920 да 1930 году выслалі ў Лігу Нацыяў 155 нараканьняў на польскі ўрад. Але і гэтыя скаргі не зрабілі ніякога ўплыву на польскі ўрад, хоць паказалі Польшчу ў вачох сьвету як дыктатарскую дзяржаву.
Таму нічога дзіўнага, што падчас вайны Польшчы зь Нямеччынай у 1939 годзе пад прэтэкстам абароны сваіх братоў беларусаў і ўкраінцаў Чырвоная Армія 17 і 18 верасьня заняла Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. Былі гэта трагічныя наступствы палітыкі польскага ўраду, які прыгнятаў нацыянальныя меншасьці, каб зрабіць іх палякамі дзеля сваёй старой ідэі вялікай “моцарствовэй Польскі”. Пілсудзкі аднойчы сказаў, што Польшча будзе вялікая альбо зусім ня будзе.
Прывядзём тут урывак з “Справаздачы кур’ера Міністэрства Ўнутраных Справаў аб сытуацыі ў акупаванай Польшчы ў жніўні 1944 году”:
“З болем трэба сьцьвярджаць, што тых некалькі сотняў людзей, якім былі дадзеныя важнейшыя становішчы ў вызвольнай працы, нічога не навучыліся за пяць цяжкіх і трагічных гадоў, што не зрабілі ў іх душах ніякага пералому, як можна было спадзявацца ў верасьні 1939 году і чаго можна было ад іх дамагацца. Не змаглі нават пад акупацыяй вылезьці з балота сваіх памылак і заганаў. Узьняцца крыху вышэй і звысока больш ясна глянуць на сьвет, на Польшчу, на сваю працу. Усё, нажаль, засталося ў гэтых паноў па-старому, нічога не зьмянілася да лепшага.” (“Мендзы Лёндынэм і Варшаво”, Варшава, 1986, с. 356).
Як падае “Дзеньнік Польскі” 19 траўня 1990 году, у час прыватнага побыту ў Лёндане міністра замежных справаў ва ўрадзе Тадэвуша Мазавецкага, праф. Кшыштоф Скубішэўскі сказаў на прэс-канфэрэнцыі, што Польшча ня мае ніякіх прэтэнзіяў да сваіх даўнейшых усходніх земляў.
Аднак польскі ўрад на выгнаньні напамінае, што землі гэтыя былі захопленыя збройным нападам на Польшчу 17 верасьня 1939 году ў змове з гітлераўскай Нямеччынай. У Ялце ў 1945 годзе захоп гэты быў пацьверджаны заходнімі аліянтамі бяз згоды польскага ўраду ў Лёндане.
Як бачым, некаторыя палякі ніяк ня хочуць зразумець, што на гэтых землях, якія яны называюць сваімі, жылі спрадвеку народы, якія мелі сваю культуру, мову, пісьменнасьць, традыцыі, ды ў мінулым вялі войны з палякамі. І сёньня пасягаць на гэтыя землі могуць толькі хворыя на імпэрыялістычную манію захопнікі.
Крыстына Асіповіч піша, што з нагоды 60-й гадавіны Бужы” пад патранатам былога прэзыдэнта РП Рышарда Качароўскага, Беласток адзначыў гэтую дату. Раніцою ў гарадзкой базыліцы адбылася імша пры ўдзеле шматлікіх пачотаў са сьцягамі. Пасьля ля помніка жаўнерам АК зь беластоцкай, віленскай і наваградзкай акругаў былі зложаныя вянкі й сказаныя прамовы. Наступна адбылася навуковая сэсія пад назовам “Акцыя Бужа”, у якой прымалі ўдзел варшаўскія, віленскія і беластоцкія гісторыкі. Была адкрытая выстава пад назовам “Ржавыя драты нас аддзяляюць ад Бацькаўшчыны…” Адкрываючы выставу былы прэзыдэнт Качароўскі сказаў: “Гісторыю пісалі вы - хто насіў мундзір альбо апаску АК… Перад дзецьмі й унукамі доўга хавалі тое, за што змагаліся бацькі й дзяды. Ёсьць шмат чаго да адрабленьня”.
Далей у гутарцы з карэспандэнтамі былы прэзыдэнт сказаў: “Для нас палякаў плян “Бужа”, а таксама Варшаўскае паўстаньне – гэта прыклад патрыятызму, ахвярнасьці й адданасьці вялікай справе, якою ёсьць польская дзржава, вольная і незалежная.”
Аб акцыі “Бужа” ня раз пісала польская прэса. Ставілася пытаньне, ці была яна патрэбная? З пункту гледжаньня лёгікі - не. Быў гэта неабдуманы самазабойчы акт фанатыкаў, які закончыўся фіяскам. Аднак “Бужа” ўвайшла ў гісторыю Польшчы. Каштавала яна палякам сотні тысяч ахвяраў і разбурэньне Варшавы. Але, як лічаць некаторыя палякі, кроў, пралітая ў перамозе ці паражэньні, заўсёды мае сваю вартасьць.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.