Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
БЕЛАРУСКІ ЗАМЕЖНЫ ІНТЭРНЭТ

Юрась МІХЕД

Калі мяне папрасілі напісаць артыкул пра беларускі замежны інтэрнэт, па аналёгіі з сэрыяй тэкстаў пра прэсу і радыё дыяспары, я спачатку задумаўся. Сусьветнае сеціва, як сродак масавай інфармацыі істотна розьніцца ад прэсы й радыё. У гэтым пляне, галоўнаю ягонаю рысаю зьяўляецца глябальнасьць. Радыё, напрыклад, можна слухаць толькі ў абмежаванай мясцовасьці. Тое-ж самае з газэтаю - калі вы, прыкладам, апынуліся недзе ў Інданэзіі, то, канешне, можаце дамовіцца, каб вам дасылалі яе па пошце, але тады вам давядзецца ахвяраваць і апэратыўнасьцю інфармацыі, і, што дужа важна, эканамічнай мэтазгоднасьцю.

З інтэрнэтам-жа, ўсё наадварот. Калі толькі знайдзеце кампутар з далучэньнем да павуціньня, дык можаце адразу пайсьці на любую старонку, адрас якое вы ведаеце. Такім чынам, і беларускія, і замежныя вэб-праекты даступныя ўсім. Каб пачуць навіны зь Беларусі, сёньня дастаткова проста пайсьці на бачыну, напрыклад, беларускай службы Радыё Свабода (svaboda.org) ці якога іншага інфармацыйнага агенцтва. Можна нават паслухаць Свабоду праз інтэрнэт, калі дазваляе хуткасьць далучэньня. Дарэчы, паслухаць можна і радыёстанцыю Беларусь (дзяржаўнае радыё РБ) - зразумела, калі хопіць на гэта нэрваў, бо слухаць пра “неверагодныя посьпехі Беларусі” сёньня, мякка кажучы, непрыемна. Вялікі сьпіс разнастайных беларускіх старонак можна знайсьці на Беларускай Палічцы (knihi.com/bib/staronki.html). Таксама варта паглядзець Акавіту (akavita.by) - гэта ўжо сапраўды поўны лістынг белнэту.

Апрача гэтага пры дапамозе інтэрнэту можна лёгка і хутка камунікаваць са сваімі сваякамі ды сябрамі ў Беларусі й ва ўсім сьвеце. Усё гэта дазваляе нам у некаторай ступені пазбавіцца той адарванасьці ад Айчыны, якую адчувалі нашыя эмігранты некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Дарэчы, цудоўны праект Belarus Inside! (bi.org.by), які робіць Яўген К., беларус з Каліфорніі, зьмяшчае вялікую колькасьць якасных фотаздымкаў розных мясьцінаў Беларусі - паглядзіце, мо там будзе і ваш дом. Наагул, шмат найлепшых беларускіх онляйн-праектаў робяць менавіта беларусы замежжа. Узяць хаця-б Беларускую Палічку (knihi.com) з усімі ейнымі дадатковымі праектамі або старонку pravapis.org.

Такім чынам, гэты артыкул будзе аглядам тых праектаў, якія зьвязаныя з дыяспарай і ейнай дзейнасьцю. Якія старонкі варта наведаць беларусу за мяжою? Самая важная старонка для тых, хто хоча знайсьці суайчыньнікаў – my.knihi.com. Праект Беларускай Палічкі “Беларусы сьвету” дазваляе разьмяшчаць інфармацыю пра сваё месцазнаходжаньне і кантакты. Такім чынам, праглядаючы разьдзел для вашай краіны, вы ўбачыць, хто жыве недалёка ад вас. Пра гэты праект даводзілася чуць шмат станоўчых водгукаў. Сам я сустрэўся зь беларускай дыяспарай менавіта празь “Беларусаў сьвету”.

Zbsb.org – Партал Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”. Вельмі добры сайт, які зьмяшчае шмат карыснай інфармацыі. Напрыклад, там можна знайсьці сьпіс сусьветных беларускіх цэнтраў - дамоў, цэркваў, бібліятэкаў, аддзелаў і г. д. “Бацькаўшчына” выпускае бюлэтэнь Беларусы ў сьвеце, пра асноўныя падзеі ў дыяспары.

Старонка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньняbaza-belarus.org. Зьмяшчае артыкулы й разнастайную інфармацыю пра БАЗА. Асабліва варта паглядзець яе, каб даведацца пра мерапрыемствы, што ладзяцца арганізацыяй - сходы, імпрэзы, сьвяткаваньні, пікеты ды іншае. Калі вы жывяце ў ЗША, то, магчыма, таксама захочаце прыняць у іх удзел.

Задзіночаньнем выдаецца часапіс Belarusian Review (www.belarusianreview.org). Сама старонка робіцца Андрэем Рамашэўскім y Чэхіі.

Bielarus.org – гэта, як вы здагадаліся, онляйн-вэрсія нашае газэты. Цяпер на нашым сайце ёсьць і крама, дзе можна замовіць беларускія кнігі й дыскі. Гаворачы пра Злучаныя Штаты, можна таксама згадаць Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Запісы БІНіМ: belarus8.tripod.com/ZapisyBINIM/zapisy.htm). Зь Беларусьсю зьвязаная й Паўночна-Амэрыканская Асацыяцыя Вывучэньня Беларушчыны (www.belarusianstudies.org)

Старонка www.belarusians.co.uk рэпрэзэнтуе беларусаў у Вялікай Брытаніі. Хоць на ёй і не разьмешчана шмат інфармацыі, усё-ж там ёсьць карысныя спасылкі й аб’явы пра іхную дзейнасьць. Яшчэ дзьве старонкі - лёнданскае беларускае бібліятэкі імя Ф. Скарыны (www.skaryna.org), паводле апісаньня, найбуйнейшай па-за межамі Беларусі калекцыі беларускіх кнігаў і пэрыёдыкі, і Беларускай Каталіцкай Mісіі ў Англіі (www.catholic. belarusians.co.uk), якая “была створаная ў 1947 г. для душпастырскай працы для беларусаў, якія апынуліся ў Вялікабрытаніі пасьля Другой Сусьветнай Вайны”, ня гледзечы на асобныя дамэны, хучэй зьяўляюцца адною, бо знаходзіцца на адным сэрвэры, і маюць вельмі падобны дызайн і досыць узаемных спасылак.

Вэб-старонка Беларускага Гістарычнага Згуртаваньня Аўстраліі www.picknowl.com.au/homepages/viktor хоць на першы погляд і багатая інфармацыяй (асабліва пра справы аўстралійскіх беларусаў), нажаль, ужо даўно не аднаўлялася, што сьведчыць пра яе закінутасьць (спадзяюся, я памыляюся). Гэта добра адлюстроўвае становішча беларускай дыяспары на тым кантынэньце – прадстаўнікі ранейшых хваляў адыходзяць, іхныя нашчадкі асымілююцца і забываюцца на беларускасьць, а новых эмігрантаў амаль няма, бо Аўстралія дужа ўзмацніла жорсткасьць сваіх іміграцыйных законаў.

Беларускасьць існуе і ў Расеі. Аддамо тамтэйшым суайчыньнікам належнае - цяжка, відаць, захоўваць сваю культуру, знаходзячыся ў самым цэнтры розных “трыадзінскіх” ідэяў. І хоць, нажаль, выразную большасьць беларусаў Расеі зь Беларусьсю аб’ядноўвае толькі тэрытарыяльнае і/або этнічнае паходжаньне, сярод іх усё-ж ёсьць людзі, верныя сваім нацыянальным каштоўнасьцям.

“Беларуская Масква” - maskva.com - дынамічны праект Віктара Дзятліковіча, які не рэпрэзэнтуе ніякіх арганізацыяў, а проста прадстаўляе маскоўскую беларускасьць. Як пішацца на бачыне, Масква гэта зусім не беларускае места, але ёсьць невялікія выключэньні, і старонка - гід па іх. Акрамя даведніка па маскоўскіх беларускіх куткох, там ёсьць артыкулы, навіны, гумар, назіраньні маскоўскіх беларусаў і шмат іншага. Усё-ткі, прыемна ведаць, што нават у самым сэрцы Расеі існуе беларускае жыцьцё. На маю думку, гэта адзін зь лепшых сайтаў дыяспары.

Ячшэ адным “маскоўскім” сайтам зьяўляецца старонка Грамады Беларускае Культуры iмя Франьцiшка Скарыны места Масквы (hramada.ru), арганізацыі, якая існуе ўжо 15 год.

Вартая ўвагі старонка томскай арганізацыі Белыя Росы (belorus.tomsk.ru). Паводле іхнай інфармацыі, у Томскай вобласьці (Сібір) жыве 10 000 беларусаў і таксама абруселыя нашчадкі нашых пeрaсяленцаў канца XIX – пачатку XX ст. ст.; мэта суполкі – “захаваньне нацыянальнае культуры, забеспячэньне духоўных патрэбаў беларускай дыяспары, умацаваньне сувязяў зь Беларусьсю”. На старонцы прыемна бачыць беларускую мову, Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг.

Старонка беларусаў Санкт-Пецярбургу - “Krynica” (www.geocities.com/Athens /Atlantis/8005), напісаная лацінкаю. Сярод ейных публікацыяў ёсьць цікавы “Кароткі катэхізм беларускага патрыёта”. Нажаль, за чатыры гады яна ні разу не аднаўлялася. Тое-ж самае можна сказаць і пра старонку беларусаў-каталікоў у Расеі (www.carkva.narod.ru), разьдзелы якой знаходзяцца “на рэканструкцыі” з 2001 году. Для тых, хто ня ведае, патлумачу: калі сайт зачыняецца “на рэканструкцыю”, гэта фактычна значыць што ён зачыняецца пэрманэнтна.

Шмат беларусаў апынулася ў Чэхіі. Пра іх жыцьцё ў гэтай краіне можна даведацца са старонкі Беларускага Цэнтру ў Празе (www.belcentrum.org). Гэта адная з нешматлікіх старонак, на якой мёсьць нямала інфармацыі. Напрыклад, ёсьць разьдзел Інфасэрвіс з уласнымі й перакладзенымі артыкуламі, якія маюць дачыненьне да Ўсходняй Эўропы. Нажаль, іншыя “чэскія” сайты, напрыклад, belarus.cz, belabroad.com, зьніклі.

У Швэцыі добра працуе інтэрнэт-часапіс www.vitryssland.nu. Рэдактар яго ведамая швэдзкая журналістка Марыя Содэрбэрг. У выданьні разнастайныя навіны зь Беларусі, супольныя беларуска-швэдзкія праекты, артыкулы з гісторыі беларуска-швэдзкіх кантактаў. Інтэрнэт-газэту www.belarus.nu з апошнімі палітычнымі навінамі выдаюць маладыя сацыял-дэмакраты Швэцыі.

Маладыя палітычныя ўцекачы апошняй хвалі, асноўна ў Бэльгіі, заснавалі старонку www.razam.org . На ёй можна знайсьці сьвежыя весткі й фатаграфіі з дэманстрацыяў і пікетаў, якія яны праводзяць у розных гарадох Эўропы.

І нарэшце, беларусам Нямеччыны належыць старонка Задзіночаньня Беларускай Моладзі Замежжа (www.zbmz.org), імі-ж робіцца “Партал Беларускай Дыяспары” (belarusy.com), з добраю падборкаю артыкулаў з розных крыніцаў (нажаль, амаль усе яны на расейскай мове), форумам. Старонка праекту ЗБМЗ мае ўсе ўласьцівыя для такога сайту разьдзелы. Да таго-ж стваральнікі яе, падобна, намагаюцца неяк аб’яднаць асобных людзей. Для гэтага быў створаны асобны рахунак на старонцы livejournal.com, zbmz, у сябры якога дадаюцца рахункі (з таго-ж “Жывога журналу”) маладых беларусаў замежжа – гэты дзёньнік у іх нават зьяўляецца стартавай старонкай. Увогуле, праект “Жывы журнал” (livejournal.com) таксама варта згадаць. Гэта найбольш папулярны сэрвіс бясплатных онляйн-дзёньнікаў, і, як можна здагадацца, рахункі там трымаюць шмат беларусаў, у тым ліку і замежных. Спэцыяльна былі створаныя рахункі all_belarus (сьпіс беларускіх карыстальнікаў), і bielarusy (сьпіс беларускамоўных).

Асобная размова – беларусы Польшы й Летувы. Асобная, бо ў гэтых краінах, як i ў Лaтвii, беларусы зьяўляюцца карэнным насельніцтвам, якое апынулася за мяжою толькі дзякуючы геапалітыцы Крамля. У Польшчы, гэта перш за ўсё старонка тамтэйшай штотыднёвай беларускай газэты “Ніва” (niva.iig.pl). Камунікат (republika.pl/kamunikat) – багатая інтэрнэт бібліятэка. Польскамоўная старонка Bialorus.pl зьяўляецца вялікім паўнавартасным парталам, прысьвечаным Беларусі. Яшчэ адзін рэсурс – Беларускае Аб’еднаньне Студэнтаў у Варшаве (www.basvas.republika.pl).

У Летуве, гэта vilnia.com, беларускі інфармацыйны цэнтар, старонка газэты беларусаў Летувы “Рунь” (www.runbel.lt). Ёсьць таксама старонка цэнтру “Крок” (www.tts.lt/~oliya/krok). Апошні даўно не аднаўляўся і сустракае наведвальнікаў чырвона-зялёнымі сьцягамі. Не зразумела, ці то стваральнікам бракавала сьвядомасьці, ці то яны маюць дачыненьне да афіцыйнага ўраду. Хучэй першае, бо старонка акрамя спасылак на дзяржаўныя рэсурсы мае спасылкі ня толькі на дэмакратычныя, але і на нацыянальна-радыкальныя рэсурсы.

Стан інтэрнэт-старонак дыяспары паказвае ейнае агульнае становішча. З адмоўнага можна назваць тое, што ўсё робіцца на ўласнай ініцыятыве, бясплатна, хто як умее. Мноства старонак знаходзяцца на бясплатных гостынгах, зробленыя непрафэсійна, даўно не аднаўляліся. Можна знайсьці старыя спасылкі, якія вядуць на ўжо выдаленыя рэсурсы. Так, напрыклад, зьнікла старонка Згуртаваньня Беларусаў Канады. Або, старонка беларусаў Эстоніі “Грунвальд” (www. ngonet.ee/eva) зыйшла на “рэканструкцыю”, хаця там і пададзены іхны адрас у Таліне. У цэлым-жа беларуская дыяспара прадстаўленая ў Інтэрнэце задавальняюча, многія рэсурсы маюць свае дамэны, інтэрактыўнасьць і рэгулярна падтрымліваюцца. Застаецца толькі пажадаць усім посьпехаў і спадзявацца, што сярод новай хвалі знойдуцца людзі прафэсійныя, сьвядомыя і ініцыятыўныя.


Далёка ня ўсе беларускія замежныя інтэрнэт-старонкі былі пералічаныя ў гэтым артыкуле. Каго абмінулі, просім прабачэньня, а чытачоў “Беларуса” просім дасылаць адрасы старонак, якія не былі ўзгаданыя.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы