Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
АБ СУТНАСЬЦІ ПАДЗЕЯЎ

Зянон ПАЗЬНЯК

Мы, беларусы, мусім усьведамляць, што нашае нацыянальнае становішча пагаршаецца. Але гэта ня робіцца само сабою. Гэта вынік таго, што нас нішчаць. Беларусь зьнішчаюць пасьлядоўна і мэтанакіравана, крок за крокам, год за годам, дзень за днём. У гэтым – галоўная тактыка расейскага гэбізму: разбурыць беларускае грамадзтва, сацыяльныя дачыненьні й культуру, каб завалодаць нашаю краінаю, яе тэрыторыяй і багацьцямі.

У апошнія два гады (пасьля адкрытага аб’яўленьня пуцінскай дактрыны інкарпарацыі Беларусі ў 2002 г.) галоўная задача і хаценьне Масквы ёсьць увядзеньне расейскіх грошай на нашай тэрыторыі. Палітычны (незаконны) механізм, які хоча выкарыстаць Масква для дасягненьня мэты, – прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту” незаконнай “саюзнай” дзяржавы шляхам правядзеньня рэфэрэндуму ў Беларусі. (“Канстытуцыйны акт” дазволіў-бы ўвесьці ў Беларусі расейскія грошы. Увядзеньне расейскіх грошай зьнішчыла-б беларускі суверэнітэт.)

Рэфэрэндум меркавалі правесьці ў мінулым годзе, але адклалі, бо недастаткова падрыхтаваліся. Цяпер такая падрыхтоўка зробленая. З мэтаю ўвядзеньня беларусаў у зман, разыграны шэраг паказных акцыяў (тыпу “газавай вайны”), узгодненых “канфліктаў”, фальшывых заяваў аб нібыта “пахаваньні” ідэі пераходу на расейскі рубель і г. д. Спэцыяльна да гэтай маніпуляцыі расейская дзяржаўная Дума і лукашэнкавыя “палаты” скарэктавалі законы пра рэфэрэндумы. Цяпер і Пуцін, і Лукашэнка могуць самастойна прызначыць рэфэрэндум, калі захочуць (хоць назаўтра пасьля сваёй пастановы).

Рашаючым момантам у крамлёўскай тактыцы павінны стаць сёлетнія выбары ў лукашэнкаўскія “палаты”, да прызнаньня якіх расейская дыпляматыя ўжо падрыхтавала адпаведным чынам заходніх палітыкаў. (Правядзеньне выбараў дае магчымасьць сумясьціць іх з рэфэрэндумам.)

У гэты-ж час пры дапамозе гэтых заходніх дэмакратаў-саюзьнікаў зноў інспіравана дзейнасьць “кіруемай апазыцыі” й агентуры ў агітацыі за “справядлівыя” выбары. (Для рэжыму важна, каб людзі прыйшлі галасаваць. Вынік галасаваньня – справа ўжо праверанай фальсыфікатарскай тэхнікі, якая знаходзіцца ў руках улады.)

Аднак моцным ударам па ўсёй гэтай ашуканцкай падрыхтоўцы да “выбараў” і “рэфэрэндуму” стала абгрунтаваная ў гэтай сітуацыі ідэя байкоту выбараў. Толькі байкот дае народу шанец на перамогу, магчымасьць адкінуць выбарчую камэдыю і авантуру з рэфэрэндумам. Усялякая-ж агітацыя, каб ісьці на заведама прайгранае галасаваньне (і тым самым спрыяць ворагам Беларусі) ёсьць у дадзеным выпадку дапамогаю Маскве і злачынствам супраць самых сябе. Тым больш, што “агітатары” ведаюць пра поўную бескантрольнасьць рэжыму і наканаваны вынік галасаваньня, самыя кажуць пра гэта, але – заклікаюць галасаваць (бо так хочуць іхныя ўсходнія і заходнія спонсары й часовыя прыяцелі).

Тым часам заява і аргумэнтацыя пра байкот моцна занепакоіла рэжым і функцыянэраў. Узьніклі контрамеры й шэраг імітацыяў у “вікаўскай апазыцыі”, раскручваецца чарговы “праект Марыніч” (грамадзкасьць памятае яшчэ аналягічны “праект Чыгір” па разбурэньні БНФ), заклікаюць змагацца то “за абарону канстытуцыі”, то за “лучшую жизнь”, “за дэмакратычную Беларусь”, “за новую Беларусь”, зьяўляюцца ўсё “новыя” групы, але там адны й тыя-ж асобы – былыя савецкія намэнклятурныя функцыянэры.

Уздымаецца штучны вэрхал і шум, мэта якога – зглуміць ідэю байкоту, заглушыць усё жывое беларускае слова, затаптаць вызвольную палітыку беларускага Адраджэньня, пасеяць тлум у галовах і без таго дэзарыентаванай і бездапаможнай інтэлігенцыі.

На працягу чэрвеня пэўныя сродкі масавай інфармацыі ўзбуджана прапагандавалі дзіўную галадоўку трох палатачных дэпутатаў (дзіўную, бо некаторыя галадоўнікі ў часе галадоўкі хадзілі начаваць дахаты ў сям’ю, хадзілі па вуліцах, езьдзілі на могілкі й г. д.). Галадоўка адбывалася пад лёзунгам: “Нет – третьему сроку!”, “За справедливые выборы!”, “Свободу Мариничу!”. Дзіўная галадоўка ня мела канкрэтнай пратэстнай арыентацыі на канкрэтныя структуры й рашэньні, а была (як выявілася) фактычна акцыяй супраць байкоту выбараў (хоць слова “байкот” не называлася). Яна сталася агітацыяй за восеньскія выбары ў лукашэнкавую “палату” (слоўца “за справядлівыя” ў дадзенай сытуацыі – пусты гук, камуфляж агітацыйнай ідэі).

Аб тым, што палатнікі сваёй акцыяй агітуюць ісьці на палатныя выбары, самы яны ўсе і неаднаразова засьведчылі ў сваіх інтэрв’ю журналістам. Можна паглядзець, напрыклад, “Інтэрнэт-канфэрэнцыю з галадоўнікамі” на старонцы радыё “Свабода” за 10 чэрвеня, дзе палатны дэпутат С. Скрабец кажа: “Мы хацелі-б прыцягнуць увагу людзей, якія пойдуць сёлета галасаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Мы хочам, каб яны прагаласавалі менавіта за тых кандыдатаў, якія не пабаяцца адстойваць іхныя інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў.” Тое-ж самае казалі ўсе астатнія.

Пасьля заканчэньня акцыі галодныя агітатары тут-жа паехалі ў Маскву адчытацца ў адпаведных расейскіх структурах. (Нагадаем, што ў расейскай Думе няма больш ніякіх “дэмакратаў“. Да каго-ж езьдзіць менская “дэмакратыя”?)

А вынікам усёй гэтай паказной акцыі стала абвяшчэньне палатнікамі-галадоўнікамі пра стварэньне чарговага “народнага руху” “За справядлівыя выбары”. Пры тым асноўны галадоўнік генэрал В. Фралоў заявіў, што ён гатовы ўзначаліць гэты рух.

Гэта не апошні выверт, разыграны генэраламі й прамаскоўскай “дэмакратыяй”. Такая іхняя роля ў крамлёўскай агрэсіі ў Беларусі.

Аднак, зь дзеячамі гэтага накірунку няма сэнсу пра нешта гаварыць. Найлепшым нашым адказам можа стаць наш чын па сутнасьці. Гэта значыць – ня йсьці на падманныя выбары, ня йсьці на рэфэрэндум (калі яго навяжуць), ня йсьці галасаваць. У цяперашняй сітуацыі байкот – гэта адзіная зброя беларускага электарату, якой можна перамагчы чужынскую палітыку пры ўмове, калі дзейнічаць салідарна і дружна, калі рабіць у адно, думаючы пра будучыню і памятаючы пра Беларусь.

Пасьля пасьпяховага байкоту перад беларускім грамадзтвам адчыніцца магчымасьць арганізаваць новыя сапраўдныя выбары Беларускага Прэзыдэнта без удзелу Лукашэнкі (які ўжо вычарпаў усе свае законныя і незаконныя магчымасьці). Гэтыя выбары павінны быць сапраўды свабоднымі й беларускімі, без умяшальніцтва расейскай і іншай чужынскай палітыкі.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы