Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
СЬВЯДОМЫХ БЕЛАРУСАЎ БОЛЬШАЕ

Валянціна ТРЫГУБОВІЧ

Доктарскую дысэртацыю (у Беларусі яе назвалі-б кандыдацкай) з назваю “Віды нацыянальнай самасьвядомасьці. Партрэт беларусаў канца ХХ стагодзьдзя на аснове дасьледаваньняў у Менску і ваколіцах” абараніла ў чэрвені выкладчыца Варшаўскага ўнівэрсытэту, этноляг Катажына Вашчыньска. Яе захопленасьць нашаю краінаю пачалася ў пачатку 1990-х, студэнткаю яна пісала пра народную культуру польска-літоўска-беларускага памежжа. Цяпер штогод прывозіць на практыку ў Беларусь сваіх студэнтаў. Вывучыла нашую мову, закаханая ў творчасьць Уладзімера Караткевіча і зьяўляецца шчырай прыхільніцай беларускай незалежнасьці.

Праца над дысэртацыяй заняла амаль сем гадоў. У 1997–2000 гадох дасьледчыца праводзіла ў Менску і ваколіцах апытаньні-гутаркі з рознымі людзьмі паводле сваіх навукова распрацаваных схемаў. Запісаныя кілямэтры магнітафонных стужак. Сярод суразмоўцаў былі людзі рознага ўзросту і прафэсій, рознай грамадзка-палітычнай арыентацыі, ураджэнцы ўсходніх і заходніх рэгіёнаў... Кожная асоба была лідэрам нейкай супольнасьці (працоўнага калектыву, партыі, грамадзкай арганізацыі й інш.), такім чынам выказваньне кожнага было як-бы шматкроць падтрыманае калегамі. (Апанэнты прызналі рэпрэзэнтатыўнасьць выбаркі, цалкам навуковы падыход да зьбіраньня зьвестак.) Натуральна, дасьледчыцай былі прачытаныя горы адпаведнай літаратуры на розных мовах. Бібліяграфія займае ў дысэртацыі 22 старонкі.

Катажына Вашчыньска мэтаю працы паставіла паказаць беларуса канца ХХ стагодзьдзя ў кантэксьце ягонай нацыянальнай самасьвядомасьці. Нават само азначэньне гэтага паняцьця зьяўляецца прадметам дыскусіі сярод вучоных, але таксама і сярод публіцыстаў (галоўным чынам – палітолягаў). Дамінуе ацэнка беларускай самасьвядомасьці як няяснай, няпэўнай. Тэза, якую адстойвае дасьледчыца, іншая: існуе нацыянальная беларуская самасьвядомасьць, яна знаходзіцца ў працэсе фармаваньня.

Прадбачу эмацыйную рэакцыю тых чытачоў, для каго нацыянальная самасьвядомасьць натуральная, як дыханьне. Але-ж гаворка ў дысэртацыі ідзе пра жыхароў Беларусі, якія дзесяцігодзьдзямі прапаганды й генацыду былі ператвораныя ў савецкіх людзей, якіх афіцыйныя ўлады й сёньня імкнуцца трымаць у такой якасьці, пазбаўляючы роднай мовы, школы, гісторыі й культуры. Працэс самаўсьведамленьня ідзе насуперак уладам, ідзе марудна і непасьлядоўна. Нажаль...

Дасьледчыца спыняецца на такіх паняцьцях-азначэньнях, што існуюць у нашым грамадзкім жыцьці, як “сьвядомы беларус”, “праўдзівы беларус”, “савецкі беларус”, “пашпартны беларус”. Разглядае ў якасьці асобных велічыняў “беларускую савецкую культуру” і “беларускую беларускую культуру”. Апошні тэрмін, дарэчы, зусім не таўталёгія.

Пераказаць у кароценькай нататцы дысэртацыю памерам амаль у 300 старонак немагчыма. Таму “выхаплю” з тэксту толькі пару прыкладаў.

У адказах на пытаньне, што пасадзейнічала ўсьведамленьню сябе беларусам, дамінуюць: літаратура (найперш творы Уладзімера Караткевіча, Янкі Купалы, Васіля Быкава), гісторыя, падарожжы й знаёмствы з памятнымі мясьцінамі Беларусі, удзел у культурных кантактах зь не-беларусамі (відаць, калі трэба было паказаць сваю адметнасьць – В. Т.), знаёмства з групамі людзей, якія ўжо ўсьвядомілі сваю ідэнтычнасьць і дапамагаюць зрабіць гэта іншым. Далей ідзе развал СССР, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, спроба рэбеларусізацыі – рэфэрэндум 1995 году. Мяркую, каб апытаньне вялося сёньня, у сьпісе фактараў уплыву былі-б і “газавая вайна” Расеі, і стойкасьць Беларускага ліцэю...

Важным чыньнікам выступае мова. Паводле апытаньня, масавая сьвядомасьць пад канец 1980-х гадоў беларускую мову трактавала выключна як мову вёскі і неадукаванай часткі грамадзтва. Расейскую лічыла моваю прэстыжу і посьпеху. Паступова гэтае стаўленьне мянялася. І ў канцы ХХ стагодзьдзя да тых двух пазыцыяў беларускай мовы масавая сьвядомасьць дадае палітычную апазыцыю, гуманітарную (пераважна) навуку і мастацтва. (Зьвярніце ўвагу, што гэта ўсё элітарныя пазыцыі. – В.Т.).

Абарона дысэртацыі прайшла бліскуча. І гэта радуе, бо падобную тэму дасьледаваньняў ня можа абраць у сучаснай Беларусі ніводзін навуковец. А так, дзякуючы абаяльнай варшавянцы, маем грунтоўнае і аб’ектыўнае навуковае сьведчаньне, выразны партрэт беларусаў канца ХХ стагодзьдзя. Высновы замежнай дасьледчыцы падмацоўваюць пазыцыі тых, хто змагаецца за паўнавартаснае жыцьцё беларускага грамадзтва, за ягонае натуральнае нацыянальнае аблічча.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы