| | | | БЕЛАРУСКАЯ ЗАМЕЖНАЯ ПРЭСА І РАДЫЁ Беларускаму Агляду спаўняецца 15 гадоўЯзэп АРЦЮХ
Ідэя англамоўнага часапісу паўстала ў 1989 годзе. А было гэта так. У канцы сакавіка тры інжынеры, што жылі ў Каліфорніі, Косьцік Вайцяхоўскі (мэханіка), Юзік Арцюх (электроніка, МВА) і Юрка Станкевіч (электроніка), сабраліся разам у Косьціка (Kon Worth). Подчас абеду зайшла гутарка пра падзеі ў Беларусі. Трэба нагадаць, што гэта быў час гарбачоўскай перабудовы. Беларусь была ведамая як БССР, адная з савецкіх рэспублік. Кіравала ёю камуністычная партыя паводле загадаў з Масквы. Беларусь перажывала трэці год жахаў чарнобыльскай катастрофы й гэта быў першы год пасьля адкрыцьця Курапатаў З. Пазьняком. Узрухі культуранага адраджэньня, што пачалося ў пачатку 1980-х гадоў, выліліся ў нацыянальна-палітычны рух, укаранаваны Зьездам Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” ў студзені 1989 году ў Вільні. Тады-ж Джордж Буш-старэйшы стаўся прэзыдэнтам ЗША.
Разважаньні пра гэтыя падзеі прывялі да думкі, што трэба дапамагчы нацыянальнаму руху ў Беларусі. Але як? Выснова была, што гэта ня так проста. Захад мог-бы дапамагчы, але, нажаль, Беларусь на Захадзе была амаль няведамая. Лягічна, дыяспара павінна была пашыраць веды пра Беларусь на Захадзе – найлепш у ангельскай мове, як гэта робяць іншыя этнічныя групы. Юзік запрапанаваў выдаваць часапіс квартальнік у ангельскай мове з назваю Byelorussian Review, пазьней Belarusian Review (“Беларускі Агляд”).
У далейшай дыскусіі тройка дамовілася, што Юзік будзе выконваць абавязкі рэдактара/выдаўца; Юрка будзе рабіць набор на кампутары, здаваць у друкарню і рассылаць часапіс; Косьцік згадзіўся дапамагаць фінансава. Усе трое ахвяравалі грошы на выпуск першага нумару. Пазьней дачка Юзіка Альжбэта (МВА з ўнівэрсытэту ў Стэнфорд, Каліфорнія) згадзілася рабіць карэкту, а Аляксандар Міцкевіч дапамагаць з рассылкаю ў Нью Ёрку.
Гэта быў час, калі была небясьпека, што крэўныя ў Беларусі могуць быць перасьледаваныя за палітычную працу сваіх сваякоў на Захадзе. Таму Юзік падпісваў свае перадавіцы й некаторыя артыкулы імём Joe Price, аналітычныя артыкулы Art Turevich, а непалітычныя, інфарматыўнага характару артыкулы й карэспандэнцыю імём Joe Arciuch. Друкаваны матар’ял без аўтарскага подпісу (артыкулы, весткі, агляд заходняй прэсы, пераклады зь беларускай прэсы й г. д.) быў рыхтаваны Арцюхом. Юрка Станкевіч у сваіх артыкулах ужываў імёны J. Kreuski, P. Rahach і G. Stankievich.
Першы нумар меў 6 рубрыкаў: Editor’s Desk (старонка рэдактар/выдаўца), Features (важнейшыя тэмы), Thoughts and Observations (думкі й заўвагі), Byelorussians Abroad (беларусы замежжа), Current Events (бягучыя весткі) і Letters (лісты). У Editor’s Desk была зьмешчаная першая перадавіца, дзе паясьнялася мэта часапісу і спосабы яе асягненьня. У мэце было сказана, што часапіс мае служыць англамоўным сродкам інфармацыі пра Беларусь. А каб асягнуць гэтую мэту, часапіс будзе старацца: (1) наладзіць кантакт зь беларускай англамоўнай дыяспарай, каб пазнаёміць зь гісторыяй, культурай і летуценьнямі беларускага народу аднавіць незалежнасьць свае краіны; (2) наладзіць кантакты з дасьледчыкамі, грамадзкімі інстытутамі й арганізацыямі на Захадзе, каб зацікавіць іх вывучаць Беларусь і патрэбы беларускага народу.
Першы нумар памерам 8 старонак накладам 500 асобнікаў выйшаў друкам у канцы чэрвеня 1989 году. Юрка бальшыню асобнікаў узяў з сабою ў Нью Ёрк, дзе частку прадаў, а бальшыню раздаў. Падпіска на год была $15.
Выглядала, што часапіс быў на добрай дарозе. Нажаль, пасьля двух гадоў працы Юрка заявіў, што ня зможа выконваць сваю частку працы, але будзе час ад часу дасылаць свае артыкулы. Такім чынам весь цяжар зваліўся на плечы аднае асобы – Арцюха. На працягу наступных 8 гадоў ён нёс гэты цяжар, бо ахвотнікаў замяніць Юрку не знаходзілася.
Паступова часапіс рос, з 8 старонак у 1989 годзе да 32 старонак у 1996 і з 6 рубрыкаў да 12. Новыя рубрыкі: Belarus’ Forum, Fragments from Belarusian History? The Chernobyl Legacy? Belarus’ Economy, Media Watch і Guest Corner. Першую старонку ўпрыгожвалі гэрб Пагоня і рэдактарам падрыхтаваная мапа Беларусі з важнейшымі гарадамі, зь беларускімі, замест расейскіх назвамі. У 2001 годзе з дапамогаю А. Рамашэўскага была створаная інтэрнэт-старонка часапісу www.belarusianreview.оrg. Выгляд першай старонкі моцна зьмяніўся з выхадам вясновага нумару 2002 году, зь пераходам кіраўніцтва да новай рэдкалегіі.
Фінансавыя справы паляпшаліся з кожным годам. Колькасьць падпісчыкаў у дыяспары і па-за ёю расла. Гадавая цана за нумар для паасобных падпісчыкаў была падвышаная да $45 у 2000 годзе, а для інстытутаў была ўведзеная цана $65 на год. Рэдактар/выдавец і ягоныя памочнікі працавалі бясплатна, а таксама і аўтары, што дасылалі свае артыкулы да друку.
Часапіс утрымоўваўся выключна за сродкі з падпіскі й ахвяраваньняў самых падпісчыкаў і арганізацыяў. Фінансавай падтрымкі па-за дыяспарай ня было. Інфармацыя, што тут падаецца ахапляе пэрыяд з 1989 да 2001 году. Асобныя ахвяраваньні былі ў памеры ад $5 да больш за $100. Вось асобы, што ахвяравалі больш за $500 на працягу гэтага пэрыяду: Я. Арцюх, М. Смаршчок, Н. Лук’янчык, У. Набагез, Б. Рагуля, П. Пагоўскі, Мітрапаліт Мікалай, К. Калоша, О. Яскевіч, Л. Трусэвіч. Іншыя ўключалі ахвяры й падпіску сваім сэнатарам, кангрэсмэнам ці дзяржаўным установам: А. Орса-Романо, Ю. Кіпель, А. Кажан, Я. Запруднік, В. Каракулька, І. і Я. Сурвіллы, М. Сьнежка, К. Акула, К. Вайцяхоўскі, А. Сільвановіч. А некаторыя рабілі ахвяраваньне на часапіс і падпісвалі сваім alma mater: А. Кіпель, К. Найдзюк, Т. Стагановіч.
Сярод арганізацыяў, што фінансава падтрымалі часапіс былі наступныя: Рада БНР, Фундацыя імя Крэчэўскага, Беларуская моладзь штату Ілліной, Беларуска-Амэрыканскае Жаночае Аб’еднаньне ў Кліўлендзе, царква Божай Маці Жыровіцкай у Гайленд Парку, аддзелы БАЗА ў Нью Ёрку, Нью Джэрзі й Кліўлендзе, Беларуска-Аўстралійскае Задзіночаньне, Згуртаваньне Беларусаў Канады. Такім чынам прыход дайшоў да ўзроўню, што мог аплочваць друк, паштовыя выдаткі, кампутарныя патрэбы, інтэрнэт, паперу.
Шмат энэргіі й часу забірала ладжаньне кантактаў з дыяспарай. Друкаванага матр’ялу пра Беларусь у заходнім сьвеце не існавала. З пачатку трэба было выкарыстоўваць прэсу, што выходзіла ў Беларусі. Першыя кантакты былі наладжаныя з студэнтамі Беларусі, якія стараліся дасылаць беларускую прэсу і іншыя публікаваныя матар’ялы. Ім высылалася каля 80 асобнікаў часапісу бясплатна.
Агляд меў вельмі прыхільныя водгукі, выказваныя ў лістах, дасланых рэдактару, асабліва ад студэнтаў, што вывучалі ангельскую мову і выкарыстовалі часапіс ў сваіх школах і інстытутах. Беларуская прэса ацэньвала часапіс пазытыўна.
Макеты кожнага выданьня пасылаліся В. Багдановічу ў Менск для перадруку. Звычайна ён друкаваў каля 200-300 асобнікаў, якія распаўсюджваў у Беларусі, пераважна сярод дыпляматычнага корпусу ў Менску.
Іншы прыклад. Калі ў ліпені 1993 году ў Менск прыехала каля 900 дэлегатаў з цэлага сьвету з нагоды 3-й Ўсябеларускай Палітычнай Канфэрэнцыі й 1-га Кангрэсу Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”, Багдановіч надрукаваў 800 асобнікаў “Агляду”. 700 ён прадаў, а 100 раздаў. На круглым стале пра дзяржаўнасьць Беларусі ён выступіў з прамоваю, дзе падкрэсьліў вартасьць і патрэбу “Агляду” ў пашырэньні беларускай справы. Спікер парляманту С. Шушкевіч, міністар замежных справаў П. Краўчанка і лідэр апазыцыі З. Пазьняк сталіся тады падпісчыкамі.
На заходнім палітычным фроньце часапіс стаўся візытнаю карткаю. Карыстаючыся ім, рэдактар здолеў навязаць кантакты зь вялікім колам дзяржаўных дзеячоў ад Белага Дому і Дзярдэпартамэнту да Кангрэсу ЗША. З дапамогаю былога амбасадара ЗША ў Беларусі Давіда Сўорца (David Swartz), яму ўдалося дамовіцца зь Дзярждэпартамантам ЗША стварыць кантактную групу. У кастрычніку 1994 году група пяці прадстаўнікоў (Я. Арцюх, А. Кіпель, А. Сільвановіч, Я. Запруднік, Р. Завістовіч) мела першае спатканьне з амбасадарам Дж. Коллінсам, які быў адказны за дыпляматычныя дачыненьні з Расеяй і ранейшымі постсавецкімі рэспублікамі за выняткам балтаў. Дж. Коллінсу быў уручаны мэмарандум з 10 пунктаў для дыскусіі. Прысутнымі былі новы амэрыканскі амбасадар у Беларусі К. Яловіц і некалькі прадстаўнікоў Дзярдэпартамэнту і іншых дзяржаўных установаў. Усе пункты былі прадыскутаваныя. Было дамоўлена, што такія спатканьні будуць адбывацца 3-4 разы на год. У выніку спатканьні з Коллінсам і ягонымі супрацоўнікамі прадаўжаліся да часу, калі ён быў прызначаны амбасадарам у Маскву ў 1997 годзе.
Разам з часапісам былі высланыя тысячы лістоў у розныя дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы, арганізацыі й прэсу. Атрымана шмат лістоў у адказ, уключна з прывітаньнямі ад прэзыдэнтаў ЗША у сувязі з угодкамі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе.
Падчас пошукаў азылю ў ЗША Зянонам Пазьняком і Сяргеем Навумчыкам рэдактар выслаў 28 лістоў адпаведным установам. Атрыманыя пазытыўныя адказы ад віцэ-прэзыдэнта Гора і чыноўнікаў Рады Бясьпекі й Дзярждэпартаманту. Нумары часапісу былі высланыя асобам, якія шукалі азылю ў ЗША і Канадзе, як дапаможны матар’ял пры разглядзе іх справаў у судох. Студэнты, што рыхтавалі магістэрскія і доктарскія тэзы, карысталіся “Аглядам” у сваіх досьледах пра Беларусь.
Др. Давід Марплз (David Marples), прафэсар гісторыі альбэрцкага ўнівэрсыту ў Канадзе, навязаў кантакт з рэдактарам і стаўся сталым аўтарам артыкулаў пра Беларусь, якія ён зьмяшчаў у часапісе. Да яго далучыліся Янка Запруднік, Пол Гобэл (Paul Goble), былы амбасадар ЗША у Беларусі Сўорц. Д. Марплз напісаў колькі кніжак пра Беларусь, у адной зь іх, “Belarus: From Soviet Rule to Nuclear Catastrophe”, зьмясьціў мапу Беларусі з “Агляду”. Іншыя аўтары таксама карысталіся гэтаю мапаю.
Стэні Гойер (Steny Hoyer), старшыня Гэльсінскай камісіі Кангрэсу ЗША, у лісьце рэдактару за ліпень 1991 году дзякаваў за прысланыя нумары часапісу і зазначыў, што матар’ял ў іх цікавы, што ягоная арганізацыя зацікаўленая дзейнасьцю беларускай дыяспары, і што ён загадаў зрабіць падпіску на часапіс. Другі прыклад. Рычард Армітаж (Richard Armitage), заступнік сакратара Дзярждэпартаманту ЗША, у сваім лісьце дзякаваў за прысланы летні нумар “Агляду” за 2001 год і зазначыў, што Дзярждэпартамант уважае “Агляд”, як карысны сродак інфармацыі. Далей ён паясьніў палітыку новай адміністрацыі ў дачыненьні да Беларусі. Падобныя лісты прыходзілі на працягу апошніх дзесяці гадоў ад чыноўнікаў высокага рангу з ЗША, Канады й Эўрапейскага Зьвязу.
З часам амэрыканскія дзяржаўныя арганізацыі, дасьледчыя і навуковыя інстытуты, унівэрсытэты й бібліятэкі пачалі рабіць падпіскі. Да іх далучыліся некаторыя ўстановы ў Канадзе, Англіі, Францыі, Нямеччыне, Галяндыі, Швайцарыі й Японіі. А больш за 200 асобнікаў высылаюцца бясплатна місіям ААН і замежным амбасадарам у ЗША, дзяржаўным установам, палітычным дзеячам і прэсе пераважна ў ЗША.
Сярод важнейшых падпісчыкаў Гэльсінская камісія Кангрэсу ЗША, Радыё Свабода, Амэрыканская інфармацыйная агенцыя, унівэрсытэты ў Стэнфордзе, Гарвардзе, Індыяне, Вісконсіне, Таронта, Парыжы, Лёндане, Інстытут Гувэра, Стэнфардзкі й Мантэрэйскі інстытуты міжнародных дасьледаваньняў, Каралеўская вайсковая акадэмія Сандгурст у Англіі ды іншыя.
У 1998 годзе Арцюх цяжка захварэў, але прадаўжаў выдаваць часапіс без затрымкі. Пачынаючы зь летняга нумару 1999 году Юрка Станкевіч ізноў згадзіўся рабіць набор, друкаваць і рассылаць часапіс, але ўжо ў Празе, дзе ён цяпер жыве.
Вясною 2002 году Вячка Станкевіч пераняў функцыю выдаўца, а Юрка Станкевіч абавязкі рэдактара. У новай рэдакцыі Арцюх прыняў функцыю рэдактара без назначэньня (editor-in-large) – удзельнічаць у рыхтаваньні перадавіц і служыць дарадчыкам. Аўтарамі згадзіліся быць Ян Максімюк, Давід Марплз, Мікалай Пачкаеў, Джо Прайс, Ян Запруднік. Новая калегія была пашыраная, у яе ўвайшлі: Алекс Сільвановіч, адміністратар; Язэп Пяцэвіч, карэктар; Сяргей Трыгубовіч, адказны за распаўсюд часапісу ў Паўночнай Амэрыцы; Юрка Станкевіч, распаўсюд у Эўропе; Каця Рэзьнікава, скарбнік.
Юрка Станкевіч таксама прыняў адказнасьць за прадукцыю, а Сьцяпан Вінакураў стаў ягоным памочнікам. Андрэй Рамашэўскі ёсьць адміністратарам інтэрнэт старонкі “Агляду”. Апошнім часам да рэдакцыі далучыўся Ўладзімер Каткоўскі. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |