Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
60 ГАДОЎ ДРУГОМУ ЎСЕБЕЛАРУСКАМУ КАНГРЭСУ: 1944 - 2004

Алег ГАРДЗІЕНКА, сябра рэдакцыі “Запісаў БІНІМ

60 гадоў таму, 27 чэрвеня 1944 году, адбылася адна з найважнейшых падзеяў гісторыі Беларусі — Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Сход, які яшчэ раз пацьвердзіў імкненьне беларусаў да незалежнасьці.

Дзеячоў, што згуртаваліся вакол Беларускае Цэнтральнае Рады, створанай у сьнежні 1943 году, не задавальняла тое, што ўладу БЦР атрымала зь нямецкіх рук і падпарадкоўвалася яна паводле статуту нямецкаму цывільнаму кіраўніцтву.

Вось што пісаў Іван Касяк, у 1944 годзе намесьнік прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага на Глыбоцкую акругу: “БЦР хацела стварыць аўтарытэтнае прадстаўніцтва, што паходзіла-б з волі беларускага народу. Такая рэпрэзэнтацыя пры наяўнасьці собскае збройнае сілы магла-б быць дзейнікам, зь якім-бы лічыліся нямецкія акупацыйныя ўлады, а заходні сьвет — як з самастойным беларускім дзяржаўным фактарам”.

Ідэя правядзеньня Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, які-б заканадаўча аформіў стварэньне БЦР, высьпела ў студзені 1944 году, літаральна празь некалькі тыдняў пасьля стварэньня беларускага ўраду. Дзеля ягонага правядзеньня неабходная была грунтоўная падрыхтоўка. У красавіку быў створаны арганізацыйны камітэт, выпрацаваныя падставовыя дакумэнты, у акругі даслалі дырэктывы, што тычыліся мэтодыкі абраньня дэлегатаў на форум.

Кангрэс быў прызначаны на 27 чэрвеня. Вось уражаньні ад гэтага дня ведамага грамадзка-культурнага дзеяча Яўхіма Кіпеля, надрукаваныя ў кнізе “Эпізоды”: “Дзень 27 чэрвеня 1944 году ўспамінаецца мне ўрачыстым, па-сапраўднаму сьвяточным: у Менску пачалі хадзіць трамваі, упрыгожаныя нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, на вуліцах шмат руху, усюды ва ўстановах людзі з правінцыі, багата моладзі — бальшыня ва ўніформах СБМ”.

Другі Ўсебеларускі Кангрэс праходзіў у Менскім гарадзкім тэатры. Уваход быў упрыгожаны “Пагоняй” і бел-чырвона-белымі сьцягамі, а будынак ахоўвалі дзеля ўнікненьня правакацыяў — як з боку немцаў, так і з боку савецкіх падпольшчыкаў-тэрарыстаў — жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны.

На Кангрэс зьехаліся 1039 дэлегатаў з усіх куткоў Беларусі. Найбольшае прадстаўніцтва было ад Менску і Меншчыны (201 і 115 адпаведна), Баранавіцкай (155), Глыбоцкай (105), Вялейскай (65) акругаў. Былі таксама прадстаўнікі з Магілёўшчыны, Смаленшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Браншчыны, якую пачалі займаць ці ўжо занялі савецкія войскі, — усяго 40 чалавек. Прыехалі дэлегаты зь Вільні, Варшавы, Бэрліну, Рыгі, Кёнігсбэргу. Бралі ўдзел у працы Кангрэсу такія ведамыя грамадзка-культурныя дзеячы, як паэткі Натальля Арсеньнева і Ларыса Геніюш, пісьменьнікі Хведар Ільляшэвіч, Юрка Віцьбіч, дырэктар Віленскай Беларускай гімназіі Францішак Грышкевіч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага Збройнага Чыну Антон Сокал-Кутылоўскі, беларускі вайсковы дзеяч Кастусь Езавітаў ды інш.

Паводле прафэсыйнага складу настаўнікаў было 276 чалавек, сялянаў — 245, службоўцаў — 234, рабочых — 142; вышэйшую адукацыю мелі 217 дэлегатаў, сярэднюю — 496.

Як бачым, рэпрэзэнтацыя — як з сацыяльнага, так і тэрытарыяльнага гледзішча — была даволі ўражлівая: у прыватнасьці, прысутнічалі дэлегаты з усёй Беларусі, што рабіла Кангрэс правамоцным. Чаго, дарэчы, не адбылося падчас Усебеларускага Праваслаўнага Царкоўнага Сабору ў жніўні — верасьні 1942 году, на якім не было дэлегатаў з Усходняй Беларусі, а прысутнічалі толькі прадстаўнікі ад Менскай і Баранавіцка-Наваградзкай япархіяў.

Старшынём Кангрэсу быў абраны Яўхім Кіпель, віцэ-старшынямі — Іван Касяк і былы пасол Польскага сэйму Васіль Рагуля.

Дэлегаты разглядалі Сход у якасьці пераемніка Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, які прайшоў у сьнежні 1917 году ў гэтым-жа тэатры, толькі ва ўмовах бальшавіцкае акупацыі. Невыпадкова ў прэзыдыюм былі запрошаныя ягоныя ўдзельнікі — Фабіян Ярэміч, палкоўнік Кастусь Езавітаў, настаўніца Алена Паваротная, доктар Янка Станкевіч. Зазначым, што дэлегатам Першага Ўсебеларускага Кангрэсу быў і прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады Радаслаў Астроўскі.

Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі. Здымак першай паловы 1940-х гг.У сваіх прамовах зьезд віталі генэральны камісар Беларусі фон Готбэрг, жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны, Службы парадку Ўсходняга фронту, Саюз Беларускае моладзі, выступоўцы ад імя праваслаўнага, каталіцкага сьвятарства, беларускіх баптыстаў і г. д.

Перад дэлегатамі выступіў Радаслаў Астроўскі, які злажыў справаздачу аб працы праведзенай БЦР, перадусім, у галіне школьніцтва, культуры, навукі. Пры канцы выступленьня ён склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта. Аднак дэлегаты Кангрэсу запярэчылі такой адстаўцы, пастанавіўшы, што ад 27 чэрвеня 1944 году Беларуская Цэнтральная Рада на чале зь ейным прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім абвяшчаецца адзіным правамоцным прадстаўніцтвам беларускага народу.

У дакладзе віцэ-прэзыдэнта БЦР Міколы Шкялёнка “Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу” падкрэсьлівалася, што пастановы й трактаты ўрадаў СССР і Польшчы, напрыклад, Рыская дамова 1921 году і пастановы Народнага сходу ў Беластоку ў 1939 годзе, прызнаюцца несапраўднымі.

Аўген Калубовіч у сваім дакладзе прапанаваў “заявіць урадам і народам усіх краінаў, што мы — беларусы — канчальна парываем ўсялякія сувязі з Масквою. Адначасна мы сьцявярджаем, што ўсякі голас Масквы ў беларускіх справах павінен уважацца імі за нямаючы ніякай праўнай сілы, а твораныя Масквою нібы беларускія ўрады — ніякіх праўных кампэтэнцыяў”.

Рэзалюцыя ІІ Усебеларускага Кангрэсу, прынятая аднагалосна дэлегатамі сходу, пацьвярджала гістарычную пастанову Трэцяй Устаўнай Граматы Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 году, што абвясьціла незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі. Тым самым БЦР абвяшчала сябе пераемніцай Рады БНР, якая ў той час афіцыйна ня дзейнічала і была адноўленая толькі пры канцы 1947 году.

Наступныя пункты рэзалюцыі Другога Ўсебеларускага Кангрэсу сьведчылі:

“— Пацьвердзіць, што Беларускі Народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці, накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

— Паведаміць усе ўрады й народы сьвету, што голас Масквы й СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе, твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады, ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца Беларускім Народам. Таму ўсе ўмовы ці аднабаковыя пастановы ўрадаў СССР, былой Польшчы і сучаснага гэтак званага эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі й Беларускага Народу і якія былі зробленыя раней, або будуць зроблены ў будучыні, — Другі Ўсебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы; як ня будуць мець сілы й усялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаваў і народаў.

4. Адзіным прадстаўніком Беларускага Народу і ягонага краю зьяўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з Прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале”.

На гэтым Кангрэс і скончыў работу. Зьдзейсьніць задуманае не ўдалося. Празь некалькі дзён пачалася эвакуацыя зь Менску — і Беларуская Цэнтральная Рада вымушаная была выехаць, разам зь іншымі грамадзкімі ўстановамі, на эміграцыю.

Праціўнікі Астроўскага закідалі яму і БЦР тое, што Кангрэс праходзіў пад поўным нямецкім кантролем. Аднак ня трэба забывацца, што і Першы Ўсебеларускі Кангрэс адбываўся ў акупацыйных, толькі бальшавіцкіх, умовах. Урэшце, камуністы яго і разагналі. А абвешчаньне незалежнасьці БНР у сакавіку 1918 году адбывалася ўжо пры кайзераўскіх войсках, якія БНР так і не прызналі. Аднак гэтыя абставіны ніколькі не прыніжаюць важнасьці дзьвюх падзеяў. Тое-ж і Другі Ўсебеларускі Кангрэс. На ім беларусы, хоць і ва ўмовах нямецкае акупацыі, але заявілі пра існаваньне Беларусі.

Канечне, пастановы Другога Ўсебеларускага Кангрэсу былі ў большасьці дэклярацыйнымі й не маглі быць зрэалізаванымі — фронт ужо грымеў пад Менскам. Але яны лішні раз нагадалі, што беларускі народ, ці ягоныя найлепшыя прадстаўнікі, не ўспрымаюць спакойна чарговую акупацыю Беларусі — на гэты раз савецкую, — а заяўляюць пра сваё імкненьне да незалежнасьці Беларусі.



Радаслаў Астроўскі на трыбуне Кангрэсу падчас справаздачы.

На пярэднім пляне — Фабіян Ярэміч, за ім — Васіль Рагуля.




Менскі гарадзкі тэатар падчас правядзеньня Другога Ўсебеларускага Кангрэсу.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы