Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
СПЭЛЧЭКЕР БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ДЛЯ MICROSOFT WORD

Валянціна ТРЫГУБОВІЧ

Літара 1.0Завяршылася праца па стварэньні кампутарнай праграмы праверкі артаграфіі беларускай мовы, якую вяла група менскіх рупліўцаў пры падтрымцы спн. Алы Орса-Романо і Фундацыі (O.R. Cultural & Educational Foundation), якую яна ўзначальвае. Кампакт-дыск “Літара 1.0” можна практычна бясплатна атрымаць у сядзібе Таварыства беларускай мовы. Праграма ёсьць і ў Інтэрнэце (www. pravapis.tut.by).

Спробы беларусізацыі кампутара рабіліся рознымі групамі й асобамі з большым ці меншым вынікам і раней. У пачатку 1990-х, напрыклад, быў адмыслова створаны калектыў, які працаваў пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году ягоны “энтузыязм” аціх.

Сябры грамадзкай ініцыятывы, якія гуртаваліся вакол намесьніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова і ажыцьцявілі задуманае, уключылі ў праграму праверкі артаграфіі амаль 200 тысячаў слоў (каля пяці мільёнаў формаўтварэньняў). Выкарыстаны асноўны слоўнікавы масіў, у тым ліку лексыка 20-х – 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, нэалягізмы апошняга часу. Праграма праверкі артаграфіі існуе ў двух варыянтах: “наркамаўкі” (савецкі зрэфармаваны правапіс) і “тарашкевіцы” (клясычны). Паміж імі магчыма канвэртацыя, гэта значыць – напісанае тым правапісам, якім вы лепш валодаеце, лёгка перакладзеце на другі...

На прэзэнтацыі, якая адбылася 14 траўня ў Цэнтры беларускае мовы й культуры Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, прамаўлялі ня толькі лінгвісты. Адная з цэнтральных постацяў у камандзе распрацоўшчыкаў spell-checker/а – Хведар Піскуноў, навуковы супрацоўнік Інстытута электронікі Нацыянальнай акадэміі навук. “Папулярызацыя роднай мовы – наш агульны клопат” – такім лёзунгам падштурхваў ён да працы калегаў-кампутаршчыкаў. Праграма праверкі артаграфіі беларускай мовы распрацаваная для выкарыстаньня ў тэкставым рэдактары MS Word стандартнага пакету Microsoft Office 2000 у апэрацыйных сыстэмах Windows 9X, NT, ME, 2000, XP.

Адною зь першых (права гаспадыні!) выступала рэктарка Лінгвістычнага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Натальля Баранава. Яна сумленна прызналася, што дзесяць гадоў назад, калі прыйшла на гэтую пасаду, двух словаў па-беларуску сказаць ня ўмела. Але кантакты з выкладчыкамі й студэнтамі змусілі вучыцца. І яна вітае стварэньне кампутарнай праграмы, бо гэта дасьць якасны штуршок навучаньню, якое цяпер усё больш тэхнічна аснашчанае. (Ад сябе дадам, што прамаўляла спадарыня Баранава без паперкі й моўных памылак не рабіла.)

Доктар філялёгіі, прафэсар Генадзь Цыхун быў навуковым кансультантам завершанага праекту. Ён адзначыў, што менавіта апантанасьць і высокі прафэсыяналізм удзельнікаў гэтай грамадзкай ініцыятывы дазволілі якасна і хутка выканаць такую вялікую і складаную працу. Асобна спыніўся на існаваньні двух варыянтаў правапісу. У іншых эўрапейскіх краінах надараліся падобныя сытуацыі. Спробы сілаю ўніфікаваць правапіс станоўчых вынікаў не далі, ледзь мянялася грамадзка-палітычная сытуацыя, як праблема паўставала зноў. Выйсьце прафэсар бачыць у паступовай канвэргенцыі. Для гэтага найперш трэба даць магчымасьць мове вольна разьвівацца.

У spell-сhecker/ы ўвасобіліся вынікі працы групы ўпараднікаў клясычнага правапісу (Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько, Зьміцер Саўка), працы, якая доўжылася некалькі гадоў. Вітаючы кампутарную праграму праверкі беларускага правапісу, мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка сказаў: “У чалавечай гісторыі новае стагодзьдзе неабавязкова пачынаецца з нулявога году. Вось-жа ХХІ стагодзьдзе для беларускае мовы пачалося сёньня. Са зьяўленьнем артаграфічнае праграмы нашая мова стаецца адэкватнаю інфармацыйным выклікам сучаснасьці. Нажаль, дзяржава ня брала ніякага ўдзелу ў стварэньні беларускага электроннага карэктару, хаця ўсе суседнія дзяржавы цалкам узялі на сябе цяжар распрацоўкі падобных праграмаў для сваіх моваў. Што-ж, тым больш вартая праца, якую зрабілі людзі на грамадзкіх асновах, і тым больш відавочна, што беларуская мова жыве паўнавартасным жыцьцём, нягледзячы на дзяржаўную палітыку”.

Клопат аб роднай мове павінен быць агульным. Таму стваральнікі кампутарнай праграмы зьвярнуліся з просьбаю да ўсіх будучых спажыўцоў іх прадукту: дасылайце заўвагі й прапановы, каб удасканаліць гэтую праграму і спрыяць узрастаньню культуры мовы сярод яе карыстальнікаў.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Ваш камэнтар
Імя 
Места 
Пошта 
Камэнтар 
Антыспам *  
* Увядзіце тэкст, які бачыце на малюнку справа. Гэта патрэбна нам для абароны ад аўтаматычных рэклямных паведамленьняў.

Старонкі: 1  

Алесь
Аўтары хоць і прапануюць дасылаць ім каментары, але звязацца з імі нажаль не атрымліваецца. Ніхто не аказвае на мае лісты. Хто ведае як мець сувязь са стваральнікамі праграм Парадыгма і Правапіс?
Мае кантакты:
ales.koshal[a.t]gmail.com
icq#:7[null]61[null]1
Мінск, 2010-03-01 03:35:06
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2009. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1, падтрымка сайта — Iрына Дзесюкевiч luna-roja.com
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы