Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
У ААН ПАКАЗАЛІ ФІЛЬМ “ЧАРНОБЫЛЬСКАЕ СЭРЦА”

Янка ЗАПРУДНІК

Сёлетнія васемнаццатыя ўгодкі чарнобыльскай катастрофы былі адзначаныя ў ААН незвычайнай падзеяй - паказам 27 красавіка новага дакумэнтальнага фільму "Чарнобыльскае сэрца". (Выразам "чарнобыльскае сэрца" характарызуецца прадзіраўленае радыяцыяй дзіцячае сэрца ахвяры Чарнобыля.) Фільм адзначаны сёлета прэстыжнай прэміяй Оскара ў катэгорыі кароткамэтражных дакумэнтальных кінастужак. Зь фільмам гэтым, зробленым коштам амэрыканскай кампаніі НВО (эйч-бі-оў), шырокая публіка яшчэ не знаёмая. Паказ яго на тэлебачаньні адбудзецца толькі ўлетку сёлета. Але НВО, пасьля вялікіх намаганьняў беларускай місіі ў ААН у супрацоўніцтве зь місіямі Расейскай Фэдэрацыі й Украіны, згадзілася даць дазвол на прагляд фільму ў ААН абмежанай колькасьці гледачоў у сувязі з угодкамі ядзернага выбуху ў Чарнобылі. Вялікая заля Генэральнай Асамблеі ААН была амаль запоўненая гледачамі, сярод якіх знаходзілася шмат запрошаных прадстаўнікоў беларускай дыяспары Нью-Ёрку й ваколіцаў.

Перад паказам фільму коратка прамаўлялі прадстаўнікі місіяў у ААН: беларускі (др. Алег Іваноў), расейскі й украінскі. Яны адзначылі маштабнасьць шкоды, нанесенай чарнобыльскаю катастрофаю, ды паслабленьне міжнароднай увагі да ейных зьнішчальных вынікаў. Коратка прамовіла таксама кінарэжысэрка "Чарнобыльскага сэрца" амэрыканка Марыяна Дэліо.

Фільм востра перадае неймаверную жудасьць катастрофы, якая ў Беларусі асабліва адбілася на дзецях - будучых пакаленьнях нацыі. Апавядальніцай праз увесь фільм выступае спагадлівая і самаахвярная сп-ня Ады Роўч, ірляндзкая заснавальніца й выканаўчы дырэктар Чарнобыльскай праграмы дапамогі дзецям. Яна гадамі ўжо займаецца справаю гуманітарнай дапамогі беларускім чарнобыльцам, асабліва дзецям. Аповед Ады Роўч фактуальны, сьціслы. Пытаньні да лекароў і бацькоў хворых дзяцей паказваюць асобу, якая глыбака спачувае бядзе і добра ведае сытуацыю.

Дзея пачынаецца ад наведаньня самога чарнобыльскага саркафагу, былой атамнай электроўні, дзейнасьць якой спыненая, але радыяцыйная пагроза ад якой усё яшчэ застаецца рэальнаю. Пасьля жахлівых кадраў зь ядзернай зоны, галоўна на поўнач ад Чарнобыля, г. зн. у паўдзённых раёнах Гомельшчыны, увага засяроджаецца на беларускіх дзецях у шпіталёх і сірочых прытулках. Сцэны занядбаных вёсак, бядотных сірочых прытулкаў і прымітыўных шпіталёў суправаджаюцца на цітрах панурай статыстыкай, якая паказвае на маштабнасьць эканамічнай і людзкой катастрофы. Перад вачыма разгортаецца бядотны стан беларускай мэдыцыны, роспач бацькоў хворых дзяцей, бездапаможнасьць лекароў, кашмарныя сцэны з малымі пацыентамі ў перапоўненых псыхіятрычных і шпітальных палатах ды сірочых прытулках. У шмат каго з гледчоў гэтых жудасных малюнкаў сьціскалася ад спачуваньня горла й выступалі сьлёзы.

Пасьля прагляду фільму прамаўляў адзін зь ягоных пэрсанажаў, амэрыканскі доктар-кардыёляг Ўільям М. Новік. Прафэсар унівэрсытэту ў Мэмфісе (штат Тэнэсі), заснавальнік і мэдычны дырэктар Міжнароднай фундацыі лячэньня хворых на сэрца дзяцей др. Новік паказаны ў фільме ў часе апэрацыі дзіцячага дзіравага ("чарнобыльскага") сэрца. Сцэна вельмі кранальная, калі расчуленая маці дзяўчынкі, якой ён выратаваў жыцьцё, цалуе хірургу рукі й не знаходзіць слоў удзячнасьці. Выступленьне др. Новіка, ягонае спачувальнае разуменьне чарнобыльскай трагедыі слухачы ўзнагародзілі гарачымі авацыямі.

Два прадстаўнікі сакратарыяту ААН, якія таксама прамаўлялі на вечары, запэўнілі аўдыторыю, што справа дапамогі Беларусі, Украіне й Расеі ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыля застаецца на парадку дня ААН. Пытаньне Чарнобыля пераведзенае цяпер з гуманітарнага камітэту ААН у камітэт па адбудове, які, дарэчы, мае ў Менску сваё прадстаўніцтва.

Заключнае слова на вечары сказала сп-ня Ады Роўч. Гэта быў гарачы заклік падтрымваць надзею на дапамогу чарнобыльцам - надзею на зьмяншэньне радыяцыі, на здаровых дзяцей, на нармальнае жыцьцё. Сп-ня Роўч атрымала ад аўдыторыі таксама заслужаную авацыю .

Беларуская місія пры ААН шмат паспрыяла таму, каб фільм "Чарнобыльскае сэрца", дзея якога ў асноўным адбываецца ў Беларусі, быў зьняты, і будзе спрыяць далей, каб ён пашыраўся, прыцягваючы гэтым увагу да біялягічнай, і нават генэтычнай, пагрозы вялікай частцы жыхарства краіны.

Паводле кіраўніка беларускай місіі др. Алега Іванова, вялікую дапамогу Беларусі ў змаганьні з наступствамі чарнобыльскай катастрофы аказвае Ірляндыя - большую, чым дапамога ўсяе рэшты эўрапейскіх краінаў разам узятых.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы