Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
ВІНШАВАНЬНІ

Юбілей змагара за свабоду і незалежнасьць Беларусі

24 красавіка споўнілася 60 год ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ, без перабольшаньня найбольш значнай асобе найноўшай гісторыі Беларусі, заснавальніку сучаснага беларускага нацыянальнага руху, ініцыятару беларускага Адраджэньня 1980-1990-х гадоў, стваральніку Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, палітыку, які зь невялікаю колькасьцю паплечнікаў-дэпутатаў змог дабіцца ў 1991 годзе абвешчаньня незалежнасьці Беларусі тагачасным камуністычным парлямантам, вярнуць беларускія нацыянальныя сымболі, паставіць яе на рэйкі нармальнага цывілізаванага шляху.

Зянон Пазьняк - найбольш пасьлядоўны, адкрыты, сумленны беларускі палітык. Незалежнасьць Беларусі, беларуская мова і культура, нацыянальныя гэрб і сьцяг як сымболі слаўнай гісторы і - Пазьняк ніколі ня здраджваў і не гадляваў гэтымі сьвятынямі. Пазьняк таксама - навуковец, фотамастак, паэт, аўтар шэргу кнігаў і фотаальбомаў, рэдактар часапісу "Беларускія Ведамасьці".

Імя Зянона Пазьняка ведамае хіба найлепей за ўсіх іншых палітыкаў Беларусі, і яно нікога не пакідае абыякавым. Яно таксама стала сымболем незалежнай Беларусі. Прыязна ці варожа ставяцца да яго, але яно заўсёды ўздымае пачуцьці й пытаньні, зьвязаныя з будучыняй Беларусі, змушае думаць, змушае пераасэнсоўваць прайшоўшыя і бягучыя падзеі, заявы, учынкі.

Ад імя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і беларусакай грамады Амэрыкі віншуем спадара Зянона Пазьняка зь юбілеем і жадаем здароўя, аптымізму і дасягненьня ўсіх мэтаў - палітычных і творчых.


Дзень народзінаў знакамітай пераклацчыцы

Сёлета вясною, 24 красавіка, дзень народзінаў выдатнай ангельскай перакладчыцы й вялікага прыяцеля і папулізатара Беларусі, сябры Англа-Беларускага Таварыства і Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў паэткі ВЕРЫ РЫЧ.

Адукаваная ў Оксфардзе, Вера Рыч яшчэ ў маладыя гады пазнаёмілася зь беларусамі ў Вялікай Брытаніі й захапілася беларускаю культураю, беларускім пісьменствам. Бярэ актыўны ўдзел у працы Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), выступае ў ангельскіх пэрыёдыках з артыкуламі пра Беларусь. Славісты добра ведаюць ейныя пераклады зь беларускай, а таксама з украінскай моваў, артыкулы ў "Times Higher Education Supplement", "The Tablet", "Science", "Lancet", "Index on Censorship" ды шматлікіх іншых.

Вера Рыч выдала ў 1971 годзе фундамэнтальную анталёгію беларускай паэзіі ў сваіх перакладах -"Like Water, Like Fire" (George Allen and Unwin Ltd., London). Кніга, выдадзеная на замову ЮНЭСКО, была надрукаваная з нацыянальным гэрбам Пагоня на супэрвокладцы, што выклікала пратэсты савецкіх функцыянэраў. ЮНЭСКО паддалося ціску і дызайн вокладкі быў зьменены, але - надпіс з назваю кнігі атрымаўся бел-чырвона-белы, чаго Саветы не заўважылі.

Пераклады Веры Рыч зь беларускай паэзіі па-ангельску застаюцца і сёньня высокім стандартам, які яшчэ ніхто не пераўзышоў. Сп-ня В. Рыч таксама выдала кнігі перакладаў з паэзіі Гаруна, Бядулі, іншых паэтаў. Надрукавала кнігу пра вобраз гэбрая ў беларускай літаратуры.

Больш інфармацыі можна знайсьці на інтэрнэце: http://www.belarus-misc.org/v-rich.htm

Яна друкавала таксама пераклады з польскай, украінскай, стараангельскай і старанарвэскай моваў. Паэтка і перакладчыца працягвае сваю творчую працу і надалей займаецца журналістыкай.

Дай-жа Бог сто гадоў!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы