Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
СЬВ. ПАМЯЦІ

Раіса ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ, сястра

Валянціна ПАШКЕВІЧ
05.02.1916 - 25.03.2004


25 сакавіка 2004 году перастала біцца сэрца беларускага пэдагога, грамадзкае і на ніве культуры няўтомнае дзяячкі Валянціны Пашкевіч. Усё сваё жыцьцё прысьвяціла яна працы, накіраванай на дасягненьне ідэалаў Акту 25 Сакавіка, і 25 сакавіка памерла.

Валянціна Пашкевіч нарадзілася 5 лютага 1916 году - у дзень сьмерці Алёйзы Пашкевіч-Цёткі - у беларускай сям'і Міколы й Надзеі Жукоўскіх, радавітых пружанцаў Берасьцейшчыны. Ад калыскі да апошняга дыханьня Вялянціна была носьбітам жывое беларускае мовы. Сям'я Жукоўскіх была нацыянальна сьведамая. Бацька яе Мікола атрымліваў зь Вільні беларускую літаратуру - каляндары, газэту "Крыніца" ды іншую пэрыёдыку - і чытаў яе для ўсяе сям'і ўголас. І сілаю рэчаў узгадоўваў і перадаваў дзецям свой беларускі патрыятызм.

У Пружанах Валянціна закончыла польскую, бо беларускіх школаў у Пружанах не было, пачатковую і сярэднюю, школы, гімназію. На заканчэньне сямігодкі, пачатковае школы, яна, як найлепшая вучаніца, атрымала ўзнагароду: том нямецка-польскага і польска-нямецкага слоўніка. Тады яна не здавала сабе справы з таго, што ейная ўзнагарода была свайго роду прароцтвам. Пачынаючы дзесь з пяцідзесятых гадоў свайго жыцьця яна праз 25 гадоў пільна працавала над складаньнем ангельска-беларускага слоўніка. Але гэта ўжо пасьля ў Таронта, Канада.

У 1935 годзе пасьля заканчэньня гуманістычнага тыпу польскай гімназіі Адама Міцкевіча ў Пружанах Валянціна, тады Жукоўская, паступіла на факультэт клясыкі - грэкі й лаціны - мовы й культуры старажытнае Грэцыі й Рыму ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры ў Вільні. Адразу ўключылася ў буйнае ў той час беларускае жыцьцё Вільні. Сталася сяброўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні. Як сябра ўправы гэтае арганізацыі поўніла функцыю скарбніка. Наведвала лектарат беларусаведы др. Янкі Станкевіча. У Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, калі надаралася патрэба, поўніла функцыю правадніка.

Пасьля двух гадоў студыяў клясыкі, пераканаўшыся, што цікавыя навукі старажытных моваў і культураў у жыцьці могуць быць непрактычнымі, бо лаціну і грэку перасталі вучыць у сярэдніх школах, яна перайшла на факультэт фізыка-матэматычны.

У верасьні 1939 году Заходнюю Беларусь акупавала савецкая Расея. Сталін адрэзаў Вільню - сэрца Беларусі - ад беларускае нацыянальнае тэрыторыі й аддаў яе Жамойці (Жмудзі). У восені, калі беларускім студэнтам прыйшоў час ехаць на ўнівэрсытэт на навуку, Кацярына Стаўбунік, ведамая беларуская дзяячка, дзякуючы якой у Пружаншчыне, Кобрыньшчыне, Піншчыне пашыралася беларуская літаратура зь Вільні, а зь ёю і беларуская сьведамасьць, сабрала нас усіх беларускіх студэнтаў з Пружаншчыны й сказала: "Дзеці, цяпер ня час на навуку. Усім вам трэба ісьці ў школы выкладаць беларускую мову. Інакш у школах Пружаншчыны беларускае мовы ня будзе." І так па адным беларускім студэнце зь Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні Кацярына Стаўбунік паслала ў школы Пружаншчыны выкладаць беларускую мову. Валянціну Жукоўскую, як найвыдатнейшую, накіравала ў былую польскую гімназію Адама Міцкевіча. І так Вялянціне Жукоўскай давялося быць выкладчыцай беларускай мовы й літаратуры ў гімназіі, дзе яна раней сама вучылася. Апрача працы ў сярэдняй школе яна была выкладчыцай беларускае мовы й на курсе для настаўнікаў - колішніх сваіх прафэсароў. І тут яна пераканалася, як бясцэннымі аказаліся ёй студыі на філялягічным факультэце грэкі й лаціны.

Валянціна заўсёды была абаронцам беларушчыны. Калі ў 1939 годзе саветы занялі Пружаны, іхныя камандзіры-палітрукі сталі хадзіць па хатах. Вось першаму камандзіру, які зайшоў у нашую хату і пачаў гутарку, зь якое вынікала, што ён беларус, Валянціна з абурэньнем і прэтэнзіяй у голасе паставіла пытаньне: "Чаму дапусьцілі да рэформы-зьнішчэньня беларускае мовы ў 1933 годзе?!" Палітрук нічога не адказаў, толькі глядзеў шырока адкрытымі вачыма на абурэньне маладой жанчыны.

Як шматлікім сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, так і Вялянціне Жукоўскай наканавана было пакінуць Беларусь. У другой палове 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна ў Ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны ў беларускім лягеры ДП Ватэнштэце выкладала ў Беларускай гімназіі фізыку і апрача таго праз некаторы час была кіраўнічкаю - сьцяжнаю - беларускага жаночага скаўтынгу. Цяперашнія беларускія дзяячкі й патрыёткі ў замежжы: Лёля Міхалюк, шматгадовая старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі, Вера Бартуль у Нью Ёрку, Кацярына Вініцкая ў Лёс Анжэлесе - гэта гадунцы Валянціны Жукоўскай, вучаніцы Беларускай гімназіі й скаўткі.

Зь ліпеня 1949 году Валянціна ў Таронта, Канада. Як сяброўка Згуртаваньня Беларусаў Канады на 2-м Зьезьдзе гэтае арганізацыі ў траўні 1950 году поўніць функцыю Сакратара зьезду, дакумэнтуе важную падзею першае беларускае арганізацыі ў Канадзе.

У красавіку 1950 году Валянціна Жукоўская выйшла замуж за беларуса з Ашмяны Міхася Пашкевіча. Яны маюць двое дзяцей, Паўлюка і Эву, і дзьве ўнучкі Ларысу і Галіну. У 50-60-х гадох Валянціна Пашкевіч арганізатар і кіраўнік танцавальнага гуртка, які танцуе перадусім "Лявоніху" і "Крыжачок". Танец "Лявоніху" за савецкіх часоў Валянціна вучыла танцаваць і сваіх вучняў у былой гімназіі Адама Міцкевіча ў Пружанах. Песьня і танец "Лявоніха", як і беларуская мова, адрозьніваюць беларусаў ад расейцаў, украінцаў і балтаў. Ніхто апрача беларусаў "Лявоніхі" ня мае. Вось-жа нашая "Лявоніха" ў 50-х і 60-х гадох мінулага стагодзьдзя красавала ў выкананьні Таронцкага танцавальнага гуртка пад кіраўніцтвам Валянціны Пашкевіч. А ў 70-х гадох функцыю гэтую пераняла дачка Валянціны Эва Пашкевічанка.

Калі народжаныя ў Канадзе дзеці падрасьлі да школьнага веку, Валянціна Пашкевіч зарганізавала і праз 15 год сыстэматычна вяла беларускую суботнюю школку пры царкве Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Таронта. Апрацавала для сваіх вучняў "Першую чытанку пасьля лямантара для беларускіх дапаўняльных школаў". "Чытанка" выйшла друкам у Кліўлендзе ў 1968 годзе.

Валянціна, як пэдагог, разумела, што для навучаньня беларускае мовы ў чужым асяродзьдзі абавязкова патрэбны англямоўны падручнік беларускае мовы, якога дагэтуль нідзе не было. Над складаньнем яго яна год за годам пільна працавала. Рэдактарам падручніка быў сьветлай памяці мовавед праф. Антон Адамовіч у Нью Ёрку. У выніку Валянціна Пашкевіч аўтар англямоўнага падручніка "Беларуская мова - Fundamental Byelorussian" - адзінага сыстэматычнага і найбольш поўнага курсу беларускай мовы для навучальных мэтаў за межамі Беларусі. Падручнік апіраецца на правапіс Браніслава Тарашкевіча. Як у прадмове сказана: "Кніга мае служыць ня толькі падручнікам беларускае мовы для вучняў, што прайшлі ўжо беларускі лямантар, але таксама і дапаможнікам для настаўнікаў. Дзеля гэтага некаторы граматычны матар'ял у ёй уняты крыху шырэй, як гэта трэба было-б даць толькі для вучняў. Наагул, дадзены кароткі, але поўны, курс беларускай фанэтыкі й марфалёгіі." Два тамы падручніка "Беларуская мова - Fundamental Byelorussian" выдаў друкам у 1974 і 1978 гадох Каардынацыйны Камітэт Беларусаў Канады ў Таронта.

Працуючы над англямоўным падручнікам, аўтарка яго балюча адчувала неабходнасьць стварэньня ангельска-беларускага слоўніка, якога не было дзеля тых самых ведамых ганебных прычынаў, для якіх была праведзеная акупантам БНР у 1933 годзе рэформа беларускае мовы. Не было такога слоўніка нідзе.

І так закончыўшы працу над падручнікам Валянціна Пашкевіч узялася за складаньне слоўніка. Падрыхтавала яна вялікі (каля 50 000 словаў) "Ангельска-беларускі слоўнік", рэдагаваньнем і выданьнем якога заняўся Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў ЗША. Апублікавала яна таксама артыкул "Навучаньне беларускае мовы ў ангельскамоўным асяродзьдзі" (Запісы БІНіМ, 1987. № 17).

Пра Валянціну Пашкевіч ёсьць бібліяграфічная даведка ў Беларускай Энцыкляпэдыі (Мінск, 1994).

Дзеці яе, Паўлюк і Эва, калісь вучні беларускай суботняй школы, пішуць, чытаюць і размаўляюць па-беларуску.

Такая была пілігрымка жыцьця, і такую пакінула Валянціна Пашкевіч спадчыну для наступных пакаленьняў. Кіраўніцтва БІНіМ у ЗША назвала Валянціну Пашкевіч "узгадавальніцай маладога пакаленьня". Др. Янка Запруднік, які праводзіць рэдактарскую працу над "Ангельска-беларускім слоўнікам", падставу для якога дала Валянціна Пашкевіч, сказаў: "Слоўнік гэты будзе манумэнтам для яе".

Валянціна Пашкевіч з натуры зроўнаважаная ўмела ў розных абставінах утрымаць, ня раз з самавырачэньнем, раўнавагу і гармонію там, дзе жыцьцёвымі турбуляцыямі гармонія была нарушаная. Сп-ня Вольга Грыцук сказала, што Валянціна была асобаю годнаю быць прыкладам для іншых. Была Валянціна таксама асобаю, якую дарылі вялікаю пашанаю і бязьмежнаю любоў'ю.

Валянціна памерла, але душа яе жыве ў кожным, чыё жыцьцё яна сваім кранула, на каго зрабіла ўплыў, хто быў яе вучнем, хто браў зь яе прыклад, хто шанаваў і любіў яе. Жыве яна ў кожнай справе, у якую ўклала яна свае здольнасьці, сілы, сваю няўтомную працу, сваё сэрца і душу.

Вечная ёй памяць! А душы яе вечны супакой!


Уладзімер ПЕЛЯСА
(01.05.1918 - 24.04.2004)


Нарадзіўся ў горадзе Лідзе.

Вучыўся ў Віленскай Беларускай гімназіі.

Падчас акупацыі Беларусі Нямеччынай у час Другое Сусьветнае вайны браў удзел у працы Беларускай Самапомачы. У канцы вайны вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну. У Нямеччыне жыў у беларускіх лягерох ДП, удзельнічаў у беларускім скаўтынгу. Пазьней перабраўся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе жыў у Кўінсе ў Нью Ёрку.

Апошнія 30 гадоў працаваў у капаніі Atlanta Corparation на Мангэтане апэратарам. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі й працы рэсорту Белэр-Менск у штаце Нью Ёрк.

Належаў да парафіі царквы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычмонд Гіл, дзе выконваў абавязкі скарбніка царкоўнай управы. Нябожчык быў добрым вернікам і адданым патрыётам Беларусі. Заўсёды браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці ў ваколіцах Нью Ёрку.

Пахаваны на праваслаўных могілках у Маспэт. Абрад пахаваньня выканаў а. Васіль Андрэюк.

Пакінуў у смутку жонку і яе двух дзяцей у ЗША, а таксама трох братоў, дачку, унучку і праўнучку ў Беларусі.

Няхай яму будзе пухам амэрыканская зямля.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы