Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
НАШАЯ ФАНАТЭКА

Вітаўт МАРТЫНЕНКА

"Аляксандра і Канстанцін" - "За ліхімі за марозамі", Мн., 2001, "Каўчэг".

"Аляксандра і Канстанцін" - "Сойка", Мн., 2003, "Master records”.


Сёлета ў траўні ў Стамбуле пройдзе чарговы міжнародны фэстываль песьні "Эўрабачаньне", у якім упершыню прыме ўдзел Беларусь. З гэтай нагоды 31 студзеня 2004 году барысаўскі дуэт "Аляксандра і Канстанцін" стаў вядомы на ўсю Беларусь, бо пераканаўча перамог у першым за нашую гісторыю агульнанацыянальным адборачным туры "Эўрабачаньня". А перад тым?..

Дзіўная ўсё-ж мы краіна, бо нават так званая дэмакратычная прэса ў нас (незалежныя газэты "Салідарнасьць", "Беларускі рынак", розныя інтэрнэт-парталы) неяк адразу знайшлі ў слушным выбары народа падставу для традыцыйнага тужлівага самаедзтва: маўляў, галасаваньне было "нячэсным", што зафіксавала адна буйная арганізацыя, хоць яе ніхто на тое і не ўпаўнаважваў. А рэальна: ці быў хоць хто з прэтэндэнтаў больш варты за дуэт "Аляксандра і Канстанцін" прэзэнтаваць беларускую песьню ў Эўропе з таго шэрагу, які нам дазволілі асэнсаваць. Рэч у тым, што прафэсыйнае журы яшчэ на этапе "кампэтэнтнага адбору" адсеяла ўсіх носьбітаў жывога нацыянальнага зьместу і калярыту (бліскучыя гурты "Юр'я" і "Tesaurus", менш вядомыя "Сваякі" з Гомельшчыны, Ганна Мушак з Магілева), а ўсіх астатніх прымусіла сьпяваць па-ангельску (відаць, каб пара пазасталых "нацыяналістаў" не адрозьніваліся ад паўтарох дзесяткаў тых, хто купляе свае "беларускія" песьні ў Маскве, Кіеве ды нават у ЗША). А вось пра такі "кампэтэнтны адбор" нешта ніхто не пісаў…

Але-ж во быў-бы прыкметны голас Беларусі ў Эўропе, калі выходзіць на сцэну гэткі англамоўны тотал-стандарт у касьцюмчыку, як на дзіцячым "Эўрабачаньні" - чырвоны верх, зялёны ніз і хоць зорачка на лбе, але двух словаў на роднай мове зьвязаць ня можа! Але народ у гэтым натоўпе шэрасьці ўсё-ж дагледзеў сваіх сапраўдных беларускіх Артыстаў.

Дуэт "А&К" пасьпеў выдаць (і прадаць) на той час два поўнафарматных беларускіх альбомы й вельмі шмат каму запомніўся яркім адметным іміджам і паважлівым стаўленьнем да нацыянальных традыцыяў. Калі ў той вечар я глядзеў па тэлебачаньні той адборачны тур, мне патэлэфанаваў сябра, знакаміты музычны крытык Анатоль Мяльгуй: - Нават іхняя кампазыцыя "My Galileo" ў гэтым парадзе шэрасьці была па-за канкурэнцыяй, - кажа, - але-ж у Кастуся Драпезы ды Аляксандры Кірсанавай ёсьць і больш геніяльныя гіты: "Арэхавая чаша" зь першага альбому, "Пчолка" з другога… Чаму яны ня выконвалі іх?

Я выказаў свае здагадкі наконт маскіровачнага адбору:

- Анатоль, ты-ж ведаеш, што гурт "Юр'я" падступна зьнялі толькі з-за таго, што адмовіўся перакладаць свой твор на Еnglish. Дый вядома таксама, што паводле рэальных умоваў конкурсу да разгляду прыймаюцца толькі раней не публікаваныя творы.

Цікава, што ўпэўненасьць у роднай песьні не замінала дуэту выканаць і дадатковыя прычэпкі мясцовага каляніяльнага журы: з ангельскай мовай у "А&К" таксама было лепш за ўсіх - як паводле вымаўленьня, гэтак і паводле лексыкі. Алеся не ператварала падобна іншым якое-небудзь "close your eyes, I need you" ў сьмешную на слых макароншчыну кшталту "Анісьі ў клязэце". Проста быў у яе досьвед эўрапэйскіх канцэртаў, а яшчэ і некалькі ангельскіх кавэраў (пераробак) у першым альбоме з рэпэртуару "Kelly Family", Луі Армстронга ды Дж. Дж. Кэйла.

Але аснова творчасьці калектыву - беларускі фальклёр з выкарыстаньнем модных экзатычных аранжыровак стылю кантры ды рэальна гістарычных для нас традыцыяў жаночага гарлавога сьпеву, якія прыйшлі на беларускія землі з Кітаю праз Індыю ў глыбокай старажытнасьці. Гэткі ўнікальны кактэйль, бадай, здольны шакаваць Эўропу, бо цалкам нязнаны там. Ды ў гэтым і задача дуэту "А&К", каб заваяваць права на працяг беларускага вяртаньня ў Эўропу.

Калі ў першым альбоме калектыву нацыянальная музычная прэса бачыла нават спробы беларусізацыі расейскага фальклёру (напрыклад, у песьні "Масьленіца"), дык другі (з бліскучымі творамі "Не шумі ты, гаю", "Явар" і асабліва ўшанаванае многімі фэстывалямі "Сена") вызначаецца большай трываласьцю, канцэптуальнасьцю, еднасьцю. Акрамя таго ў праграму другога дыску ўваходзіць і дадатковы мультымэдыйны трэк для кампутара з калярытным відэакліпам песьні "Пчолка".

Аляксандра Кірсанава ў гурце акрамя сьпеву яшчэ грае на флейце, вурганах, вусным гармоніку, пэркусыях, а Кастусь Драпеза засвоіў гітару, домру, а нават і справу кампазыцыі ("My Galileo" акурат ягоны твор). Разам займаюцца аранжыроўкамі.

Гасьцёўна ў запісе альбому прыймалі ўдзел знакамітыя беларускія музыкі: гітарыст Віктар Малчанаў ("Песьняры"), скрыпач Карэн Карапецян ("Kriwi"), бас-гітарыст Юры Фядзюк ("Крама") ды іншыя. Запісваліся рэлізы ў лепшых беларускіх студыях - Белтэлерадыёкампаніі ды прыватнай студыі Генадзя Сыраквашы "X-Noise factory".


Каб замовіць гэтыя CD поштаю дашліце $12 за кожны на адрас рэдакцыі газэты "Беларус".


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы