Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
РАШЭНЬНІ РАДЫ ЭЎРОПЫ

Радыё Свабода

Парляманцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) 28 красавіка прыняла рэкамэндацыю №1657, якая прапануе Камітэту міністраў - выканаўчаму органу Рады Эўропы - запатрабаваць ад беларускіх уладаў распачаць сапраўды незалежнае расьсьледаваньне зьнікненьняў палітыкаў кампэтэнтнымі органамі, пасьля адстаўкі цяперашняга генэральнага пракурора Віктара Шэймана, якога абвінавачваюць у арганізацыі зьнікненьняў, і цалкам інфармаваць сем'і зьніклых аб прагрэсе і выніках сьледства".

Дакумэнт рэкамэндуе патрабаваць распачаць крымінальнае расьсьледаваньне супраць былога дзяржсакратара Савету бясьпекі В. Шэймана, экс-міністра ўнутраных справаў (цяпер міністра спорту і турызму) Ю. Сівакова ды афіцэра З. Паўлічэнкі, якія могуць быць датычныя да зьнікненьняў, а таксама іншых чыноўнікаў, якія маглі перашкодзіць правасудзьдзю шляхам фальсыфікацыі, прыхоўваньня або ўціску сьведчаньняў і сьведкаў.

Другі пункт рэкамэндацыяў прапануе Камітэту міністраў спыніць удзел Беларусі ў дзейнасьці Рады Эўропы, а таксама кантакты паміж Радаю Эўропы й беларускім урадам - да таго часу, пакуль ня будзе зроблены істотны прагрэс у расьследаваньнях. Адначасова ПАРЭ заклікала супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі.

Трэці пункт рэкамэндацыяў запрашае дзяржавы, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, ды краіны са статусам назіральніка ўжыць палітычны ціск (улучна з санкцыямі) на беларускі ўрад, каб паслаць яму моцны сыгнал, што беспакаранасьць гвалтоўных зьнікненьняў ёсьць нецярпімаю для міжнароднай супольнасьці.

ПАРЭ таксама запрашае "судовыя ўлады краінаў, чые законы прадугледжваюць міжнародную юрысдыкцыю іх нацыянальных судоў, распачаць працэдуры супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў за магчымае забойства паводле палітычных прычын аднаго ці больш чалавек зь ліку чатырох зьніклых асобаў".

Галоўныя палажэньні рэкамэндацыі №1657 увайшлі ў рэзалюцыю №1371, якая таксама выказвае падзяку краінам, якія далі палітычны прытулак былым беларускім чыноўнікам, якія ахвяравалі сваёй кар'ерай дзеля ўсталяваньня праўды.

ПАРЭ таксама заклікае парлямэнт Беларусі стварыць парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня з адпаведнымі рэсурсамі для гэтага ды зазначае, што ня лічыць мэтазгодным пераглядаць прыпыненьне статусу "адмыслова запрошанага" ў ПАРЭ для беларускага парлямэнту, пакуль ня будзе істотнага прагрэсу ў справах зьніклых.

Таксама 28 красавіка на сэсіі ПАРЭ была ўхваленая рэзалюцыя 1372 "Перасьлед прэсы ў Рэспубліцы Беларусь" з адпаведнымі рэкамэндацыямі.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы