Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
ДА ЎГОДКАЎ БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ
Развагі маладога гісторыка


Алег ГАРДЗІЕНКА, Менск

Радаслаў АстроўскіРадаслаў Астроўскі

60 гадоў таму, 21-га сьнежня 1943-га году, была створаная Беларуская Цэнтральная Рада, а 24-га студзеня 1944-га году яна сабралася на сваё першае паседжаньне. Прэзыдэнтам стаў Радаслаў Астроўскі.

Згодна са статутам, падпісаным генэральным камісарам Беларусі Куртам фон Готбэргам, БЦР зьяўлялася "прадстаўніцтвам беларускага народу, пакліканым у межах нададзенага яму самаўраду", і магла "самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага і школьнага жыцьця".

БЦР стваралася ва ўмовах спэцыфічнай ваеннай сытуацыі. Немцы атрымалі сакрушальную паразу на Ўсходнім фроньце (лета 1943 г.) і пачалі адступаць. Увосень савецкае войска заняло шэраг раёнаў Усходняй Беларусі (быў нават вызвалены абласны Гомель). Таму немцы, у тым ліку і дзеля здабыцьця сымпатыяў як сярод беларускіх грамадзкіх дзеячаў, так і насельніцтва, пагадзіліся на стварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады - беларускага ўраду, хоць і з абмежаванымі функцыямі. Так была ажыцьцёўленая ідэя, якая яшчэ некалькі месяцаў таму выклікала моцны супраціў нямецкіх уладаў і рэпрэсіі ў дачыненьні да ініцыятараў прапановаў такога кшталту.

У склад кіраўніцтва БЦР увайшлі такія вядомыя асобы, як юрыст Мікола Шкялёнак (першы віцэ-прэзыдэнт), кіраўнік Беларускай Самапомачы Юры Сабалеўскі (другі віцэ-прэзыдэнт), будучы шэф Краёвай Абароны Франц Кушаль, кіраўнік Цэнтральнага гандлёвага таварыства "Ўсход" у Беларусі Сымон Кандыбовіч, юрыст Павал Сьвірыд, кампазытар Вячаслаў Сэлях-Качанскі, культуроляг Аўген Калубовіч, лекар Станіслаў Грынкевіч і інш. Пры БЦР было створана 12 аддзелаў: асьветы, навукі, культуры; прапаганды й прэсы; сацыяльнага забесьпячэньня; фінансавы; моладзі; веравызнаньняў; кантролю; агульна-адміністрацыйны; гаспадарчы; праектаў; нацыянальнасьцяў, Краёвай Абароны. Радзе былі перападпарадкаваныя ўсе арганізацыі, што дзейнічалі ў Беларусі: Саюз Беларускай Моладзі, Навуковае Таварыства, Культурнае Згуртаваньне, Беларуская Самапомач, а таксама прафсаюзы.

Цікава, што празь некалькі гадоў шэраг сябраў БЦР перайшоў пад сьцягі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі - Аўген Калубовіч, Франц Кушаль, намесьнік прэзыдэнта БЦР на Баранавіцкую акругу Станіслаў Станкевіч, намесьнік на Вялейскую акругу Язэп Малецкі, а намесьнік БЦР на Наваградзкую акругу Барыс Рагуля стаў нават праваю рукою Міколы Абрамчыка - першага прэзыдэнта адноўленай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У першай палове 1944-га году ў беларускай прэсе і на месцах разгарнулася шырокая прапагандысцкая кампанія ў падтрымку БЦР. Частка сялянаў і інтэлігенцыі паверыла ў магчымасьць пабудовы сваёй дзяржавы пад нямецкім пратэктаратам. Большасьць-жа паставілася да новай беларускай ўлады індыфірэнтна: паглядзім, што далей будзе. Тым больш, што немцы сваёй недальнабачнай палітыкай і карнымі акцыямі падарвалі давер насельніцтва. Аднак БЦР дабілася пэўных вынікаў у грамадзкім жыцьці: працягвалася беларусізацыя школаў і грамадзкага жыцьця, аказваўся далейшы ціск на расейскаарыентаваную частку кіраўніцтва Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, назіраўся рост нацыянальна-культурнага жыцьця, ішла падрыхтоўка адкрыцьця ўнівэрсытэту і інш. У адрозьненьне ад арганізацыяў-папярэднікаў (Беларускай Народнай Самапомачы, Рады Даверу), якія мелі дарадчыя функцыі, БЦР мела большую вагу ў вачох нямецкіх чыноўнікаў. Адпаведна, у яе было болей магчымасьцяў для абароны насельніцтва перад акупацыйнымі ўладамі.

Аднак запозна немцы пачалі "клапаціцца" пра беларусаў. Фронт няўхільна пасоўваўся на захад. Дзеячы-ж БЦР выкарыстоўвалі гэтую сітуацыю ў сваіх мэтах. Яны "вярнулі" ў склад Генэральнага камісарыяту Беларусь Палесьсе, якое ўлетку 1941-га году немцы здарылі Ўкраіне. Генэральны камісарыят атрымаў большую аўтаномію - быў вылучаны са складу Райхскамісарыяту Остлянд.

Зазначым, што яшчэ ад самага пачатку акупацыі беларускія палітыкі дабіваліся ад новых уладаў стварэньня сваіх збройных сілаў - дзеля набыцьця вагі ў грамадзтве і абароны насельніцтва як ад савецкіх партызан, так і гітлераўцаў. Паспрабавалі, напрыклад, у 1942-м годзе стварыць Самаахову - чыноўнікі ў Бэрліне занепакоіліся, што самаахоўцы павернуць зброю супраць іх - большасьць батальёнаў была распушчаная.

Тая-ж сытуацыя паўтарылася і зь Беларускай Краёвай Абаронай у 1944-м годзе. Меркавалася, што БКА стане беларускім войскам. На мабілізацыйны заклік Радаслава Астроўскага - загад генэральнага камісара аб стварэньні БКА быў падпісаны 23-га лютага - адгукнуліся дзясяткі тысячаў беларусаў, а паводле некаторых ацэнак, на мабілізацыйныя пункты прыйшло да 100 тыс. чалавек. Нямецкае чынавенства не чакала такога масавага наплыву - і частка рэкрутаў была распушчаная па дамах. Так, у Слуцкай акрузе з 7 тыс. чалавек, што прыйшлі на прызыўныя пункты, засталося 3.982, а ў Баранавіцкай забракавалі яшчэ болей - з 26 тыс. у кашарах засталося крыху менш за 6.500 чалавек. Але і тыя, хто застаўся (а гэта па ўсёй Генэральнай акрузе не больш за 25 тыс. чалавек), былі асуджаныя на нялёгкія выпрабаваньні. Нягледзячы на ўсе захады БЦР, нямецкія ўлады ўсяляк сабатавалі БКА, не забясьпечваючы жаўнераў абмундзіраваньнем і зброяй. Толькі лічаныя батальёны змаглі ўзяць удзел у баях з партызанамі. А ўлетку былі пастаўленыя перад нялёгкім выбарам далейшага лёсу - ці сыходзіць на чужыну, ці заставацца на свой страх і рызыку ў Беларусі, чакаючы савецкіх рэпрэсыяў.

Апошнім мерапрыемствам, якое зладзіла БЦР на Бацькаўшчыне, было скліканьне Другога Ўсебеларускага Кангрэсу (27 чэрвеня 1944 г.). Кангрэс прыняў рэзалюцыю, што ўсе пастановы Савецкага ўраду і Польшчы, якія тычацца тэрыторыі Беларусі й беларускага народу, зьяўляюцца несапраўднымі, пацьвердзіў незалежнасьць Беларусі, яе разрыў з Масквою. Гэты разрыў быў больш дэклярацыйны, папяровы, бо пад Менскам ужо стаялі савецкія войскі. Аднак і ён меў немалое значэньне, прынамсі да гэтага дакумэнта, як волевыяўленьня дэлегатаў Кангрэсу, можна было па вайне апэляваць перад рознымі замежнымі палітычнымі структурамі. Таксама ў рэзалюцыі адзначалася, што адзіным прадстаўніком беларускага народу зьяўляецца Беларуская Цэнтральная Рада. На той час гэта была праўда, бо ніякай больш агульнанацыянальнай палітычнай арганізацыі не існавала - ні ў Беларусі, ні па-за яе межамі. А Рада БНР адрадзілася толькі праз тры гады - у канцы 1947-га году.

Празь некалькі дзён пасьля Кангрэсу пачалася эвакуацыя. Усе структуры БЦР выехалі на Захад. У Нямеччыне кіраўніцтва арганізацыі шмат зрабіла для арганізацыі й дапамогі сотням тысячаў беларусаў, што апынуліся на чужыне добраахвотна ці былі вывезеныя на прымусовыя працы ў Нямеччыну і Аўстрыю.

Ужо потым, па капітуляцыі Нямеччыны, Радаслаў Астроўскі, унікаючы абвінавачаньня з боку заходніх краінаў у супрацоўніцтве з нацыстамі, распусьціў БЦР, што добра выкарысталі ягоныя палітычныя праціўнікі. Але празь некалькі месяцаў пасьля аднаўленьня Рады БНР, у пачатку 1948-га году, адрадзілася і Беларуская Цэнтральная Рада. І пайшло змаганьне, якое трывала некалькі дзесяцігодзьдзяў. Даходзіла нават да абсурду: калі ў адным і тым-жа горадзе наладжваліся адзначэньні аднаго і таго-ж сьвята. У адным месцы гэта сьвята адзначалі бэнээраўцы, а асобна - бэцээраўцы. Наступствы расколу, найперш у ацэнках тых ці іншых дзеячаў ці падзей, адчуваюцца і па сёньняшні дзень.

У выніку да дзейнасьці БЦР заўсёды адмоўна ставіліся і іх апанэнты на эміграцыі, і савецкія гісторыкі, што і да сёньня адмоўна ўплывае на імідж Рады. Для савецкіх і вялікай часткі сёньняшніх беларускіх гісторыкаў бэцээраўцы - гэта здраднікі, супрацоўнікі з нацыстамі. Апанэнты-эмігранты таксама заўсёды абвінавачвалі бэцээраўцаў у калябарацыі з гітлераўцамі. Прычым яны чамусьці забыліся, што самі былі эмігрантамі 1944-га году і бралі ўдзел у грамадзкай працы пад акупацыяй, а таму - добра ведалі, што любая палітычная незалежніцкая дзейнасьць, якая ішла па-за ўзгадненьнем зь немцамі, жорстка спынялася. За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба: праявілі незалежніцкія памкненьні ксёндз Гадлеўскі і лідэр Беларускае Народнае Самапомачы Іван Ермачэнка - першага расстралялі ў Трасьцянцы, другога вярнулі ў Прагу пад нагляд гестапа, адбіўшы на ўсё астатняе жыцьцё ахвоту займацца грамадзкаю працаю.

Апаненты забываюць найбольш істотнае: Беларуская Цэнтральная Рада працавала ў межах дазволенага, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі для разьвіцьця нацыянальнай дзейнасьці. Яе гісторыю неабходна разглядаць з пазыцыі карысьці для Беларусі. Так існаваньне БЦР у 1944-м годзе было чарговаю спробаю інстытуалізацыі беларускай ідэі. Да таго-ж, яна дала беларускаму руху новага аўтарытэтнага лідэра - і гэты аўтарытэт прызнавалі нават апанэнты - Радаслава Астроўскага. Прычым Астроўскі ўжо да 1943-га году меў амаль 40-гадовы досьвед палітычнай дзейнасьці - удзел у расейскай рэвалюцыі 1905-07-х гадоў, сяброўства ў Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, удзел у Першым Ўсебеларускім Кангрэсе (1917 г.), у Слуцкім Збройным Чыне. Зь невялікімі перапынкамі на працягу 12 гадоў (з 1924 па 1936 гг.) - быў дырэктарам Віленскай Беларускай гімназіі. Адначасова ўваходзіў у склад Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (быў віцэ-прэзыдэнтам Цэнтральнага камітэту), актывістам Таварыства Беларускай Школы. Па разгрому Грамады - як і шэраг палітыкаў - зьмяніў погляды й стаў прыхільнікам супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. У 1941 - 1943 гадох ствараў беларускую адміністрацыю ў Менску, Бранску, Смаленску. Ды й займаючы кіраўнічую пасаду ў БЦР, Радаслаў Астроўскі ня верыў сьлепа немцам. Ён паралельна шукаў кантактаў з заходнімі краінамі, найперш вёў перамовы з польскімі палітыкамі наконт будучыні Беларусі. На эміграцыі ён быў бязьзменным лідэрам БЦР (да самой сьмерці ў 1976 г.). Можна па-рознаму ставіцца да Астроўскага, але не падлягае сумненьню ягоны патрыятызм і тое, што ён імкнуўся дзейнічаць на карысьць Бацькаўшчыны.

Гісторыя БЦР дагэтуль не дасьледаваная, кароткія біяграмы ўдзельнікаў і паасобныя публікацыі не ствараюць цэласнай карціны. Таму 60-годзьдзе Беларускай Цэнтральнай Рады - гэта падстава для глыбейшага пераасэнсаваньня яе ўласнай гісторыі на фоне падзеяў усяго беларускага руху другой паловы ХХ-га стагодзьдзя.


АД РЭДАКЦЫІ. Калі з асобнымі тэзамі артыкулу можна спрачацца, нельга не пагадзіцца ў адным: абагульняльная грунтоўная праца па гісторыі БЦР - справа даўно насьпелая, неабходная. Выглядае, у Беларусі ёсьць гісторыкі, якія маглі-б узяцца за яе ды кампэтэнтна і сумленна давесьці да канца. Паўстае пытаньне: ці можа нашае грамадзтва дапамагчы з доступам да архіваў і неабходнай у такіх выпадках стыпэндыяй? Бо гісторыя БЦР - гэта і гісторыя нашае эміграцыі. Адрас Алега Гардзіенкі, супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Беларусі, навуковага рэдактара кнігаў М. Панькова "Хроніка беларускага жыцьця на эміграцыі", Ю. Туронка "Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944)", Л. Юрэвіча "Вырваныя бачыны" й "Літаратурны рух на эміграцыі" ды шэрагу артыкулаў зь гісторыі БЦР і ваеннае гісторыі наагул, можна атрымаць у рэдакцыі "Беларуса" ці пішыце аўтару наўпрост праз электронную пошту: hardzijenka@tut.by


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы