Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
У БЕЛАРУСІ ЗМАГАЮЦЦА ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МУЗЫКАЙ

Алесь РАЧЫНСКІ, кампазытар, Менск

Беларускаму Саюзу кампазытараў - 70 гадоў. Гэта ня значыць, што беларуская музыка пачалася толькі пасьля рэвалюцыі пры савецкай уладзе. Хаця пры савецкай уладзе так і лічылася... Нажаль, у свой час каляніяльная Беларусь шчодра аддавала сваіх Глінку, Манюшку, Агінскага, Стравінскага, Шастаковіча іншым краінам. Закон імпэрыі - высмоктваньне талентаў з калёніі ў мэтраполію - няўхільна дзейнічаў і тут.

Наша Акадэмія музыкі выпускае прафэсыйных кампазытараў, але ў дзяржаўным рэестры прафэсыяў такой прафэсыі - кампазытар - няма. Можа таму дзяржава і ня бачыць праблемаў з акадэмічнай музыкай.

Мы ня маем дзяржаўнага музычнага выдавецтва, якое друкавала-б падручнікі, папулярныя кнігі аб кампазытарах і музыцы, партытуры, клявіры, ноты для выканаўцаў. Мы, як і былая калёнія Расеі, усё яшчэ прывязаныя да яе ня толькі моваю, газам і нафтаю, але і музычнай друкаванай прадукцыяй. Я ўжо не кажу пра посткаляніяльны сіндром беларусаў, які выяўляецца ў празьмерным і бяздумным спажываньні расейскай поп-культуры ня лепшага гатунку.

У Расеі музычныя выдавецтвы зьявіліся ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя, у Нямеччыне - яшчэ раней. Таму іхную музыку выконваюць ва ўсім сьвеце, а нашую ня ведаюць. Калі мы хочам звацца народам, нам трэба зразумець: без свайго музычнага выдавецтва ў Беларусі Расея, як і раней, будзе "замаўляць музыку" беларусам, а мы "таньчыць" пад яе. І гэтая музычная залежнасьць зробіць нашу музычную культуру непаўнавартаснай і другаснай у параўнаньні зь іншымі. У нас ужо зараз з культурнага жыцьця выкінуты вялізны пласт - беларуская музыка і фальклёр. Да мяне прыяжджаюць з усяе Беларусі выкладчыкі па харавыя партытуры. Я раблю тое, што павінна рабіць дзяржава - за свой кошт друкую харавыя аранжыроўкі й апрацоўкі. Трэба стварыць спэцыяльны музычны часапіс, дзе былі-б прадстаўленыя крытыка, прэм'еры, агляд музычнага жыцьця і г. д.

У Менску ня купіш ні беларускай музыкі, ні сусьветнай клясыкі. Беларусы ў духоўным пляне безнадзейна адсталі ад Эўропы.

Канцэртнага выкананьня і гучаньня ў этэры твораў беларускіх кампазытараў амаль няма. Рэпэртуарная палітыка дзяржаўных калектываў і музычных тэатраў амаль антыбеларуская. Па надуманых прычынах у музычных тэатрах здымаюцца (прыпыняюцца) аншлагавыя нацыянальныя спэктаклі, ня ставяцца новыя.

Калісьці ў Расеі змагаліся з засільлем італьянскай музыкі, а ў Італіі - з засільлем нямецкай. У Беларусі-ж змагаюцца... зь беларускай музыкай! Дзіўная краіна!

Я хачу зьвярнуцца да людзей, якія на сваё пытаньне "чаму не гучыць беларуская музыка?" пачуюць "Ды яна слабая і нецікавая". Не верце такому! Так гаворыць той, хто ня ведае беларускай музыкі. Па маіх назіраньнях, беларусы ня ведаюць сваіх народных песень, што зьяўляецца нонсэнсам у сьвеце, бо веданьне народных песень - паказчык сьвядомасьці й любові да сваёй Радзімы.

Не разумею сёньняшняй рэпэртуарнай палітыкі Тэатру опэры й балету. З сэзону ў сэзон - адныя і тыя-ж два-тры творы беларускіх кампазытараў, астатняе - італьянскае і расейскае.

У краіне даўно насьпела патрэба ў рэформе музычнага выхаваньня і адукацыі, якія, па сутнасьці, зьяўляюцца ў нас яшчэ савецкімі, бо ня ўзяты курс на тое, каб беларускую музычную культуру разглядаць у кантэксьце сусьветнай.

У нас дзяржава ня мае палітыкі будаўніцтва нацыянальнай культуры, не прапагандуе музыку высокага кшталту - аўтэнтычны фальклёр, айчынную і сусьветную клясыку. Яны ўсё больш выцясьняюцца безнацыянальнай амэрыкана-расейскаю пошасьцю ў выглядзе нізкапробнай папсы.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы