Рассылка

Апытаньне
Чым, на вашу думку, быў голад на Ўкраіне ў 1930-я гады?
Вынікам бездарнай палітыкі бальшавікоў па ўсім СССР, якая ня мела нацыянальнай афарбоўкі
Наўмыснай карнай акцыяй бальшавіскага рэжыму супраць самастойных сялян па ўсім СССР
Наўмысным генацыдам украінскага народу расейцамі
Голаду не было, гэта фальсіфікацыя




 
№560ВЕСТКІМаладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
ГІСТОРЫЯ ГАЗЭТЫ "БЕЛАРУС"

Рубрыку вядзе Лявон ЮРЭВІЧ

Пасьля зьмешчанага ў папярэднім нумары газэты матар'ялу Рэдакцыя атрымала пошту з пытаньнямі, зьвязанымі з гісторыяй газэты, узаемадачыненьнямі з БАЗА, людзьмі, што працавалі ў ёй, а таксама пытаньнямі "тэхнічнымі" - як зьбіраецца хроніка, як распаўсюджвалася выданьне, колькі каштаваў друк і г. д. Ня маючы магчымасьці адказаць на ўсе пытаньні, сёньняшняя Рэдакцыя зьмяшчае ўрыўкі Справаздачы 1969 г., што насьвятляе багата якія моманты зь мінулага.

Справаздача Рэдакцыйнае Калегіі "Беларуса" за час ад 1 чэрвеня 1967 г. да 30 травеня 1969 г.

Ст. Станкевіч

"На працягу двух мінулых год Рэдакцыйная калегія "Беларуса" працавала паводля Рэгуляміну, прынятага на 12-м Кангрэсе БАЗА. Згодна з гэтым Рэгулямінам Рэдакцыйная Калегія зьяўляецца аўтаномнай адзінкай у сыстэме БАЗА, падпарадкаванай беспасярэдня Кангрэсу БАЗА, а з Галоўнай Управай БАЗА мае адно арганізацыйную лучнасьць. На моцы гэтага ўсякія пытаньні газэты разьвязваліся тымі, хто для газэты сыстэматычна працуюць - Рэдакцыйнай Калегіяй, якая, дзякуючы гэтаму, мела магчымасьць больш спраўнае й мэтазгоднае дзейнасьці. Вылучнае падпарадкаваньне фінансаў газэты Рэдакцыйнай Калегіі й ейная адказнасьць за іх дало Рэдкалегіі больш пасьпяхова арганізаваць здбываньне ад грамадзтва грошай на газэту.

Асабліва здаровай зьявай сталася тое, што Рэдкалегія была ня толькі кіраўнічым, але й працоўным органам. Сярод сяброў ня было нікога, хто ня выконваў-бы нейкай рэдактарскай, пісарскай, арганізацыйнай або тэхнічнай функцыі.

На 12-м Кангрэсе БАЗА быў выбраны наступны склад Калегіі: старшыня і галоўны рэдактар - д-р Станіслаў Станкевіч сябры Калегіі - Пётр Манькоўскі, Барыс Данілюк, Антон Шукелойц, д-р Уладзімер Бакуновіч, Васіль Стома й мгр. Васіль Пляскач. У склад Калегіі уваходзіў Уладзімер Курыла ў моц свайго становішча старшыні Галоўнай Управы БАЗА. На першым сваім паседжаньні 25 чэрвеня 1967 г. Рэдакцыйная Калегія папоўніла свой склад шляхам кааптацыі наступных сяброў: Міхась Тулейка, Праньціш Бартуль, Аляксандар Міцкевіч, Мікалай Абрамчык, а пасьля пераезду д-ра Ўл. Бакуновіча ў Дэтройт на ягонае месца быў даакаптаваны Васіль Русак, а ад Кліўленду Ўладзімер Дунец.

За справаздаўчы пэрыяд Калегія мела 10 паседжаньняў, у тым ліку адно пашыранае 1 верасьня ў Дэтройце ў часе 8-ае Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі.

Уважаю сваім абавязкам выказаць шчырую падзяку ўсім сябрам Рэдакцыйнае Калегіі за іхную безінтэрэсоўную дзейнасьць і руплівасьць дзеля разьвіцьця газэты, а аднаму ейнаму сябру - Аляксандру Міцкевічу, што ўзваліў быў на сябе ўзаўпраўды вялікую ношу, будучы скарбнікам газэты, займаючыся рассыланьнем груповых экзэмпляраў, дзякую асабліва.

За справаздачны пэрыяд выйшла 24 нумары газэты, два зь іх за ліпень-жнівень 1967 і 1968 як падвойныя па 8 бачынаў, ды 4 адзіночныя нумары былі павялічаныя да 8 бачынаў. Ад нумару за ліпень-жнівень 1967 г. падвойныя й некаторыя павялічаныя нумары былі скарыстаныя пад літаратурныя дадаткі "Далягляды", якіх было ўжо чатыры і ў якіх зьмяшчаліся выбраныя творы выдатнейшых маладых паэтаў і пісьменьнікаў БССР.

Пасьля таго, калі спыніла свой выхад "Бацькаўшчына", нашая газэта пачала практычна поўнасьцяй абслугоўваць ня толькі Беларусаў ЗША й Канады, але й беларускія асяродкі ў іншых частках Вольнага Сьвету, галоўна ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі. У сувязі з гэтым на пашыраным паседжаньні Рэдакцыйнай Калегіі ў Дэтройце 1 верасьня 1968 г. было пастаноўлена заміж падзагалоўку "Газэта Беларусаў Паўночнай Амэрыкі" у далейшым даваць падзагаловак "Газэта Беларусаў у Вольным Сьвеце". Гэта дало тую практычную карысьць, што нашыя арганізацыі ў Ангельшчыне і Аўстраліі, уважаючы "Беларус" за свой орган, пачалі больш спрычыняцца да павялічэньня выдавецкага фонду газэты.

На згаданым паседжаньні Рэдакцыйнай Калегіі ў Дэтройце быў пададзены і адобраны праект, каб з пачаткам 1969 г. выдаваць "Беларус" на 4х бачынах, але два разы на месяц. Пасьля гэтага быў апрацаваны й праект бюджэту збольшанага выдаваньня газэты, які, заміж $5.440 у год пры выдаваньні раз на месяц на 6-х бачынах мусіў бы выносіць $7.200 на год. Ужо вялася перапіска зь іншымі нашымі асяродкамі ў справе збольшаньня імі дапамогі ў выпадку рэалізацыі гэтага праекту. Былі паважныя дадзеныя дзеля таго, што праект быў-бы зрэалізаваны. Але ў лістападзе 1968 г. Галоўная Ўправа Згуртаваньня Беларусаў Канады й Рэдакцыйная Калегія "Вестак з Канады" пастанавілі ад пачатку 1969 г. адмовіцца ад сувыданьня "Беларуса" й спыніць месячную яму даплату ў суме 100 даляраў, якія яны давалі сыстэматычна ад 1963 г. У сувязі з гэтым ужо не магло быць навет і мовы пра часьцейшае выдаваньне "Беларуса", прынамся ў бліжэйшым часе.

Супрацоўнікі-аўтары "Беларуса" дзеляцца на дзьве групы: 1. Аўтары творчых газэтыных артыкулаў 2. Аўтары справаздачаў і хронікарскіх зацемак. У складзе самой Рэдакцыйнай Калегіі да першае групы належылі: д-р Ст. Станкевіч, Б. Данілюк, П. Манькоўскі, а вонках Калегіі наступныя асобы: Янка Запруднік, Юрка Віцьбіч, д-р Вінцук Жук-Грышкевіч, д-р Раіса Жук-Грышкевіч, Кастусь Акула, д-р Вітаўт Тумаш, Міхась Міцкевіч, д-р Янка Станкевіч, Зінаіда Станкевіч, Вацлаў Пануцэвіч, д-р Вітаўт Рамук, д-р Вітаўт Кіпель. Усім ім на гэтым месцы шчыра дзякую за супрацоўніцтва, а Янку Запрудніку, які й колькасна, і якасна даваў для газэты найбольш, дзякую асабліва. Гэткім парадкам, газэта "Беларус" патрапіла згуртаваць вакол сябе бадай што ўсе нашыя журналістычныя сілы.

Да другой групы аўтараў-супрацоўнікаў або карэспандэнтаў належылі: Міхась Тулейка, Уладзімер Дунец, Юрка Станкевіч, Сымон Карніловіч, Янка Чарнэцкі, Юзя Найдзюк, інж. Янка Бруцкі, Васіль Русак, Васіль Стома, д-р Віктар Васілеўскі, д-р Уладзімер Бакуновіч, Валя Пашкевіч, Васіль Пляскач, Янка Калбаса, Мікола Нікан, Марыян Каранеўскі, д-р Язэп Малецкі, Уладзімер Шыманец ды іншыя. Усім ім на гэтым месцы шчыра дзякую. Дзякую таксама ўсім нашым кальпартэрам у розных беларускіх асяродках, бязь якіх нашая газэта не магла-б патрапіць да сваіх чытачоў. Спасярод іх асаблівая падзяка належыцца Андрэю Стрэчаню, Міколу Жызьнеўскаму, інж. Янку Бруцкаму, Янку Азарку, Швэду, Браніславу Даніловічу, Міколу Прускаму, Янку Калбасу, а. Янку Абабурку, Аляксандру Лашуку, Уладзімеру Шыманцу, Аляксандру Маляўку, Мікалаю Нікану, Марыяну Каранеўскаму, а асабліва Антону Маркевічу, які пасьля адмовы ЗБК ад ранейшага супрацоўніцтва з намі ахвотна пераняў на сябе кальпатраваньне газэты на ўсю Канаду.

У мэтах лучнасьці Рэдакцыі з нашымі асяродкамі ў ЗША, а таксама ў мэтах папулярызацыі газэты й прыдбаньня матарыяльнае дапамогі мною як старшынём Рэдакцыйнае Калегіі былі зробленыя наступныя падарожжы: у лістападзе 1967 г. у Кліўленд, Чыкага й Нью Брансьвік ды выступленьне ў Нью Ерку, дзе апрача гутарак у справе газэты былі прачытаныя мною даклады на 85-я ўгодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У лютым сёлета я зрабіў гэткія-ж выезды ў Кліўленд, Чыкага й Нью Брансьвік, дзе апрача нарадаў у справе газэты я прачытаў даклады з нагоды 50х угодкаў абвешчаньня БССР. Апрача таго, будучы праездам у Чыкага й Кліўлендзе ў пачатку травеня сёлета, я выкарыстаў гэтую нагоду дзеля шырэйшых гутарак у справе газэты.

Як ведама, "Беларус" выдаецца вылучна за грошы, прыдбаныя з падпіскі, большых і меншых ахвяраў грамадзтва й датацыяў нашых арганізацыяў. Няма проста тэхнічнае змогі, каб усім нашым ахвярадаўцам падзякаваць тут асабіста, а затым усім ім агульнае шчырае дзякуй. Аднак усё-ж нельга не назваць пары чалавек, якія ўвесь час асабліва выдатна памагаюць газэце большымі сумамі. Гэта наш паважаны доктар Уладзімер Набагез і сужэнства Ванда й Міхась Махначы ў Чыкага. Вялікае, вялікае ім дзякуй!

Роля "Беларуса", сёньня адзінай нашай газэты ў Вольным сьвеце, і ў нашым нутраным жыцьці, і ў нашай рэпрэзэнтацыі навонкі, і ў змаганьні з бальшавізмам гэткая вялікая, што мусім натужыць усе сілы, каб ня толькі ўтрымаць яе, але й каб яшчэ пашырыць і павялічыць.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Ваш камэнтар
Імя 
Места 
Пошта 
Камэнтар 
Антыспам *  
* Увядзіце тэкст, які бачыце на малюнку справа. Гэта патрэбна нам для абароны ад аўтаматычных рэклямных паведамленьняў.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2009. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1, падтрымка сайта — mikhed.ru
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы