Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
УШАНАВАНЬНЕ ЗАСЛУЖАНЫХ

Я.З.

Амэрыканская Рада Славянскай Спадчыны ў Нью-Ёрку гуртуе ў сабе каля дзесятка нацыянальнасьцяў. Беларускую групу ў ёй прадстаўляе др. Алла Орса-Романо. У нядзелю 26-га кастрычніка Рада ўшанавала заслужаных грамадзкіх дзеячоў, па дзьве асобы ад кожнае этнічнае групы: беларускае, баўгарскае, лужыцкае, польскае, расейскае, сэрбскае, славацкае, славэнскае ды ўкраінскае. З гэтай нагоды адбыўся ў Мангатэне ўрачысты цырыманіял уручэньня ўзнагародаў. Даваліся яны ў форме ганаровых граматаў. Ад беларускае групы ўзнагароды атрымалі сп. сп. Алекс Сільвановіч і Віктар Дубяга. Сп. сп. Сільвановіч і Дубяга - шматгадовыя дзеячы на рэлігійна-грамадзкай ніве. Сп. Сільвановіч, апрача гэтага, ачольвае Кааліцыю Абароны Дэмакратыі й Правоў Чалавека ў Беларусі, шмат спрычыніўся да гуманітарнай дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Была падкрэсьленая вялікая роля жонак, спадарыняў Алы Дубягі й Ніны Сільвановіч, у працы й дасягненьнях, за якія атрымалі ўзнагароды іхныя мужы.

Урачыстасьць адбылася ў залі пад касьцёлам Сьв. Станіслава ў Мангатэне на 7-й вуліцы (паміж 2-й і 1-й авэню). Пра кожнага ўганароўванага было коратка сказана, чым асоба заслужаная. Кожнаму была зробленая фатаграфія ў мамэнце ўручэньня граматы. У залі за сталамі сядзелі прадстаўнікі ўсіх этнічных групаў. Чатыры сталы былі занятыя беларусамі, сярод іх былі госьці здалёк: Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і спн. Лёля Міхалюк, Старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі.

Цырымонія ўручэньня граматаў перапынялася канцэртнымі народнымі танцамі, украінскімі й расейскімі. Пасьля адбыўся супольны добра наладжаны абед. Была разыграная лятарэя, прыбытак зь якой прызначаны на далейшую дзейнасьць Амэрыканскай Рады Славянскай Спадчыны.

Шматлікі ўдзел у ўрачыстасьці сяброў беларускай грамады заўдзячваецца ў вялікай меры стараньням беларускае прадстаўнічкі ў Славянскай Радзе др. Аллы Орса-Романо.



З граматамі ў руках сп. сп. А. Сільвановіч (зьлева) і В. Дубяга.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы