ПРЭМІЯ ІМЯ ЯНКІ ЮХНАЎЦАЛітаратурная прэмія імя Янкі Юхнаўца заснаваная ў сакавіку 2004 году з мэтаю ўшанаваньня памяці выбітнага пісьменьніка-эмігранта ды спрыяньня разьвіцьцю літаратуры й прысуджаецца ў дзень нараджэньня пісьменьніка - штогод 3 лістапада.
Літаратурная прэмія імя Янкі Юхнаўца - ёсьць прызнаньнем творчасьці Беларускага майстра слова з боку Беларусаў на чужыне.
Ляўрэатам прэміі можа стаць кожны творца ў мэтраполіі ці дыяспары, чые працы, арыгінальны твор або пераклад, у якой кольвечы форме (рукапіс, электронная публікацыя, кніжка, публікацыя ў прэсе, відэа-інсцэнізацыя, аўдыёзапіс) даступныя для азнаямленьня сябрам Прэміяльнага камітэту.
Прэміяльны камітэт самастойна абірае творы для азнаямленьня, а таксама бярэ да разгляду прысланыя па пошце на адрас:
KRECEUSKI FOUNDATION
166-34 GOTHIC DRIVE
JAMAICA, N.Y. 11432
цi на электронны адрас: Premija@winterbrood.com.
Прэміяльны камітэт ацэньвае працу прэтэндэнта паводле наступных крытэрыяў:
- твор - нацыянальная літаратурная зьява;
- твор - моўная зьява;
- твор - вольная зьява.1
У Прэміяльны камітэт уваходзяць прадстаўнікі ад Беларускіх нацыянальных арганізацыяў замежжа, якія зьяўляюцца фінансавымі гарантамі прэміі. Кожная арганізацыя мае права ўзяць удзел у фінансаваньні й прызначыць аднаго свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў склад Прэміяльнага камітэту. Апрача гэтага, права голасу могуць мець і прыватныя асобы, чые складкі ў фінансаваньні прэміі удвая большыя за складкі арганізацыяў.2
Ляўрэат прэміі таксама мае права на рэдакцыйную і тэхнічную дапамогу з боку Камітэту ў справе выданьня твору.
Ход і прысуджэньне Прэміі абвяшчаецца ў газэце "Беларус" і на "Беларускай Палічцы".
Сталымі сябрамі Прэміяльнага камітэту зьяўляюцца сябры-заснавальнікі Прэміі, якія пры неабходнасьці могуць мяняць умовы Прэміі:
Андранік Антанян, незалежны крытык, Вільня;
Андрусь Жвір, "Беларуская Палічка" - www.knihi.com;
Марат Клакоцкі, газэта "Беларус" - www.bielarus.org;
Сяржук Сокалаў-Воюш, Старшыня Камітэту;
Лявон Юрэвіч, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва.
1 Творы напісаныя наркамаўкаю да разгляду не прыймаюцца. У выпадку цікавасьці Прэміяльнага камітэту да таго ці іншага твору даступнага толькі ў наркамаўцы, сябры камітэту могуць зьвярнуцца да аўтара з просьбаю даслаць ім гэты самы твор у клясычным правапісе, што, аднак, не гарантуе атрыманьня прэміі.
2 Складкі арганізацыяў на 2004 год роўныя 100 далярам ЗША, альбо іхнаму эквіваленту. Стартавы фонд прэміі 500 даляраў ЗША.