Аб’явыВітаю! Мяне завуць Юрый Міхед. Я вэбмайстар газэты «Беларус».
Падтрымкай сайта газэты я бязьзьменна займаюся з канца 2003 году, і пачаў рабіць гэта па ўласнай ініцыятыве. У той час я вучыўся на другім курсе ўнівэрсітэту. Мушу прызнацца, што на працягу ўсяго гэтага часу я сумленна выконваў свой абавязак, своечасова ставіў на сайт новыя нумары, прыдумляў апытаньні, і інакш даглядаў сайт — падчас свайго студэнцтва я меў час гэтым займацца.
Скончыўшы вучобу, я пачаў працаваць. Працы станавілася ўсё больш і больш, а вольнага часу, які бы я мог прысьвяціць газэце, усё менш, і гэта нэгатыўна ўплывала на сайт «Беларуса». З-за недахопу часу, зьявіліся затрымкі з публікацыяй нумароў, часам затрымка складала болей за два месяцы. Паступова я перайшоў на простую публікацыю pdf-файлаў нумароў. Хаця я быў бы рады як і раней займацца сайтам, рабіць гэта ў мяне проста няма магчымасьці.
Мне патрэбны чалавек, які б мог заняцца гэтай працай.
У чым заключаецца праца?
Раз на месяц атрымоўваць артыкулы і карцінкі, канвэртаваць усё у HTML-фармат, і ставіць на сайт.
Што для гэтага трэба?
Веданьне HTML. Някепска таксама валодаць нейкім рэдактарам, лепш за ўсё Дрымвыверам (Adobe Dreamweaver).
Колькі гэта займае?
У залежнасьці ад памеру нумару, колькасьці артыкулаў і ілюстрацыяў, ад 1 да 6 гадзін штомесяц.
Што мне за гэта будзе?
Нажаль, газэта ня можа прапанаваць вам грошы. «Беларус» выходзіць выключна на ахвяраваньні, і ўсе, у тым ліку і я, працуюць на энтузіязьме. Усе грошы, якія зьбіраюцца з падпісчыкаў і ахварядаўцаў, ідуць на друк папяровых нумароў, перасылку іх да адрасатаў, і некаторыя іншыя праекты (напрыклад, альманах «Беларуса»).
Але, праца над сайтам, тым ня менш, можа быць для вас карыснай — яна будзе лічыцца за дабраахвотныя сэрвісы (што цэніцца ў заходніх навучальных установах), і, натуральна, вы можаце паставіць гэта на вашае рэзюмэ.
Калі вы зацікавіліся, калі ласка, пішэце мне на адрас
info(at)mikhed.ru. У тэме, калі ласка, пазначце:
«Bielarus.org webmaster».